Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У наступны панядзелак Эўропа вызначыцца са сваім адказам на пасьлявыбарчую сытуацыю ў Беларусі. 31 студзеня міністры замежных спраў краінаў Эўразьвязу павінны разгледзець прапановы рэзалюцыі, прынятай 20 студзеня на сэсіі Эўрапарлямэнту ў Страсбуры . Ці ўхваляюць самі беларусы тактыку санкцый?

Адзін зь лідэраў трэцяга сэктару Беларусі, мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч, перакананы: адказнасьць за скасаваньне дыктатарскіх рэжымаў кладзецца на грамадзянскую супольнасьць кожнай, асобна ўзятай краіны. Па яго словах, міжнародны досьвед узьдзеяньня на праблемныя рэгіёны ня мае станоўчых прыкладаў пасьпяховага вырашэньня праблемы:

"Санкцыі -- гэта спосаб ціску на краіны ці на нейкія міжнародныя інстытуты з боку дэмакратычнай супольнасьці, прадстаўленай на дзяржаўным узроўні, які ўвайшоў у практыку ў ХХ стагодзьдзі. Раней гэтыя пытаньні вырашаліся хутчэй вайной ці гвалтоўным ціскам. Але, як сьведчыць гісторыя мінулага стагодзьдзя, санкцыі ўвесьці вельмі цяжка. Для гэтага патрэбны дазвол міжнароднай супольнасьці ў выглядзе такіх інстытуцыяў як ААН, і ніколі яшчэ гэтая самая ўплывовая і самая вялікая міжнародная супольнасьць не давала дазволу на шырокія санкцыі супраць дыктатарскіх рэжымаў, бо нават у вышэйшы орган ААН -- Раду бясьпекі – уваходзяць такія краіны як Расея ці Кітай, якія заўсёды накладалі вета на такога кшталту рашэньні. Дый іншыя краіны Афрыкі, Паўднёвай Амэрыкі, якія не падтрымліваюць такія санкцыі.

Таму на працягу ХХ стагодзьдзя санкцыі былі заўсёды частковымі. Можна згадаць толькі некалькі выпадкаў шырокіх санкцыяў. Як прыклад – блякаду Кубы Злучанымі Штатамі і іншымі дэмакратычнымі краінамі. І што паказвае практыка ўвядзеньня такіх частковых санкцыяў? Ніколі яны не прыводзілі да зьмены рэжымаў. Яны, хутчэй, мелі гэткую выхаваўчую ролю і найбольш балюча санкцыі б'юць менавіта па насельніцтву, па людзях, якія ня маюць дачыненьня да злачынстваў тых рэжымаў, супраць якіх уводзяць санкцыі".

Актыўна абмяркоўваецца спроба ўплыву на рэжым Аляксандра Лукашэнкі празь любімы ім від спорту -- хакей. Агучаная ініцыятыва пераносу хакейнага чэмпіянату сьвету-2014 зь Менску ў іншае месца. Спартовы аналітык, былы вядучы спартовых праграмаў на Беларускім тэлебачаньні Ўладзімер Даўжэнка, перакананы ў эфэктыўнасьці такога кроку. Але не выключае, што гэта выкліча актыўны супраціў з боку рознага кшталту спартовых лабістаў:

"Паказальны сам па сабе ўжо той факт, што беларуская тэма загучала на такім узроўні. Аднак стопрацэнтнай упэўненасьці, што такія санкцыі пройдуць – я маю на ўвазе чыста спартовы складнік – канечне, няма. Міжнародная супольнасьць намагаецца націснуць на ўсе клявішы і атрымліваецца гэта збольшага сынхронна, бо толькі тры краіны ў Эўропе адмаўляюцца байкатаваць беларускі рэжым – Грэцыя, Партугалія і Славенія. Дарэчы, апроч Славеніі, у грэкаў і партугальцаў хакею няма ўвогуле -- гэта так, ускосна да нашай тэмы…

Але ўвогуле рычагі шукаць неабходна, бо насамрэч проста страшна, што адбываецца. Ніякай гарантыі на заўтрашні дзень ніхто ўжо ня мае. Ці будзе плён? Пры магутнасьці спартовага лобі на ўсіх узроўнях прагназаваць нешта цяжка. Сьвежыя ў памяці справы адхіленьня дэлегатаў ФІФА за шматмільённыя хабары, за продаж галасоў у правядзеньні футбольных чэмпіянатаў сьвету і г.д. У іх свая мафія, яна вельмі магутная. У нашым выпадку, думаю, усе тыя ўдзельнікі прэзыдэнцкага хакейнага каляднага турніру пачнуць абурацца, гэтыя 70-гадовыя дзядулькі за пэўную мзду будуць выступаць "катэгарычна супраць". Канечне, такую кармушку ўскосна ад іх забраць. Але ў прынцыпе думаю, нават спартоўцы такую неабходнасьць зразумеюць…".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG