Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ала Саньнікава: "Слабасьць ўлады гэтак распраўляцца з народам"


Больш за месяц у турмах Беларусі правялі асноўныя фігуранты справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня. Што новага пра іх знаходжаньне за кратамі і як ідзе сьледзтва.

Кожную раніцу Люцына Халіп падымаецца раней за 7 гадзінаў – болей спаць не удаецца, бо прасыпаецца ўнук Данік, трохгадовы сын дачкі Ірыны і экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, якіх трымаюць ў турме КДБ.

"Паехалі ў далёкую вандроўку", -- зноў тлумачыць Данікава бабуля адсутнасьць бацькоў.

"Я яму кажу, што паехалі далёка. Пытаецца, а чаму яго не ўзялі? Кажу, добра, што не ўзялі. Што тут казаць – гэта ж яшчэ такое малое дзіця, яму што скажаш, ён і паверыць. Верыць, што там тэлефон сапсаваўся. Потым кажа: яны, пэўна, для мяне падарункі нейкія шукаюць, цэлую краму прывязуць!"

Ад Ірыны Халіп, як і ад некаторых іншых вязьняў турмы КДБ "амэрыканка" на гэтым тыдні прыйшоў сваякам ліст. "Не турбуйцеся, я не ў палоне. Я проста здабываю новы досьвед", -- напісала журналістка бацькам.

Аптымістычны тон ліста Люцыну і Уладзімера Халіпаў парадаваў і засмуціў адначасова, бо на большасьць пытаньняў адказаў у ім няма. На гэта бацькі журналісткі кажуць, што разумеюць, у якіх абставінах пісаўся ліст.

19 студзеня, дакладна праз месяц пасьля брутальнага разгону мітынгу на плошчы Незалежнасьці туды прыйшлі людзі са сьвечкамі – на знак салідарнасьці з пацярпелымі пры разгоне і арыштаванымі. Усяго некалькі дзесяткаў чалавек. Сярод тых, хто стаяў каля Чырвонага касьцёла была і Ала Саньнікава, маці лідэра "Эўрапейскай Беларусі" Андрэя Саньнікава. Ала Ўладзіміраўна згадала 19 сьнежня, як назірала з балькону за людзьмі, што ішлі па праспэкце.
Гэта не сіла ўлады, а яе слабасьць, так распраўляцца са сваім народам...

"Такой колькасьці людзей я не бачыла, як тады вышлі ў нас. Я нават парадавалася. Думаю, Божа, як вольна, ніхто не разганяе, народ ідзе. Усіх узростаў людзі ішлі. Мяркую, усё ж такі нешта ўлада думае, пра тое, каб наша краіна была больш дэмакратычнай. А тут раптам... самога разгону я не бачыла, бо была тады з унукам. Але вось даведваюся, што тут ужо ўсё зьмянілася. Мяркую, усе скажуць, што гэта правакацыя. Вось толькі каму яна патрэбна? Зацягнулі людзей у пастку, справакавалі. Тут і сына майго зьбілі, вельмі жорстка зьбілі. Гэта такая жорсткасьць неверагодная. Гэта не сіла ўлады, а яе слабасьць, так распраўляцца са сваім народам".

Некалькі простых людзей і сваякоў вязьняў таксама выйшлі са сьвечкамі да будынку КДБ. Сярод іх была Дар'я Корсак, жонка Алеся Атрошчанкава, які падчас выбараў быў прэсавым сакратаром у штабе Андрэя Саньнікава. 21 студзеня яна атрымала ліст ад Алеся. Праўда, Дар'я Корсак мяркуе, што муж пісаў ліст пад кантролем сьледчага.

Дар'я Корсак
"Мне падаецца, што калі чалавек піша ліст з турмы, ён ня будзе пачынаць яго са слоў "буду кароткім"... Дзіўна. З 29 сьнежня майго мужа адвакат ня бачыў, невядома, што зь ім, і такі пачатак. Мяркую, гэта пісалася ў прысутнасьці сьледчага ці разам зь ім. Піша, што зь ім усё добра, але я вельмі ў гэтым сумняваюся".

19 студзеня было затрымана болей за 20 удзельнікаў акцый салідарнасьці ля муроў КДБ і на плошчы Незалежнасьці. Двух чалавек пакаралі штрафамі, а Валера Сядова 12 суткамі адміністрацыйнага арышту. Пасьля акцыі супрацоўнікі міліцыі спынілі і Дар'ю Корсак, але да затрыманьня не дайшло, дзякуючы прысутным журналістам, мяркуе жонка палітвязьня.

"Я вельмі ўдзячна журналістам, бо калі б іх не было, мне б , па-першае, не ўдалося б пастаяць з партрэтам майго мужа, а па другое, мне проста не ўдалося б адтуль сысьці. І таму яшчэ раз кажу, што я ўсім вельмі ўдзячна".

На акцыі ля КДБ быў і Уладзімер Палажанка – ягоная дачка, актывістка "Маладога фронту" Наста Палажанка таксама знаходзіцца ў турме КДБ. Уладзімер Палажанка патлумачыў, што падчас акцыі ня меў партрэтаў вязьняў, бо яшчэ да пачатку акцыі міліцыянты затрымалі маладзёвых актывістаў, якія несьлі партрэты. Пра дачку у таты зьвесткі толькі старыя.

"Сёньня не магу нічога сказаць новага. Толькі тое, што на гэтым тыдні ніякія сьледчыя дзеяньні з яе удзелам не праходзілі і таму адваката не выклікалі. Адвакат двойчы прыходзіла, чакала сваёй чаргі ў бюро пропускаў, каб сустрэцца, але усе спробы былі марнымі".

Гэта ж тычыцца і большасьць арыштаваных КДБ па справе 19 сьнежня, уключна з экс-кандыдатамі ў прэзыдэнты Ўладзімерам Някляевым, Андрэем Саньнікавым, Мікалаем Статкевічам і Алесем Міхалевічам. 21 студзеня абаронца Някляева Тамара Сідарэнка адбыла ў чарзе палову дня, на сустрэчу не патрапіла і казала, што нікога з адвакатаў не пускалі.

"Яшчэ пайду пасьля абеду, паспрабую. Але нікога зь іншых адвакатаў таксама не пусьцілі".

Жонку Ўладзімера Някляева Вольгу турбуе не толькі адсутнасьць лістоў, але і тое, што адбываецца з яе перадачамі мужу.

Вольга Някляева
"Прымаць яны прымаюць, але я зразумела, што яны не ўсё перадаюць. З гэтым буду разьбірацца. Мяркую, палова не даходзіць таго, што яму перадавалі. Гэта і ежа, і рэчы. А каб дазнацца, трэба сустрэцца, хаця б з адвакатам. Каб ён сказаў, што ён атрымаў, а што не. Бо лісты мае да яго таксама не даходзяць".

Як пачувае сябе былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч, пра якога вядома, што ён адразу пасьля арышту абвясьціў галадоўку? Падчас абмеркаваньня беларускага пытаньня ў Эўрапарлямэнце адзін з дэпутатаў адмыслова падкрэсьліваў, што зусім невядомы далейшы лёс кандыдата Статкевіча. Жонка палітыка Марына Адамовіч таксама бяз пэўных зьвестак адносна галадоўкі, бо адвакат з Мікалаем Статкевічам бачыўся апошні раз ажно 29 сьнежня, калі выстаўлялі абвінавачаньне.

"Вось толькі паштоўка бацьку была і ўсё. Бацька, праўда, плакаў..."

"Прабач, што не магу разам з табой адзначыць твой дзень нараджэньня" – гэта цытата з віншаваньня, якое атрымаў на дзень народзінаў ад Міколы Статкевіча ягоны бацька ў Баранавічах.

Са зьвестак, якія ўсё ж даходзяць ад вязьняў КДБ, вядома, што Ірына Халіп знаходзілася ў адной камэры з Настай Палажанкай, а Аляксандр Фядута даслаў ня толькі паведамленьне, што зараз мае сапраўдны ложак, але і жартоўную карыкатуру. Марына, жонка Аляксандра Фядуты, распавяла пра зьмест ліста ад мужа.
папрасіў вялікіх капэртаў і паперы, бо пачаў пісаць успаміны пра маці ...

"Пытаецца, ці пусьцяць яго у дом пагрэцца праз 5 гадоў. Такі "чорны гумар". Яшчэ папрасіў вялікіх капэртаў і паперы, бо пачаў пісаць успаміны пра маці, хоча, каб ў альманаху надрукавалі. Маці ў яго шмат зьведала ў жыцьці, была двойчы вывезеная ў Нямеччыну. Магчыма, і ў падобную установу прыходзіла, толькі ў Гародні. Потым там асабістае...Вось такі ліст".

Яшчэ цытаты з лістоў. Анатоль Лябедзька напісаў дамоў: "Усе дні як ксэракопіі. Плюс- мінус".

Натальля Радзіна піша маці: "Здароўе – нармальнае, ежа таксама".

Сваякі, аднак, адзначаюць, што усе лісты, якія дайшлі, напісаныя да 12 студзеня і таму ў іх нічога няма пра апошнія падзеі зь вязьнямі. Прыкладам, ужо пасьля атрыманьня ліста Надзея Радзіна даведалася, што дачка у турме захварэла на бранхіт, у яе моцны кашаль. "Лекі у мяне прынялі, але як яна пачуваецца, ня ведаю, бо адваката не пускаюць", -- паведаміла Надзея Радзіна "Свабодзе".

Ёсьць сярод вязьняў "амэрыканкі" і тыя, хто дагэтуль чамусьці не дастаў сваякам ніводнага ліста. Гэта Аляксандр Арыстовіч, давераная асоба Статкевіча, Сяргей Марцалеў, кіраўнік выбарчага штабу Статкевіча, Зьміцер Бандарэнка, давераная асоба Саньнікава і Сяргей Вазьняк, давераная асоба Някляева. Сваячніца Вазьняка Ніна Пахлопка са спасылкай на адваката, распавяла, што ў камэры Сяргей, каб не губляць фізычную форму, займаецца спортам.

"Яны падымаюць шмат разоў гэтыя бутлі з вадой, што ім перадаюць. Зь ім у камэры былы баксёр і яны зь ім вось гэтак займацца, цягаюць цяжкасьці".

Чаму ад Сяргея няма лістоў, спадарыня Пахлопка ня ведае.

Вольга Бандарэнка, якая ў такім жа становішчы, мяркуе, што адсутнасьцю лістоў помсьцяць за пазыцыю адносна сьледзтва. Вольга перакананая, што яе муж, Зьміцер Бандарэнка, не прызнае сябе вінаватым. Між тым ад падсьледных, мяркуючы па нядаўніх словах Аляксандра Лукашэнкі, чакаюць, што яны "ня будуць сядзець як мышы пад венікам, а ўсё раскажуць". Вось як пракамэнтаваў гэтыя словы Аляксандра Лукашэнкі бацька Ірыны Халіп пісьменьнік Уладзімер Халіп:

Уладзімер Халіп
"Гэта заява дробнага садыста і калгаснага дэмагога: ён цудоўна ведае, што на гэтых выбарах ён з трэскам прайграў, яму нічога не сьвяціла. Ён дапусьціў найвялікшую памылку ў сваім жыцьці, дазволіўшы нейкую дробную лібэралізацыю, у выніку якой хацеў хітрыкам дайсьці да ўлады і сесьці адразу на два крэслы: тут і на легітымнае крэсла ў Эўропе. Але гэты выкрунтас не прайшоў, і зараз ён хоча зрабіць выгляд, што ўсё прайшло цудоўненька, каб і апазыцыя гэта прызнала. І гэтак зараз ён паказвае: глядзіце, я магу ўсё дараваць — толькі пакайцеся".

"Ня толькі ў сьледчых органаў, але і ў краіны ў цэлым ёсьць шэраг пытаньняў, на якія мы чакаем ад іх адказу",-- сказаў кіраўнік краіны на адрас вязьняў КДБ. Вось як пракамэнтавла заяву Аляксандра Лукашэнкі Мілана Міхалевіч, жонка Алеся Міхалевіча:

Мілана Міхалевіч
"Наколькі я разумею, допыты праводзяцца ў прысутнасьці адваката. Той факт, што адвакатаў не пускаюць у будынак СІЗА, азначае, што далейшых сьледчых дзеяньняў, гэта значыць допытаў, увесь гэты тыдзень не праводзілася. Таму як можна казаць, што чалавек не адказвае на пытаньні, калі гэтыя пытаньні сьледчы яму не задае? Гэта паўтарэньне таго, што было некалькі тыдняў таму, калі Аляксандар Рыгоравіч ужо намякаў, што калі нехта папросіць, каб яго адпусьцілі, то чалавека адпусьцяць".

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што "Хочуць быць у сьледчым ізалятары — няхай сядзяць. Хочуць быць са сваімі сем'ямі — гэта таксама ад іх залежыць". Шантажаваньнем вязьняў сем'ямі лічыць такія словы Лукашэнкі Вольга Някляева.

"Ня толькі фізычныя катаваньні, калі людзі хворыя там знаходзяцца, дык яшчэ і псыхалягічныя. Вось гэтыя словы — "калі хочаце быць зь сем'ямі" — якраз пра гэта і сьведчаць: значыць, іх шантажуюць сем'ямі. І ня варта яму казаць, што народ патрабуе — народ яго не падтрымліваў і не падтрымлівае. Ён проста хоча апраўдацца перад Захадам, каб зьняволеныя самі на сябе напісалі даносы, самі сябе абгаварылі. Бо ён усё гэта нарабіў, яму трэба апраўдацца, і ён шукае крайніх".

Нагадаю, у чацьвер, 20 студзеня Эўрапарлямэнт прыняў жорсткую рэзалюцыю адносна сытуацыі ў Беларусі, у якой выказаўся за увядзеньне дадатковых санкцый і запатрабаваў правядзеньня новых сумленных выбараў. Канчаткова пытаньні аб санкцыях будуць вырашацца 31 студзеня на паседжаньні міністраў замежных спраў краінаў Эўразьвязу.

Увечары 21 студзеня ў Менску на Кастрычніцкай плошчы, праз некалькі гадзінаў пасьля інагурацыі Аляксандра Лукашэнкі адбылася акцыя пратэсту і салідарнасьці. Каб спыніць акцыю, міліцыя затрымала 8 чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG