Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як расейскія мэдыі распавялі пра інаўгурацыю Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Расейскія мэдыі адзначылі адстунасьць кіраўнікоў дыпмісій краінаў Эўразьвязу і ЗША на інаўгурацыі прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Рэпартажы расейскіх тэлеканалаў не пабачылі беларускія гледачы.

Расейскія тэлеканалы адзначылі, што на інаўгурацыю Аляксандар Лукашэнка прыбыў разам са сваім шасьцігадовым сынам Мікалаем.

У палацы рэспублікі дываны вычысьцілі да бляску, як і цэнтральныя вуліцы горада — усе яны былі перакрытыя для праезду картэжу. Аднак НТВ сумняецца, ці насамрэч гэта была прамая трансьляцыя.

"Адкуль, напрыклад, зьняты гэты плян з-пад калёс матацыкла?На іншых жа кадрах ніводнай камэры на такой блізкай адлегласьці няма".



Тэлеканал "Россия" паказаў у кулюарах старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну і адзначыў, што з-за падазрэньняў у фальшаваньні выбараў ёй ужо 6 гадоў забаронены ўезд у Эўропу. А пасьля нядаўняга галасаваньня яна праславілася сваёй парадай апазыцыянэркам сядзець дома, варыць боршч, а не шастаць па плошчах.

"Яна і дае старт цырымоніі інаўгурацыі. Сваёй радасьці ад перамогі менавіта гэтага кандыдата яна не хавае. "Я пашыла гэты касьцюм і зрабіла макіяж – гэта вельмі многа для жанчыны", - кажа Ярмошына.

Паводле тэлеканалаў, інаўгурацыя адбылася з "асаблівай урачыстасьцю". Але "размах сьвята азмрочыў дэмарш паслоў краін ЭЗ і ЗША", які называюць сур'ёзным. Захад назваў прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі "нячэснымі". Эўрапарлямэнт прыняў "беспрэцэдэнтна жорсткую" рэзалюцыю і пагражае санкцыямі, заклікае да правядзеньня новых выбараў.



Тэлеканалы таксама адзначылі, што Лукашэнка прынёс прысягу "прыкметна ахрыплым голасам". НТВ назваў прамову Лукашэнкі "троннай". Першы тэлеканал паказаў фрагмэнты мітынгу 19 сьнежня ў Менску:

"Ёсьць адно істотнае адрозьненьне цяперашняй цырымоніі ад папярэдняй. Яно палягае ў тым, што нават выказаныя з ўрачыстай нагоды звыклыя словы ўспрымаліся многімі ў Беларусі інакш, ня так як раней. Напрыклад, фраза аб неабходнасьці кансалідацыі беларускага грамадзтва рэзала слых тым, чые сваякі цяпер знаходзяцца пад сьледзтвам, у зьняволеньні. Многія з палітычных праціўнікаў Лукашэнкі ўжо больш за месяц правялі ў турме за ўдзел у мітынгу 19 сьнежня".

Канал цытуе Аляксандра Казуліна, які кажа, што Лукашэнка становіцца "ярка выражаным ізгоем у палітычным сьвеце і цывілізаванай супольнасьці".

"Ледзь не самы вядомы цяпер у краіне хлопчык, калі не лічыць сына Лукашэнкі Мікалая, які браў сёньня ўдзел у інаўгурацыі, гэта трохгадовы Данііл Саньнікаў. Яго бацька, які прэтэндаваў на пост прэзыдэнта і яго маці, журналістка, знаходзяцца ў турме".



Паводле каналу "Россия", з тым, што Лукашэнка абараняе правы і свабоды грамадзянаў, "у Беларусі і вакол яе згодныя далёка ня ўсе". А
з-за санкцый беларускую эканоміку чакаюць чарговыя выпрабаваньні.

"Да моманту заканчэньня гэтага тэрміну прэзыдэнт Лукашэнка будзе кіраваць краінай агулам 21 год. Задачы на гэту пяцігодку застаюцца ранейшымі. Рэспубліка павінна стаць моцнай і квітнеючай. Але як яе выканаць з улікам таго, што дачыненьні з буйнейшымі краінамі сьвету альбо вельмі дрэнныя, альбо ня вельмі добрыя, – на гэтых транспарантах, канечне, ня пішуць".

Вядомае расейскае агенцтва РИА "Новости" падае камэнтар Дзьмітрыя Бабіча, у якім гаворыцца, што ў Беларусі прыніжэньне годнасьці доўга працягвацца ня будзе.

"Калі памятаеце, Леанід Ільліч Брэжнеў знаходзіўся ў нас ва ўладзе 18 гадоў. У выніку, калі ён памёр у свае 76, многія не маглі ў гэта паверыць. Здавалася ён будзе кіраваць вечна. Лукашэнка кіруе 16 гадоў. Цяперашні тэрмін дае яму магчымасьць абагнаць Леаніда Ільліча. Але знос прэзыдэнцкага матэрыялу ў Беларусі ўжо адчувальны. Пазносіўся прапанаваны Лукашэнкам Беларусі лад жыцьця. Ён ня толькі цяжкі, але яшчэ і прыніжальны".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG