Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беразоўскі: супрацоўнікі беларускіх спэцслужбаў працуюць на Расею


Барыс Беразоўскі

Барыс Беразоўскі

Падзеі 19—20 сьнежня ў Менску былі спэцапэрацыяй расейскіх спэцслужбаў, а супрацоўнікі беларускіх спэцслужбаў працуюць на Расею.

Пра гэта ў інтэрвію ўкраінскай газэце "Сегодня" заявіў апальны расейскі бізнэсмэн Барыс Беразоўскі.

Ён адзначыў, тое, што адбылося ў Беларусі, "выгадна Расеі і катэгарычна не выгадна ні Беларусі, ні Захаду".

"Расея атрымала неабмежаваны ўплыў у гэтай краіне і па сутнасьці, загнала беларускія ўлады ў кут. Лукашэнка тры гады вельмі пасьлядоўна рухаўся ў бок дэмакратычных пераўтварэньняў", — адзначыў бізнэсмэн.

"Але ў ноч пасьля выбараў было перакрэслена ўсё, што рабілася тры гады. І я лічу, што гэта, безумоўна, пасьпяховая апэрацыя расейскіх спэцслужбаў, якія, выкарыстоўваючы сваю пятую калёну ў Беларусі, змаглі перавярнуць сытуацыю".

На яго думку, "ніякай спробы захопу дома ўрада не было".

"Галоўнае, што трэба было зрабіць, — гэта выставіць ахову для кандыдатаў у прэзыдэнты, якія прыйшлі на гэты мітынг. Спэцслужбы Лукашэнкі павінны былі іх ахоўваць, а не біць па галаве. Гэта і была б перамога Лукашэнкі", — сказаў расейскі алігарх.

Беразоўскі не сумняваецца ў тым, што Аляксандра Лукашэнку "падставіла бліжэйшае атачэньне".

"Я нават больш-менш уяўляю, хто гэта рабіў — яго ўласныя спэцслужбы, якія давалі яму падманную інфармацыю пра падзеі, што адбываліся на плошчы 19 сьнежня. І гэтыя супрацоўнікі — безумоўна, супрацоўнікі адначасова расейскіх спэцслужбаў. І ў першую чаргу, размова ідзе пра старшыню КДБ Беларусі", — заявіў бізнэсмэн.

Атрымаць камэнтарый у КДБ Беларусі на гэты конт БелаПАН пакуль не ўдалося.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG