Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле адмыслоўцаў, сярод найбольш распаўсюджаных "турэмных захворваньняў" — хваробы скуры, або дэрматалягічныя. Як вядома, скура — самы вялікі орган чалавечага цела, і ён жа — самы даступны для вонкавых інфэкцыяў і вірусаў.

Пасьля падзеяў 19—20 сьнежня шмат хто трапіў у сьледчыя ізалятары з гнойнымі ранамі і інфэкцыйнымі паразамі скуры і мяккіх тканак. Пры адсутнасьці мазяў, нячастых перавязках множныя ачагі паразы нярэдка прыводзяць да таго, што хвароба працякае схавана і паступова набывае ўскладненую і нават цяжкую форму. Вязень, у якога зьявіліся адпаведныя праблемы, раяць адмыслоўцы, павінен настойваць, каб яго агледзеў лекар. Бо хваробы скуры бываюць ня толькі заразнымі, але і сьмяротнымі.

"Мяне з маёй вятранкай разоў 14 пераводзілі па розных камэрах"

Адзін з удзельнікаў форуму праграмы "Здароўе", моладзевы актывіст Зьміцер распавёў нам, як падчас утрыманьня ў менскім ізалятары на Акрэсьціна захварэў на вятранку, або ветраную воспу — вострае віруснае захворваньне, якое перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Звычайна вятранка лічыцца дзіцячым захворваньнем. Дарослыя ж пераносяць яе цяжэй, чым дзеці. У іх даўжэй трымаецца і агульны ліхаманкавы стан, і папулавэзыкулёзны сып на целе і на твары. Каб у далейшым на месцы сыпу не зьявілася атрафічных рубцоў, яго ні ў якім разе нельга расчэсваць, а кожную больку трэба змазваць зялёнкай. Каб зараза не распаўсюджвалася, такога хворага трэба ізаляваць ад іншых.

У выпадку са Зьмітром ніякія санітарна-гігіенічныя нормы не выконваліся. Яго ня толькі не ізалявалі, а наадварот, як ён піша, "яшчэ 14 разоў пераводзілі па розных камэрах, хаця хвароба перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Відаць, выкарыстоўвалі ў выглядзе бактэрыялягічнай зброі масавага паражэньня", мяркуе малады чалавек.

Як лічыць кандыдат мэдычных навук і адмысловец у галіне імуналёгіі Аляксей, хворыя зь нялечанымі дэрматалягічнымі захворваньнямі — бясспрэчны доказ нядбайнасьці турэмных мэдыкаў. Бо параза скуры сыгналізуе пра вялікія праблемы з імунітэтам, пра неатрыманьне своечасовай мэдычнай дапамогі і пра жудасную антысанітарыю ў месцах пазбаўленьня волі.

Аляксей: "Праз скуру выдзяляюцца самыя розныя рэчывы. Калі чалавек ня мыецца, калі няма гігіены, пачынаецца цяжкі фурункулёз. Гэта прыкмета моцнага ўдару па імунітэце з боку розных вірусаў ды запаленчых інфэкцыяў. Стан скуры — гэта паказчык працы шмат якіх унутраных органаў".

Нярэдка ў турме лекарамі становяцца самі вязьні

Як лекару Аляксею даводзіцца кансультаваць самых розных пацыентаў, у тым ліку і тых, хто адбываў пакараньне ў няволі. Кандыдат мэдычных навук лічыць, што досьвед гэтых людзей, якія імкнуцца дапамагчы сабе мінімальнымі падручнымі сродкамі, заслугоўвае павагі, і такія парады варта было б выдаць асобнай кнігай.

Вось, напрыклад, расповед аднаго вязьня-эканаміста, які лекаваў сябе і сваіх сукамэрнікаў ад розных гнайнікоў, нарываў, фурункулаў. На волі ў гэтых мэтах выкарыстоўваюць сродкі накшталт мазі Вішнеўскага. У зьняволеньні альтэрнатыва ёй — канцэнтраваны раствор цукру, солі ці соды, які можа выцягваць гнойную вадкасьць. Растворам багата змочваецца бінт, марля або звычайная баваўняная тканіна. Усё гэта накладаецца на гнайнік і фіксуецца павязкай. Мяняць павязку трэба 2—3 разы на дзень. З гэтай жа мэтай можна выкарыстаць печаную цыбуліну, старанна перажаваны мякіш чорнага хлеба, густа разьведзенае вадой карычневае гаспадарчае мыла, у якім шмат соды. Гэтыя рэчывы проста накладаюцца на гнайнік і фіксуюцца. Асабліва добра такія сродкі працуюць з складанымі фурункуламі, панарыцыямі (нарывы ў раёне пазногця, калі гной застаецца ўсярэдзіне).

Адно з найчасьцейшых захворваньняў у сучаснай беларускай вязьніцы — кароста

Паводле лекараў-дэрматолягаў, адно з найчасьцейшых захворваньняў, зь якімі зьвяртаюцца да іх людзі, што адседзелі ў турме ці прайшлі службу ў войску — гэта кароста. Хвароба вызначаецца моцным сьвербам, асабліва ўночы. Прычына каросты — клешч, якія пранікае ў верхнія пласты скурнага покрыва чалавека і адкладае там яйкі. Кароста перадаецца праз дотык, агульны ручнік, пасьцель. Часта — празь бялізну, якую мыюць у агульнай турэмнай пральні. Таму нярэдка зьняволеныя, нягледзячы на ўсе нязручнасьці, імкнуцца мыць сваю бялізну самі. Нічым, акрамя спэцыяльных мазяў, хвароба ня лечыцца. А таму пры зьяўленьні яе сымптомаў (сьверб ці характэрныя кропкі на руках, жываце, геніталіях) вязень тэрмінова мусіць зьвяртацца ў санчастку і настойваць на адмысловых мазях. Хворых на каросту трэба ізаляваць. У якасьці ўскладненьня магчымая стрэптадэрмія. І тут ужо патрэбныя антыбіётыкі і антысэптыкі.

Што да прафіляктыкі, то лекар-дэрматоляг Аляксей галоўным лічыць псыхалягічны стан: "не здавацца", "жыцьцё яшчэ ня скончылася". Харчаваньне, санітарны стан, гігіена — на другім месцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG