Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскіх адвакатаў «трасе» Мін’юст


Міністэрства юстыцыі праводзіць праверку кансультацый Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў. Назіральнікі не выключаюць, што праверка зьвязана з паводзінамі адвакатаў, якія абараняюць арыштаваных у справе 19 сьнежня.

У некаторых раённых кансультацыях адвакатаў праверку называюць тэхнічнай. Так гэта ці не? У Менскай калегіі адвакатаў прычыны праверкі не камэнтуюць.

Назіральнікі згадваюць, што нядаўна Мін’юст наракаў на адвакатаў, якія абараняюць фігурантаў справы пра падзеі 19 сьнежня. Маўляў, адвакаты ня мусяць у сваіх камэнтарах раскрываць матэрыялы справы.

Павал Сапелка
Адносна менскага адваката Паўла Сапелкі міністэрства нават прапанавала прыняць захады дысцыплінарнага характару. Аднак прэзыдыюм Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў ня стаў выключаць Сапелку са свайго складу, а таксама не прыняў ніякіх карных мераў супраць іншых абаронцаў. І тады да адвакатаў прыйшлі правяраючыя зь Мін’юсту. Павал Сапелка ўсё ж мяркуе, што адно з другім не зьвязана.

«Гэта ніяк не зьвязана з маім пытаньнем. Пакуль. Ва ўсялякім разе мне пакуль так падаецца».

Адвакат Павал Сапелка абараняе былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. Пасьля марных спробаў сустрэцца са сваім падаабаронным ў ізалятары КДБ Павал Сапелка напісаў некалькі скаргаў і публічна запатрабаваў ад сьледзтва забясьпечыць яму выкананьне ягоных правоў на абарону. Гэтага ж дамагаецца адвакат Тамара Сідарэнка, якая з канца мінулага году ня можа трапіць на сустрэчу са сваім падабаронным Уладзімерам Някляевым і напісала ўжо некалькі скаргаў:

Тамара Сідарэнка
«Ніякіх пакуль захадаў не прымаюць. Толькі вось Мін’юст не пасьпявае пісаць на нас паперы, што мы, маўляў, ня тое кажам. А вось каб забясьпечыць выкананьне нашых правоў…»

Адносна праверкі Мін’юсту Тамара Сідарэнка кажа: «Канечне, яны ў любы момант маюць права правяраць адвакатаў, а з чым гэта зьвязана, нам ня кажуць».

На мінулым тыдні Беларускі Хэльсынскі камітэт накіраваў дакумэнты ў ААН пра ціск на адвакатаў, якія абараняюць фігурантаў справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня. Празь нейкі час Мін’юст вынес БХК папярэджаньне.

Гары Паганяйла
Былы адвакат, вядомы праваабаронца з БХК Гары Паганяйла, мяркуе, што цяперашняя праверка раённых кансультацый Менскай калегіі адвакатаў зьвязаная менавіта з рэакцыяй адвакатаў на ціск з боку дзяржавы.

«Справа вось у чым. З 1 студзеня ўступіў у дзеяньне новы нарматыў аб ліцэнзаваньні. У тым ліку і адвакацкай дзейнасьці. І зараз орган, які дае ліцэнзію, можа і сам, бяз органа адвакацкага самакіраваньня, гэтую ліцэнзію прыпыніць альбо нават адабраць. І хаця гэтыя дзеяньні Мін’юсту можна абскардзіць у судзе, але пры залежнасьці судоў ад улады, у тым ліку ад Мін’юсту, чакаць законных рашэньняў ад судоў не даводзіцца».

Гары Паганяйла нагадаў пра адваката Міхаіла Воўчака, на якога завялі крымінальную справу за дзеяньні, зьвязаныя з абаронай кліента. Паводле правабаронцы, гэта яшчэ адзін відавочны прыклад ціску дзяржавы на абаронцаў у Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG