Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 студзеня часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан наведаў Горадню. Госьць адкрыў фотавыставу «Амэрыка вачыма беларусаў».

Яго прыезд выклікаў вялікую цікавасьць з боку журналістаў дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, на пытаньні якіх ён адказаў.

Сярод іншых прагучала пытаньне: чаму ў дзень інаўгурацыі Лукашэнкі спадар Скэнлан аддаў перавагу адкрыцьцю фотавыставы пра Амэрыку ў Горадні? На гэтае пытаньне госьць адказаў ляканічна, параіўшы прачытаць на вэб-сайце адпаведную заяву Белага дому, у якой можна знайсьці ўсе адказы. Што датычыць свайго знаходжаньня ў Горадні, то Майкл Скэнлан зазначыў, што для яго важныя кантакты з рознымі слаямі грамадзтва і магчымасьць пабачыць гэтую частку Беларусі. У Горадні ён сустрэўся таксама з прадстаўнікамі грамадзкай супольнасьці, палітычных партый, малога і сярэдняга бізнэсу, паразмаўляў у бібліятэцы са студэнтамі.

Амэрыканская фотавыстава адкрылася ў замежным аддзеле абласной навуковай бібліятэкі, які разьмешчаны ў доме польскай пісьменьніцы Элізы Ажэшкі, якая тут жыла і памерла. Нядаўна ён быў грунтоўна адрамантаваны. Высокага госьця віталі на беларускай мове дырэктарка бібліятэкі Лідзія Мальцава і Сяргей Маціевіч — намесьнік начальніка ўпраўленьня культуры аблвыканкаму.

Майкл Скэнлан у адказ зачытаў вітаньне на беларускай мове. Ён зазначыў, што, «дзякуючы сумеснай працы, бібліятэка стала ўнікальным рэсурсам інфармацыі пра Злучаныя Штаты для вучняў, студэнтаў, настаўнікаў, бібліятэкараў і ўсіх жыхароў Горадні». Пра сёньняшнюю падзею госьць сказаў, што яна «сьведчыць пра пашырэньне супрацоўніцтва». Далей Майкл Скэнлан гаварыў па-ангельску пра ролю бібліятэк у сьвеце і пра саму фотавыставу. Ён сказаў, што прадстаўленыя здымкі адлюстроўваюць ЗША, але ўнікальнымі іх робіць тое, што яны паказваюць, як беларусы бачаць гэтую краіну. Гэта супольны праект амбасады ЗША і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. 58 беларускіх фатографаў, прафэсіяналы і аматары, падалі на конкурс каля 260 здымкаў, зробленых імі ў Амэрыцы. Супольнае журы выбрала зь іх найлепшыя.

Майкл Скэнлан паведаміў, што сёньня яны прывезьлі ў дарунак абласной бібліятэцы больш за сто найменьняў кніг і кампакт-дыскаў на ангельскай мове пра амэрыканскую культуру і літаратуру. Ён сказаў, што будзе шукаць магчымасьць наладзіць у бібліятэцы бясплатны доступ да інтэрнэту, як гэта амэрыканскі бок дапамог ажыцьцявіць ужо ў Баранавічах, Пінску і некаторых іншых гарадах. Скэнлан паведаміў, што пры канцы студзеня ў Гарадзенскі ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы прыедзе амэрыканская выкладчыца ангельскай мовы. Са свайго боку амэрыканскі госьць паабяцаў прысутным, што будзе працаваць над сваёй беларускай мовай.

Майкл Скэнлан выступае на адкрыцьці выставы.
Госьця вітае дырэктарка абласной бібліятэкі імя акадэміка Яўхіма Карскага Лідзія Мальцава.
Амэрыканскаму госьцю падаравалі кнігі, у тым ліку альбом, прысьвечаны мастаку Напалеону Орду.
Студэнткі знаёмяцца з амэрыканскімі кнігамі.
Майкл Скэнлан паглядзеў на вуліцу Элізы Ажэшкі з балькону дому, у якім яна жыла.
Дом Элізы Ажэшкі, у якім разьмешчана філія абласной бібліятэкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG