Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму адрасаваны заявы Аляксандра Лукашэнкі?


У чацьвер на нарадзе па ўнутрыпалітычных пытаньнях Аляксандр Лукашэнка выступіў з шэрагам важных заяваў. Чаму ён абвінавачвае апазыцыю і Захад у змове і спробе зьмены канстытуцыйнага ладу? Які лёс чакае палітвязьняў? Ці рэальна ўвесьці санкцыі ў адказ супраць заходніх краін?

Удзельнікі: намесьніца галоўнага рэдактара газэты «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Мы» Кірыла Пазьняк.

Сьвятлана Калінкіна
Кірыла Пазьняк
Валер Карбалевіч

Беспарадкі ці спроба дзяржперавароту?


Валер Карбалевіч: «Як вядома, арыштаваныя палітвязьні абвінавачваюцца па крымінальных артыкулах „Арганізацыя масавых беспарадкаў“ і „Хуліганства“. Аднак дзяржаўныя мэдыі настойліва кажуць пра змову і спробу дзяржаўнага перавароту. І вось сам Лукашэнка ў чацьвер на нарадзе па ўнутрыпалітычных пытаньнях абвінавачвае апазыцыю і Захад у змове і спробе зьмены канстытуцыйнага ладу. Як можна гэта пракамэнтаваць?»

Сьвятлана Калінкіна: «Лукашэнка добра разумее: тое, што ён зрабіў, не прымаецца беларускім грамадзтвам. Таму, каб людзі паверылі, трэба, каб прагучалі нейкія неверагодныя абвінавачаньні на адрас апазыцыі, кандыдатаў у прэзыдэнты. Каб апраўдаць той рэкорд па затрыманых пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. У гэтых ягоных словах ня трэба шукаць лёгікі. Кандыдаты ў прэзыдэнты ня зьдзейсьнілі нічога антыканстытуцыйнага».
Лукашэнка добра разумее: тое, што ён зрабіў, не прымаецца беларускім грамадзтвам.


Кірыла Пазьняк: «Падчас выбарчай кампаніі Лукашэнка казаў, што Някляеў і Саньнікаў фінансуюцца з Расеі. Цяпер ён цьвердзіць, што ў гэтым удзельнічалі Нямеччына і Польшча. Гледзячы па ўсім, насамрэч падтрымка гэтых кандыдатаў была паралельнай. Але з гледзішча геапалітычнай каньюнктуры цяпер беларускім уладам выгадна выкрываць Захад. Бо ад Расеі залежнасьць большая. Ёсьць спадзяваньне, што Эўропа, баючыся павелічэньня ўплыву Расеі на Беларусь, нікуды ад дыялёгу ня дзенецца.

А ўнутраны мэсыдж павінен падмацаваць давер грамадзтва да тых публікацый у дзяржаўнай прэсе пра змову, спробу перавароту. Наўрад ці афіцыйнае абвінавачваньне палітвязьням будзе перакваліфікаванае. Па сутнасьці, заява Лукашэнкі — гэта такая індульгенцыя сабе і праваахоўнікам за рэпрэсіі. Маўляў, палітвязьні заслугоўваюць ледзь не расстрэлу, а крымінальная справа па артыкуле аб беспарадках — гэта літасьць».

Карбалевіч: «Лукашэнка заявіў, што лёс палітвязьняў знаходзіцца ў іхніх руках, усё залежыць ад іхніх паводзінаў. Што гэта азначае? Чаго ён ад іх чакае? Прызнаньня ў дзяржаўным перавароце з дапамогай Нямеччыны і Польшчы? Ці пакаяньня, чалабітнай на свой адрас?»

Калінкіна: «Думаю, усяго разам зь пералічанага вамі. Трэба, каб яны прызналіся, што ў змове супраць Лукашэнкі ўдзельнічалі ўсе разьведкі сьвету. Пры курсе на пошук ворагаў усе сродкі добрыя».

Пазьняк: «Так, калі б былі пакаяньні палітвязьняў, то іх можна было б паказаць па тэлевізіі, зрабіць падставай для памілаваньня. Магчыма, ад іх дамагаюцца дэталяў функцыянаваньня апазыцыі. Або ўлады імкнуцца дамагчыся сыходу з палітыкі некаторых апазыцыйных лідэраў».

Лукашэнка і намэнклятура


Карбалевіч: «Магчыма, ад іх патрабуюць прызнаць датычнасьць да змовы вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў?»

Пазьняк: «Мажліва, асабліва калі праецыраваць гэта на нядаўні шэраг адставак. Магчыма, Лукашэнка імкнецца не дапусьціць удзелу ў наступных выбарах (якія могуць адбыцца раней, чым празь пяць гадоў) прадстаўнікоў намэнклятуры».

Калінкіна: «Я таксама не выключаю такога варыянту. Магчыма, трэба растлумачыць, чаму найлепшыя выбарчыя кампаніі былі праведзеныя людзьмі, якія ня мелі ніякага дачыненьня да апазыцыі, а мелі блізкіх сябраў у атачэньні Лукашэнкі. Маю на ўвазе кандыдатаў Някляева і Саньнікава. Пытаньне, хто за імі стаіць, застаецца актуальным. На мой погляд, Лукашэнка добра разумее, што найбольшую пагрозу для яго ўяўляе ня вулічная акцыя апазыцыі, а намэнклятурны пераварот».

Карбалевіч: «Вось у працяг гэтай тэмы. Падчас нарады ў чацьвер Лукашэнка абверг вэрсію, што ім маніпулююць кіраўнікі сілавых структураў. Што гэта азначае?»
Лукашэнка імкнецца давесьці, што гэтыя выбары ён выйграў не з дапамогай спэцслужбаў. І запужаць чыноўнікаў.


Пазьняк: «Лукашэнка імкнецца давесьці, што гэтыя выбары ён выйграў не з дапамогай спэцслужбаў. І запужаць чыноўнікаў. Ці ў зьвязку з гэтым, ці па сваёй волі сышоў у адстаўку Сідорскі».

Калінкіна: «Па-першае, гэтыя заявы сьведчаць пра тое, што ён чытае незалежныя мэдыі, бо толькі там выкладаліся гэтыя вэрсіі. Па-другое, я б не шукала ў гэтых заявах рацыянальнага зерня. Бо маніпуляцыя таму так і называецца, што чалавек гэтага не адчувае. Інфармацыю аб сытуацыі даюць жа кіраўнікі сілавых ведамстваў.

Лукашэнка даў карт-блянш сілавікам, таму павінен узяць на сябе адказнасьць за тое, то адбываецца цяпер у краіне. Бо тое, што сёньня робяць сілавікі, — гэта ў шэрагу выпадкаў крымінальныя злачынствы: незаконныя затрыманьні, паламаныя ногі падчас разгону акцыі, недапушчэньне адвакатаў да палітвязьняў».

Ці рэальна ўвесьці санкцыі ў адказ супраць заходніх краін?


Карбалевіч: «Лукашэнка запатрабаваў увесьці санкцыі супраць тых краінаў, якія ўвядуць санкцыі супраць Беларусі. Гэта рэальная пагроза ці рыторыка, разьлічаная на ўнутраную аўдыторыю?»

Пазьняк: «Гэта правіла жанру. Трэба прадэманстраваць цьвёрдасьць. Якія могуць быць меры ў адказ? Гэта ўзмацненьне антызаходняй прапаганды, узмацненьне рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці».

Калінкіна: «Чалавек знаходзіцца ў вобразе моцнага кіраўніка, які здольны даць адпор усім. Але калі казаць пра рэальнасьць, то гэта сьмешна. Што можа зрабіць афіцыйны Менск? Увесьці візавыя забароны ў адказ? Наўрад ці захоча прыехаць у Беларусь сп-ня Мэркель, нават калі ёй пасьцелюць дарожку ад Бэрліна да рэзыдэнцыі беларускага прэзыдэнта. Ці забароніць нашым НПЗ прадаваць нафтапрадукты ў Эўропу? Думаю, такія заявы робяцца ад разгубленасьці, няўпэўненасьці ў заўтрашнім дні».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG