Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША заяўляюць аб падтрымцы рэзалюцыі Эўрапарлямэнту аб увядзеньні санкцыяў супраць кіраўнікоў Беларусі і гатовыя са свайго боку распачаць дадатковыя захады ў гэтым напрамку. Рэзалюцыя Эўрапарлямэнту была прынятая ў Страсбуры 20 студзеня. Як у Менску камэнтуюць супольны падыход Злучаных Штатаў і Эўропы?

Камэнтуючы заявы прадстаўнікоў Дзярждэпартамэнту ЗША аб падтрымцы пазыцыі Эўрапарлямэнту, прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных заявіў "Свабодзе":

"Мы ўжо казалі, што заяваў па Беларусі цяпер будзе досыць шмат. Мы іх усе ўважліва прааналізуем. І па выніках гэтага працэсу выпрацуем свае прапановы і рэалізуем свае ўласныя дзеяньні. Яны будуць укладацца ў адэкватныя меры ў адказ. А калі гэта адбудзецца, мы вас паінфармуем дадаткова".

Станіслаў Багданкевіч, які пераняў старшынёўства ў Аб'яднанай грамадзянскай партыі, лічыць, што рэзалюцыя Эўрапарлямэнту "ў цэлым добрая":

"Я маю на ўвазе, для ціску на дыктатарскі рэжым дзеля таго, каб выпусьціць палітзьняволеных, спыніць судовыя перасьледы, рэпрэсіі. Іншая рэч, што гэта агульная рэзалюцыя, кірунак дзейнасьці. А ўсё будзе вырашацца, відаць, на ўзроўні выканаўчай улады Эўразьвязу і іншых краін. Таму трэба яшчэ пачакаць, каб даведацца пра яе эфэктыўнасьць".

Паводле спадара Багданкевіча, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, магчыма, не адразу, але паступова пойдзе на саступкі:

"Ён заявіў, што палітзьняволеныя самі хочуць сядзець і ня хочуць быць са сваімі сем'ямі. Ён даў зразумець, што патрабуе пакаяньня. І ён гатовы пайсьці на вызваленьне. Так я зразумеў яго апошні выступ перад сваімі памочнікамі. Я думаю, што з улікам ціску, які ідзе з Эўропы і ЗША, ён усё ж пойдзе на саступкі".

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў ухваляе супольны падыход Эўропы і ЗША да сытуацыі ў Беларусі. Аднак ён выказвае засьцярогу наконт эканамічных санкцыяў да Беларусі і беларускіх прадпрыемстваў.

"Бо гэта зноў будзе накіроўваць Беларусь у абдымкі да расейскага рэжыму. Гэта мяне вельмі хвалюе. І абдымкі расейскага рэжыму вельмі небясьпечныя для Беларусі. Яны ня будуць спрыяць усталяваньню ў Беларусі дэмакратыі і незалежнасьці Беларусі. Яны будуць толькі паслабляць і дэмакратыю ў Беларусі, і незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі".

Палітоляг Алесь Лагвінец адзначыў, што Эўрапарлямэнт агучыў вельмі цьвёрдую лінію і даў ацэнку падзеям у Беларусі:

"Тое, што ЗША гатовыя далучыцца да тых абмежавальных захадаў, якія акрэсьленыя ў рэзалюцыі Эўрапарлямэнту, гэта таксама станоўчы сыгнал. Асабліва ў сьвятле апошніх заяў беларускага кіраўніка, які адкідае цалкам заўвагі, крытыку, які, больш за тое, заняў такую вельмі ваяўнічую пазыцыю".

Паводле Лагвінца, пакуль складана казаць пра эфэктыўнасьць агучаных мераў, бо іх яшчэ павінна зацьвердзіць Рада міністраў ЭЗ:

"Потым трэба ўлічваць іншыя чыньнікі. Мы сёньня маем інфармацыю пра нейкія дамоўленасьці беларускага ўраду з Расеяй. Варта паглядзець таксама, якім чынам ЭЗ будзе працаваць з тымі, хто падзяляе каштоўнасьці Эўразьвязу, а такіх людзей у Беларусі шмат. Што будзе зроблена, самае галоўнае, для таго, каб ня толькі паспрабаваць выправіць — хутчэй за ўсё, непапраўныя — паводзіны беларускіх уладаў, але што будзе зроблена для таго, каб колькасьць тых, хто падзяляе дэмакратычныя каштоўнасьці ў Беларусі, павялічылася. І яны адчувалі мацнейшую падтрымку дэмакратычнага сьвету".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG