Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рычард Дурбін: “Беларусь і блізка не стаіць ля дэмакратычных каштоўнасьцяў”


Рычард Дурбін

Рычард Дурбін

Адказам на грубыя дзеяньні і палітыку Лукашэнкі павінна стацца жорсткія супольныя санкцыі ЗША і Эўразьвязу. Пра гэта шэсьць амэрыканскіх сэнатараў напісалі ў лісьце кіраўніцы замежнай палітыкі ЭЗ Кэтрын Эштан.

Адзін з падпісантаў ліста – сэнатар Рычард Дурбін, які на мінулым тыдні быў у Менску. Ён сустракаўся з прадстаўнікамі палітычных партыяў, грамадзянскай супольнасьці і сваякамі арыштаваных за падзеі 19 сьнежня, а таксама кіраўніком МЗС Беларусі Сяргеем Мартынавым. Сэнатар даў інтэрвію Радыё Свабода.

Радыё Свабода: Сэнатар Дурбін, чаму вы вырашылі падпісаць ліст кіраўніцы замежнай палітыкі ЭЗ Кэтрын Эштан з заклікам да сумесных санкцыяў ЗША і Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі?

Дурбін: Я быў вельмі занепакоены тым, што я бачыў у Менску. Я сустракаўся зь сем’ямі экс-кандыдатаў, якія цяпер пакутуюць у турме. Гэта мяне так уразіла, так абурыла, што Лукашэнка так зрабіў...

Калі я сустрэўся зь ягоным міністрам замежных справаў і папрасіў тлумачэньняў, той папрасіў мяне быць больш паблажлівым да Беларусі, таму што, паводле ягоных слоў, краіна зьяўляецца “новай дэмакратыяй”. Я лічу гэта абсалютна непрымальным – думаць, што вы можаце сыстэматычна арыштоўваць і зьнявольваць палітычных апанэнтаў. Гэта сьведчыць пра тое, што Беларусь нават і блізка не стаіць ля дэмакратычных каштоўнасьцяў, якія мы хочам бачыць”.

Радыё Свабода: Раскажэце, як вы апынуліся ў Менску, каб сустрэцца зь сем'ямі зьняволеных?
Гэта абсалютна непрымальна – думаць, што вы можаце сыстэматычна арыштоўваць і зьнявольваць палітычных апанэнтаў...


Дурбін: Я быў у Літве на ўрачыстасьцях з нагоды 20-й гадавіны крывавай нядзелі, калі 14 чалавек у Вільні былі забітыя савецкімі танкамі і амонаўцамі, а тысяча людзей была параненыя. Я паехаў адтуль у Менск і быў разам зь іншымі сем’ямі, якія змагаюцца за свабоду ў гэтай краіне. Тут ня можна было пазьбегчы гістарычных паралеляў.

Радыё Свабода: Вы сказалі, што сустрэліся з прадстаўнікамі ўраду, у тым ліку зь міністрам замежных справаў. Ці ведалі чыноўнікі, што вы сустракаліся зь сем'ямі зьняволеных?

Дурбін: Я сумняваюся, што ёсьць шмат рэчаў, зьвязаных з маім візытам, якія б не былі вядомыя і не высочваліся. Я сустракаўся асабіста зь Сяргеем Мартынавым і расказаў яму пра расчараваньне, якое мы адчуваем у сувязі зь дзеяньнямі Лукашэнкі.

Радыё Свабода: А ў адказ ён папрасіў ад вас большага разуменьня?
Гэта абсурднае абвінавачаньне, такое ж скрайняе, як і дзеяньні, якія яны ўчынілі супраць сваіх палітычных апанэнтаў...


Дурбін: Так. Вядома, яны фабрыкуюць абвінавачаньні, што гэта была змова, інсьпіраваная Польшчай і Нямеччынай, і я ня ўпэўнены кім яшчэ, з мэтай зьвяржэньня ўраду Беларусі. Гэта абсурднае абвінавачаньне, такое ж скрайняе, як і дзеяньні, якія яны ўчынілі супраць сваіх палітычных апанэнтаў.

Радыё Свабода: Як бы вы ахарактарызавалі сустрэчу пасьля таго, як вы выказалі сваю занепакоенасьць і міністар адказаў, што Захад павінен праявіць больш разуменьня? Ці настрой падчас сустрэчы стаў варожы? Як яна скончылася, гаворачы дыпляматычнай мовай?

Дурбін: Ну, калі на дыпляматычнай мове, то яны называлі сустрэчу “адкрытай і шчырай”. А я б сказаў, сустрэча скончылася тым, што Мартынаў і Лукашэнкаў урад абсалютна не раскайваюцца. Мартынаў павярнуўся і паляцеў у Эўропу, каб сустрэцца зь некаторымі прадстаўнікамі Эўразьвязу і выступіць з абвінавачаньнямі, што Польшча і Нямеччына былі ўцягненыя ў нейкую змову супраць Беларусі. Я маю на ўвазе, што, на жаль, былі вельмі скрайнія камэнтары у дачыненьні да тых, хто ня мае магчымасьці нешта сказаць у сваю абарону.
Сустрэча скончылася тым, што Мартынаў і Лукашэнкаў урад абсалютна не раскайваюцца...


Радыё Свабода: У лісьце, які вы падпісалі, вы просіце Эўразьвяз далучыцца да ЗША, каб у адзін голас гаварыць зь Беларусьсю, і накласьці санкцыі, што мелі б "вельмі рэальныя і значныя наступствы" для Лукашэнкі і іншых беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэньні правоў чалавека, фальсыфікацыю выбараў, зьняволеньне кандыдатаў на прэзыдэнта і партыйных лідэраў пасьля 19 сьнежня. Калі гэтага не адбудзецца, якія іншыя крокі вы плянуеце зрабіць у Кангрэсе ЗША, каб працягваць ціск на Беларусь?

Дурбін: Я спрабаваў працаваць з адміністрацыяй прэзыдэнта Абамы, каб пераканацца, што мы робім усё гэта супольна з Эўрапейскім Зьвязам, і мне здаецца, што Белы дом будзе ісьці наперад у гэтым кірунку. Я размаўляў зь некаторымі прадстаўнікамі адміністрацыі прэзыдэнта ЗША. Думаю, што мы павінны працаваць з разам з Эўразьвязам. У мяне склалася ўражаньне, што санкцыі, якія б яны ні былі, ня вельмі эфэктыўныя, калі яны не скаардынаваныя з многімі краінамі. Аднабаковыя намаганьні маюць вельмі невялікі ўплыў. Я думаю, мы будзем мець значна большы ўплыў, калі будзем працаваць разам”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG