Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якіх прызнаньняў дамагаецца Лукашэнка ад вязьняў "амэрыканкі"?


Падчас адмысловай нарады ў пытаньнях унутрыпалітычнага становішча Аляксандр Лукашэнка заявіў, што лёс новых беларускіх палітзьняволеных, "за якіх сёньня заўзята змагаюцца ў Эўразьвязе", знаходзіцца "выключна ў іхніх руках". "Але ня толькі ў сьледчых органаў, але і ў краіны ў цэлым ёсьць шэраг пытаньняў, на якія мы чакаем ад іх адказу", дадаў кіраўнік Беларусі. Як гэтыя заявы камэнтуюць сваякі палітзьняволеных.

Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што "мы не крыважэрныя", што адносна лёсу палітзьняволеных "ні пры чым ні сілавыя структуры, ні прэзыдэнт". Іхні лёс, запэўніў ён, "толькі ў іх руках". Іншай думкі трымаецца Ўладзімер Халіп — бацька зьняволенай журналісткі Ірыны Халіп:

Уладзімер Халіп
"Гэта заява дробнага садыста і калгаснага дэмагога: ён цудоўна ведае, што на гэтых выбарах ён з трэскам прайграў, яму нічога не сьвяціла. Ён дапусьціў найвялікшую памылку ў сваім жыцьці, дазволіўшы нейкую дробную лібэралізацыю, у выніку якой хацеў хітрыкам дайсьці да ўлады і сесьці адразу на два крэслы: тут і на легітымнае крэсла ў Эўропе. Але гэты выкрунтас не прайшоў, і зараз ён хоча зрабіць выгляд, што ўсё прайшло цудоўненька, каб і апазыцыя гэта прызнала. І гэтак зараз ён паказвае: глядзіце, я магу ўсё дараваць — толькі пакайцеся".

Кіраўнік краіны таксама сказаў пра палітзьняволеных, што для іх беспэрспэктыўна "сядзець як мышы пад венікам у сьледчым ізалятары і думаць, што заўтра амэрыканцы ці эўрапейцы прыйдуць і вызваляць". Такая форма выказваньня, як і сама заява на адрас палітычных апанэнтаў, непрымальныя, кажа Ала Саньнікава — маці зьняволенага кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава:

"Хіба можна кіраўніку краіны гэтак казаць пра народ? Ён ня лічыць іх за людзей. Я думаю, што ён чакае ад іх нейкіх пакаяньняў. Але за што каяцца? Як можна абсалютна невінаватым людзям, якія выйшлі выказаць свой пратэст супраць фальшаваньня выбараў, прыпісваць гэта як захоп улады?! Таму я ня ведаю, у чым яны павінны каяцца".

"Ня толькі ў сьледчых органаў, але і ў краіны ў цэлым ёсьць шэраг пытаньняў, на якія мы чакаем ад іх адказу",-- сказаў кіраўнік краіны. Аднак ніхто, у тым ліку і зьняволеныя, ня ведаюць, на якія пытаньні ад іх чакаюць адказу — гэтак заяву Аляксандра Лукашэнкі пракамэнтавала Мілана Міхалевіч, жонка аднаго з кандыдатаў на прэзыдэнта Алеся Міхалевіча:

Мілана Міхалевіч
"Наколькі я разумею, допыты праводзяцца ў прысутнасьці адваката. Той факт, што адвакатаў не пускаюць у будынак СІЗА, азначае, што далейшых сьледчых дзеяньняў, гэта значыць допытаў, увесь гэты тыдзень не праводзілася. Таму як можна казаць, што чалавек не адказвае на пытаньні, калі гэтыя пытаньні сьледчы яму не задае? Гэта паўтарэньне таго, што было некалькі тыдняў таму, калі Аляксандар Рыгоравіч ужо намякаў, што калі нехта папросіць, каб яго адпусьцілі, то чалавека адпусьцяць".

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што "Хочуць быць у сьледчым ізалятары — няхай сядзяць. Хочуць быць са сваімі сем'ямі — гэта таксама ад іх залежыць". Шантажаваньне сем'ямі і беспадстаўнае атаясамліваньне сябе зь беларускім народам — так ахарактарызавала гэтыя заявы Вольга Някляева, жонка яшчэ аднаго кандыдата на прэзыдэнта Уладзімера Някляева:

Вольга Някляева
"Там ня толькі фізычныя катаваньні, калі людзі хворыя там знаходзяцца, дык яшчэ і псыхалягічныя. Вось гэтыя словы — "калі хочаце быць зь сем'ямі" — якраз пра гэта і сьведчаць: значыць, іх шантажуюць сем'ямі. І ня варта яму казаць, што народ патрабуе — народ яго не падтрымліваў і не падтрымлівае. Ён проста хоча апраўдацца перад Захадам, каб зьняволеныя самі на сябе напісалі даносы, самі сябе абгаварылі. Бо ён усё гэта нарабіў, яму трэба апраўдацца, і ён шукае крайніх. Крайніх ён знайшоў — сваіх апанэнтаў".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG