Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд адмовіўся разглядаць скаргу БХК на вынікі прэзыдэнцкіх выбараў


Вярхоўны суд Беларусі адмовіўся разглядаць скаргу праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хэльсынскі камітэт”. Скарга тычылася непрызнаньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

“Вярхоўны суд адмовіўся заводзіць справу па скарзе БХК аб непрызнаньні прэзыдэнцкіх выбараў”, — паведаміла “Інтэрфаксу” прэсавая сакратарка ВС Настасься Цімановіч.

“Дадзенае вызначэньне суду абскарджаньню і апратэставаньню ў касацыйным парадку не падлягае”, — дадала яна.

Скарга ў Вярхоўны суд была накіраваная 10 студзеня.

“Па выніках назіраньня за выбарамі БХК прыйшоў да высновы, што ў часе рыхтаваньня і правядзеньня выбараў прэзыдэнта Беларусі дапускаліся грубыя адступленьні ад дэмакратычных прынцыпаў і стандартаў… Падлік галасоў (…) суправаджаўся паўсюднымі парушэньнямі вызначанага законам парадку, у сувязі з чым выбары павінны быць прызнаныя несапраўднымі, паколькі выяўленыя парушэньні паўплывалі на вынікі выбараў. Усё гэта прывяло да скажэньня вынікаў выбараў, абвешчаных ЦВК”, — гаворыцца ў скарзе.

11 студзеня Вярхоўны суд не задаволіў звароту былога кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва, які прасіў перагледзець рашэньне Цэнтральнай выбарчай камісіі аб прызнаньні прэзыдэнцкіх выбараў. У адказе Вярхоўнага суду Кастусёву напісана, што падставаў заводзіць справу супраць ЦВК няма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG