Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Дэмакратычны актывіст 90-х гадоў Валер Сядоў, затрыманы падчас акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі 19 студзеня, знаходзіцца ў ізалятары для адміністрацыйна пакараных на завулку Акрэсьціна.

"Так, Сядоў Валер Віктаравіч знаходзіцца ў нас. На які тэрмін арыштаваны — не пазначана. Выйдзе на волю 31-га а 20.10", — паведаміў "Свабодзе" дзяжурны ізалятара.

Увечары 19 студзеня Валер Сядоў на заклік дэмакратычных актывістаў прыйшоў да Чырвонага касьцёла ў Менску, дзе людзі запальвалі сьвечкі на знак салідарнасьці з рэпрэсаванымі ўдзельнікамі мітынгу пратэсту супроць афіцыйных вынікаў выбараў 19 сьнежня.

Валер Сядоў публічна запатрабаваў свабоды палітвязьням і прыцягненьня да адказнасьці вінаватых у фальшаваньні выбараў. Праз 10 хвілін на выхадзе з плошчы Незалежнасьці Валера Сядова затрымалі супрацоўнікі ў цывільным. 20 студзеня ў міліцыі не казалі, дзе знаходзіцца затрыманы, аднак у інтэрнэце зьявілася паведамленьне, што Сядоў на Акрэсьціна і што ён атрымаў 12 сутак арышту. 21 студзеня гэтую інфармацыю афіцыйна пацьвердзілі.

У 1990-м годзе Валер Сядоў браў удзел у антыкамуністычным шэсьці ў Менску, калі па тагачасным праспэкце Леніна прайшлі з антыкамуністычнымі плякатамі некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Да помніку Леніна ўдзельнікі акцыі ўсклалі сымбалічныя "дары камунізму", якія прынёс камуністычны рэжым Беларусі: калючы дрот, шыбеніцу, ватоўку вязьня ГУЛАГу.

Валер Сядоў спрабаваў прымацаваць да фігуры Леніна вяроўку. Пазьней актывіста арыштавалі і некалькі месяцаў утрымлівалі ў ізалятары на Валадарцы. У абарону Сядова ў Беларусі пачалі праводзіць шматлікія акцыі салідарнасьці. Лідэр парлямэнцкай апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк наведваў актывіста на Валадарцы. У выніку крымінальную справу супроць Валера Сядова ўлады спынілі.

"Мяне тады людзі падтрымалі, таму і я вырашыў падтрымаць цяперашніх вязьняў ", — гэтак Валер Сядоў патлумачыў "Свабодзе" свой учынак каля касьцёла 19 студзеня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG