Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэны і тарыфы: усё вышэй і вышэй


За месяц, што прайшоў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, у Беларусі вырасьлі цэны на хлеб, малако, каўбасы, мясныя паўфабрыкаты, цыгарэты і гарэлку. Даволі істотна – амаль на траціну – узьняліся кошты за навучаньне ў ВНУ. У жыроўках за кватэру за сьнежань прыкметна павялічылася аплата за ацяпленьне і падагрэў вады. Што яшчэ падаражэла, і чаму гэта адбываецца?

Эканаміст Міхал Залескі распавёў, што нават паводле афіцыйных зьвестак Белстату бачна, што кошты растуць:

"Гэта ня я заўважыў – гэта Дзяржаўны камітэт па статыстыцы заўважыў. Ён парадаваў пэнсіянэраў, што іх пэнсія скарацілася рэальная. І яшчэ ён парадаваў усіх астатніх, што працягваецца рост коштаў. А зараз яшчэ плянуецца падвышэньне транспартных выдаткаў насельніцтва".

Намесьнікі дырэктара аднаго са сталічных унівэрсамаў кажуць:

"Падаражалі хлеб, малако, малочныя прадукты амаль зь 1 студзеня. Каўбасы крыху нашага менскага мясакамбіната".

"Сыравэнджаныя, сыравяленыя каўбасы падаражалі. Ужо больш за 40 тысяч яны каштуюць. Новыя завозу ужо і па 42, і па 45 тысяч – тыя, якія раней каштавалі 35 – 37 тысяч".

Сыравэнджаныя, сыравяленыя каўбасы падаражалі. Ужо больш за 40 тысяч яны каштуюць. Новыя завозу ужо і па 42, і па 45 тысяч – тыя, якія раней каштавалі 35 – 37 тысяч
"На цыгарэты была пераацэнка, на гарэлку – каштавала 8 тысяч 690 рублёў, стала 8 тысяч 970".

На афіцыйным сайце Міністэрства эканомікі ёсьць і тлумачэньне: "У мэтах выроўніваньня адпускных цэн на сацыяльна значныя тавары (хлеб, малако, кефір, тварог, сьмятана, мяса) ... прадугледжваецца магчымасьць зьмяненьня цэн на гэтыя групы тавараў ў памеры 0,7% у месяц замест раней дазволенага 0,5%. Таму кошты на харчаваньне кожны месяц паціху і будуць расьці – з дазволу Мінэканомікі.

Непрыемны сюрпрыз пасьля Новага году атрымалі і бацькі студэнтаў-платнікаў. Кошты навучаньне вырасьлі ў розных ВНУ ад 26 да 33 %, прычым, задняй датай – зь лістапада. Бо з 1 лістапада тарыфная стаўка першага разраду вырасла на 31,1%. Да прыкладу, у БДУ на прэстыжных факультэтах за год трэба заплаціць 5 мільёнаў 417 тысяч (рост больш чым на мільён). Што да ўсіх гэтых падвышак, маці студэнткі-платніцы спадарыня Галіна кажа:

"Відаць, за кошт нашых дзяцей, за кошт кашалькоў іх бацькоў прэзыдэнт цяпер будзе кампэнсаваць той залаты дождж, які праліўся на выбарцаў перад выбарамі, з дапамогай якога ён хацеў купіць сабе галасы і ляяльнасьць простых беларусаў: пэнсіі і заробкі павысілі, ільготы на праезд вярнулі. Вось цяпер гэта ўсё мы будзем аплачваць".

Эканамісты у адзін голас цьвердзяць, што рост коштаў непазьбежны.
Эканаміст Аляксандар Кавалёў:

Мае прагнозы на бягучы год – гэта досыць вялікія тэмпы інфляцыі
"Мае прагнозы на бягучы год – гэта досыць вялікія тэмпы інфляцыі. Цягам апошніх гадоў ціск на дзяржаўны бюджэт з боку дзяржаўнай запазычанасьці ўзмацняўся-узмацняўся і нарэшце ўсё ж такі выплеснуўся. Будуць расьці кошты, таму што гучаць заявы ўраду, што мы ня будзем больш ні грошы друкаваць, ні пазыкі браць. Але ж, тым ня менш, аддаваць тое, што бралі, прыйдзецца. І гэта досыць сур'ёзная сума. Таму альбо будзе бюджэтны дэфіцыт фінансавацца дадатковай грашовай эмісіяй, альбо цэны будуць адпушчаныя ўверх, і ўсе гэтыя праблемы будуць перакладзеныя на насельніцтва".

Эканаміст Міхал Залескі:

То бок калі трэба аддаць 7 мільярдаў даляраў пазыкі, то з нас іх і возьмуць.
"Зьнешняя эканамічная палітыка зьвязаная з унутранай. І калі наша кіраўніцтва хоча ня браць пазыкаў, то дзе браць грошы? З насельніцтва, унутры краіны. То бок калі трэба аддаць 7 мільярдаў даляраў пазыкі, то з нас іх і возьмуць. Калі гучыць заява на ўрадавым узроўні, што мы больш ня будзем пазычаць (праўда, пад гэтыя словы на наступны дзень пазычылі яшчэ амаль мільярд, дакладней, 800 мільёнаў пад 9%, і не папярхнуліся), калі грошы не бяруцца звонку, то яны бяруцца зь сярэдзіны".

Літаральна у чацьвер Міністэрства транспарту заявіла пра павелічэньне кошту праезду ў гарадзкім транспарце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG