Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Кулікоў: «Чаму бацькам зацікавіліся пасьля 19 сьнежня?»


Іван Кулікоў
Іван Кулікоў
Сваякі навукоўца, прэтэндэнта ў прэзыдэнты на выбарах 2010 году Івана Кулікова, перакананыя, што яго перасьледуюць за спробу стаць кіраўніком краіны.

Пра тое, што былому прэтэндэнту ў прэзыдэнты Івану Кулікову выставілі абвінавачаньне і арыштавалі, 20 студзеня паведаміў «Свабодзе» Яўген Сачак з прэсавай службы міліцыі Менску:

«Яму выстаўлена абвінавачаньне па 3 частцы 210-га артыкулу Крымінальнага кодэксу, і мерай стрыманьня абрана ўзяцьце пад варту. Іншымі словамі, ён арыштаваны і знаходзіцца ў ізалятары».

3-я частка 210-га артыкулу КК — гэта крадзеж праз злоўжываньні службовым становішчам у асабліва вялікім памеры. Максымальнае пакараньне — да 15 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Дарэчы, пяці кандыдатам у прэзыдэнты, якіх абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня, таксама пагражае па 15 гадоў зьняволеньня. У міліцыі, аднак, абвяргаюць сувязь крымінальнага перасьледу Кулікова з палітыкай. Пры гэтым пра абставіны справы супраць былога прэтэндэнта на кіраўніка дзяржавы, ня кажуць.

«Праз злоўжываньні службовым становішчам» — з гэтай фармулёўкі можна меркаваць. Больш інфармацыі няма".

Іван Кулікоў спрабаваў абірацца на прэзыдэнта, але спыніў кампанію яшчэ ў пачатку збору подпісаў. Спадар Кулікоў быў затрыманы ўвечары 17 студзеня супрацоўнікамі міліцыі Заводзкага раёну Менску. У кватэры навукоўца прайшоў ператрус.

Паводле сына арыштаванага Ўладзімера, які стала жыве ў Маскве, з боку міліцыі да бацькі не было прэтэнзіяў да 19 сьнежня. Уладзімер перакананы, што менавіта спроба стаць прэзыдэнтам гэтак зьмяніла бацькаў лёс.

Правяралі вельмі жорстка, апытвалі супрацоўнікаў, нейкія там інтрыгі пляліся, і ў выніку затрымалі спачатку на 72 гадзіны, а зараз і болей.
«Пакуль Лукашэнка дазваляў гэтыя гульні з рэгістрацыяй усіх магчымых кандыдатаў і зборам подпісаў, на ўсё глядзелі скрозь пальцы. Калі 19 сьнежня гэта ўсё закончылася, ён вырашыў, што зараз усе мусяць адказаць, хто ў гэтым вінаваты. І бацька адчуў гэта адразу, бо прыйшлі з праверкай у інстытут і пачалі правяраць менавіта ягоную лябараторыю. Правяралі вельмі жорстка, апытвалі супрацоўнікаў, нейкія там інтрыгі пляліся, і ў выніку затрымалі спачатку на 72 гадзіны, а цяпер і болей».

18 студзеня, на наступны дзень пасьля арышту Івана Кулікова, у войска прызвалі ягонага малодшага сына Юрыя, яшчэ празь дзень зьехала зь Беларусі дачка Алена. Цяпер яна ў Маскве.

Дзеці Кулікова не выключаюць, што рэпрэсіі могуць абрынуцца і на іх. «Калі тату выстаўляюць абсурдныя абвінавачаньні, то ў гэтай краіне ўсё магчыма і адносна дзяцей», — кажа Ўладзімер.

Паводле яго Іван Кулікоў жыў сьціпла. Заробак доктара навук складаў каля мільёна рублёў, зь якіх ён выплачваў крэдыт на аўтамабіль. «Дапамагала зьвесьці канцы з канцамі тое, што чытаў лекцыі ў розных навучальных установах».
Без ілюзіяў перамагчы, але хацеў зьвярнуць увагу на праблемы людзей навукі.


Пра прычыны, якія падштурхнулі бацьку ўзяць удзел у выбарах, сын сказаў гэтак:

«Мяркую, ён хацеў прадстаўляць інтарэсы навукоўцаў, тых, хто ў нашай краіне незаслужана абдзелены ўвагай. Без ілюзіяў перамагчы, але хацеў зьвярнуць увагу на праблемы людзей навукі. Я ня ведаю, ці быў ён на плошчы 19 сьнежня, але ведаю, што ён быў за перамены ў грамадзтве».

Пакуль невядома, хто будзе адвакатам Івана Кулікова падчас сьледзтва. Ад пачатку сьледзтва ён можа скарыстацца паслугамі дзяжурнага адваката, якога мае права замяніць.

Паводле зьвестак зь міліцыі, утрымліваюць Івана Кулікова ў ізалятары на Валадарскага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG