Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захараў пра хакейныя санкцыі: «Лезуць сваім носам, куды ім ня трэба»


Міхаіл Захараў
Міхаіл Захараў
У сьпісе магчымых санкцыяў супраць беларускага кіраўніцтва ўпершыню згадваецца спорт. У пункце 16-м ухваленай дэпутатамі Эўрапарлямэнта рэзалюцыі выказваецца меркаваньне: спартовыя мерапрыемствы, такія як чэмпіянат сьвету па хакеі ў 2014, ня могуць праводзіцца ў Беларусі, пакуль у гэтай краіне будуць заставацца палітвязьні. Як да такой пэрспэктывы паставіліся ў самой Беларусі?

Былы галоўны трэнэр зборнай Беларусі па хакеі, настаўнік менскай каманды «Юность» Міхаіл Захараў, пачуўшы навіну пра магчымае скасаваньне для Беларусі права на правядзеньне чэмпіянату сьвету, не хаваў абурэньня:

«Ды ладна, жартуеце? Ну і з чым гэта зьвязана?»

Карэспандэнт: «З палітыкай кіраўніцтва, з сытуацыяй пасьля выбараў…»

«Не, паглядзіце, ужо хочуць кіраваць у кожнай краіне, такія ўжо разумнікі знайшліся, лезуць сваім носам, куды ім ня трэба. Нічога ў іх не атрымаецца. Палітыка — гэта палітыка, пры чым тут чэмпіянат сьвету? Ніколі такога ня будзе і ніхто на гэта ня пойдзе. Зусім ужо там дахам паехалі? Калі людзі працуюць нармальныя, павінны зразумець: пры чым хакей да палітыкі? Дзьве розныя рэчы. Ня будзе такога, не перажывайце. Гэта я ведаю дакладна».

Цікаўлюся ў спадара Захарава: ці могуць санкцыі быць накіраваныя адмыслова супраць Аляксандра Лукашэнкі, які прыклаў нямала асабістых намаганьняў для правядзеньня першынства? Дарэчы, прэзыдэнцкую хакейную каманду, у якой Лукашэнка гуляе пад № 1, афіцыйная прапаганда называе няйначай як «найлепшай аматарскай зборнай сьвету»:

«Канечне, толькі так. Але яшчэ раз паўтараю: ніколі такога ня будзе! Мы рыхтуемся да чэмпіянату сьвету, і ўсё будзе нармальна. І палітыка тут нічога не вырашае. Ужо прынятае рашэньне хакейнай хартыі, пры чым тое, што камусьці нешта падабаецца ці не? Заўтра яны Алімпійскія гульні адменяць, каб якому-небудзь Пуціну не дагадзіць? Лухта ўсё гэта. Нашы хлопцы сёньня добра гуляюць, я рыхтуюся, мае выхаванцы будуць гуляць на чэмпіянаце, ёсьць дамоўленасьць».

Спартовы аглядальнік Ўладзімер Даўжэнка не аспрэчвае, што падужаць спартовае лобі сапраўды ня так проста. Аднак кажа, што сам факт спробы пераносу міжнародных спаборніцтваў у іншае месца павінен прымусіць беларускія ўлады сур’ёзна задумацца над тым, што яны робяць:

Уладзімер Даўжэнка
«Упершыню ў гісторыі такое адбываецца. Да гэтага патрабавалася, каб пляны парушыла вайна ці палітыка апартэіду. Мне здаецца, першы раз такія санкцыі прапанаваныя і з улікам гэтага нічога пэўнага прадказаць немагчыма. Да таго ж, гэта чэмпіянат сьвету: хакейная мафія, футбольная мафія — у іх свае „замарочкі“, свае пасьянсы. І яны будуць пры любым зручным выпадку гаварыць, што спорт — па-за палітыкай… Але ўвогуле трэба як можна шырэй санкцыі ўводзіць. І па „Эўрабачаньні“, і па іншых мерапрыемствах. Таму што іншым чынам не даходзіць. Вядома, шкада спартоўцаў, артыстаў, але што рабіць, калі, як кажуць, у вочы плюй, а кажуць, што дождж ідзе».

Спадар Даўжэнка перакананы, што ўжо аднымі размовамі пра пагрозу адабраць у Беларусі права правядзеньня хакейнага чэмпіянату сьвету па самалюбстве Аляксандра Лукашэнкі нанесены вялізнай сілы ўдар:

«Бясспрэчна. Прабачце мне, да чэмпіянату сьвету неабходна 52 хакейныя палацы пабудаваць! Яны і цяпер не патрэбныя, і потым туды хадзіць ня будуць, але атрымаецца, што пры падобным раскладзе ўсё ўвогуле кату пад хвост. Але, як на маё меркаваньне, трэба розныя варыянты шукаць, таму што сапраўды страшна, што цяпер творыцца. Ні ў кога ніякай гарантыі на заўтрашні дзень…»

Стваральнік хакейнага рэсурсу hockeyby.org Барыс Фрэнкель не асабліва верыць у посьпех справы, якую эўрадэпутаты распачалі ў спробе заблякаваць для Беларусі хакейнае першынство-2014:

«Я ня веру, што чэмпіянат будзе адменены, нават пасьля гэтай рэзалюцыі. Я сёньня прачытаў наконт рашэньня Эўрапарлямэнту і нават пасьля гэтага ня веру, што спаборніцтвы будуць адмененыя. На гэта ёсьць некалькі прычынаў. Па-першае, Міжнародная фэдэрацыя хакею не падначаленая Эўрапарлямэнту. А рашэньне пра тое — будзе чэмпіянат ці ня будзе — прымае непасрэдна фэдэрацыя. Па-другое, трэба ўлічваць, што гэта будзе за чэмпіянат. А будзе ён у алімпійскі год, на якім асобныя зборныя могуць быць нават дзесьці другім складам прадстаўленыя. Адпаведна статус гэтага чэмпіянату адразу паніжаецца. Вядома, Эўрапарлямэнт зараз можа прапанаваць фэдэрацыі, каб гэты чэмпіянат перанесьлі. Ну а ці адрэагуе фэдэрацыя? На маю думку, наўрад ці…»

Прыбытак ад правядзеньня хакейнага чэмпіянату сьвету беларускі бок пачаў падлічваць яшчэ пазалетась, калі краіна атрымала права прымаць спаборніцтвы такога рангу. Заяўлена, што прыбытак ад рэалізацыі квіткоў і абслугоўваньня турыстаў перавысіць 2 мільёны даляраў. Праўда, узьвядзеньне толькі «Менск-Арэны» абышлося ў 100 мільёнаў даляраў, з нуля будуецца крыху меншы, але такога ж кшталту комплекс у менскай Чыжоўцы. І гэта ня лічачы дзясяткаў іншых хакейных палацаў па ўсёй Беларусі, якія неабходна здаць да 2014 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG