Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі акцыі салідарнасьці зь вязьнямі турмы КДБ распавялі, як іх затрымлівалі і як судзілі.

Актор «Свабоднага тэатру» Мікіта Валадзько распавядае: пасьпеў прастаяць са зьнічкай менш за мінуту, як зьнічку выбілі з рук супрацоўнікі міліцыі ў чорнай вопратцы. Затрымалі маладога чалавека, калі пасьля заканчэньня акцыі ён ішоў ад будынка КДБ дамоў:

«Я ішоў з маці і малодшай сястрой. Яна зусім маленькая дзяўчынка, ёй усяго 7 гадоў. Падбеглі і проста пачалі мяне вырываць ад іх. Сястра моцна заплакала. Гэта ёсьць на відэа, мяркую, на «Нашай ніве».

Судзіла Мікіту Валадзько судзьдзя Цэнтральнага раёну Вікторыя Шабуня. Яна ж разглядала і адміністрацыйную справу Кірыла Кудрова, затрыманага разам з Валадзько ля КДБ. Абодва былі асуджаныя да штрафу ў 30 базавых велічынь — гэта 1.000.050 рублёў. Паводле праваабаронцаў «Вясны», на працэсы не дапусьцілі сваякоў. Аргумэнты адвакатаў, што як такой вулічнай акцыі не было, бо стаяньне са зьнічкамі ня ёсьць такой акцыяй, на судзьдзю не падзейнічалі. Мікіта Валадзько зазначыў «Свабодзе», што затрымлівалі яго вельмі жорстка, хаця супраціву ён не аказваў, а вось міліцыянты ў райаддзеле абыходзіліся карэктна. Чаму менавіта яго і Кірыла Кудрова асудзілі, Мікіта не ўяўляе. «Паводзінамі мы ніяк не вызначаліся. Мяркую, проста быў загад хоць кагосьці пакараць».

Паводле праваабаронцаў, разам з Валадзько і Кудровым былі затрыманыя яшчэ 20 чалавек, якіх таксама адвезьлі ў Цэнтральны райаддзел міліцыі і адпусьцілі пасьля праверкі дакумэнтаў, не складаючы пратаколаў. Паводле зьвестак, большаць затрымалі не каля КДБ, а на падыходах да гэтай установы, у тым ліку досыць далёка ад яе. Згадвае затрыманая, якая прасіла не называць яе імя:
Некаторых бралі нават на вакзале ці каля вуліцы Максіма Танка — дастаткова далёка.

«Нас затрымалі каля рэстарану „Плянэта Сушы“. Некаторых бралі нават на вакзале ці каля вуліцы Максіма Танка — дастаткова далёка. Калі мы сядзелі ў мікрааўтобусе, пакуль нас ня вывезьлі ў райаддзел, то чулі іх перамовы, як яны дамаўляліся ня браць людзей пад прыцэлам відэакамэр».

Пазьней за ўсіх, на выхадзе з плошчы Незалежнасьці, на вачах у сьведкаў быў затрыманы вядомы актывіст 90-х гадоў Валер Сядоў, які падчас запальваньня зьнічак ля Чырвонага касьцёла публічна запатрабаваў свабоды палітвязьням і «суду над Аляксандрам Лукашэнкам». Зьвестак пра тое, дзе цяпер Валер Сядоў, няма ані ў праваабаронцаў, ані ў журналістаў. Напярэдадні затрыманьня Сядоў казаў журналістам, што яго, «верагодна, схопяць».

Валер Сядоў

Сваякі чатырох экс-кандыдатаў у прэзыдэнты, якіх трымаюць у турме КДБ, кажуць, што асаблівых навінаў у іх няма. Гаворыць Мілана Міхалевіч, жонка Алеся Міхалевіча:

«Ад Алеся нічога. Адвакат да яго зноў спрабаваў прайсьці, стаяў у чарзе, але безвынікова. Пра лісты я вам распавядала, вось даведалася, што і іншым прыходзяць такія самыя, вельмі дзіўныя лісты — па зьмесьце, па почырку, па словах. Сёньня былі зь іншымі сваякамі ў амбасадзе Польшчы».

Адвакаты арыштаваных кандыдатаў у прэзыдэнты сёньня зноў не змаглі трапіць да сваіх падабаронных. Абаронца Ўладзімера Някляева Тамара Сідарэнка распавяла:

«Сёньня я атрымала адказ кіраўніка сьледзтва на маю скаргу аб тым, што не забясьпечана наша права на сустрэчы. Там сказана, што мая скарга адпраўленая ў СІЗА КДБ. Такім чынам, ідзе такая перапіска па коле — „забясьпечце, прыміце меры“. А ці прымаюць рэальныя меры — паглядзім».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG