Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лазавіка не хвалюе, ці трапіць ён у сьпіс неўязных


Мікалай Лазавік
Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік заявіў, што «самі эўрапейскія палітыканы былі арганізатарамі пасьлявыбарных падзеяў, таму варта спытацца — а судзьдзі хто?»

— Няхай яны са сваімі выбарамі разьбяруцца. Выбары ў нас прайшлі ідэальна. Ну, а тое, што за нейкія там шалёныя грошы тут нехта пачаў наладжваць дэбош, то гэтыя мерапрыемствы ня маюць ніякага дачыненьня да выбараў. Выбары ў нас прайшлі адпаведна заканадаўству Беларусі.

— То бок вы лічыце, што ня трапіце ў сьпіс неўязных у краіны Эўразьвязу?

— Траплю я ці не ў сьпіс — гэта мяне, дарэчы, менш за ўсё хвалюе. Калі яны ацэньваюць ня выбары, а нешта іншае, свае няўдалыя спэктаклі, якія яны самі рэжысавалі, то тут яны могуць каго заўгодна ў гэты сьпіс уключаць.

Сяргей Калякін
Адзін зь лідэраў кампаніі «За свабодныя выбары» Сяргей Калякін падтрымлівае высновы, зробленыя Эўрапарлямэнтам адносна мінулых выбараў, якія не былі свабоднымі, сумленнымі і празрыстымі. Ён лічыць, што абвешчаныя вынікі не адпавядаюць рэчаіснасьці. Паводле спадара Калякіна, цяпер галоўнае, каб зьняволеныя былі вызваленыя. Ён лічыць неабходным правесьці міжнароднае расьсьледаваньне падзеяў 19 сьнежня. Пра гэта якраз гаворыцца ў рэзалюцыі.

«Яны там сядзяць абсалютна па выдуманых абвінавачаньнях. Я лічу, што там не было масавых беспарадкаў. Я лічу, што калі будзе зроблена міжнародная экспэртыза, гэта многае можа пастаіць на месца. І тады мы можам бачыць, ці гэта палітычная расправа над апанэнтамі, ці гэта нешта іншае».

Аляксей Янукевіч
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч лічыць, што рэзалюцыя Эўрапарлямэнту — гэта вельмі сур’ёзны званок для беларускіх уладаў.

Яе прыняцьцё паспрыяе як найхутчэйшаму вяртаньню Беларусі на дэмакратычны шлях разьвіцьця.

«Безумоўна, роля Расеі важная ў гэтай сытуацыі. У выпадку моцных абмежаваньняў на кантакты эканамічныя і палітычныя зь Беларусьсю Расея можа і будзе скарыстоўваць гэта на сваю карысьць, не на карысьць дэмакратычнай супольнасьці. Таму мне хацелася б бачыць заклік аказваць ціск і на ўлады Беларусі, і на ўлады Расеі, каб яны не выкарыстоўвалі гэтую сытуацыю на сваю карысьць, а на карысьць дэмакратычных пераўтварэньняў».

Леанід Заіка
Эканамічныя санкцыі, да якіх заклікае Эўрапарлямэнт у рэзалюцыі, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка лічыць мала адчувальнымі:

«Самыя моцныя санкцыі, якіх трэба было б асьцерагацца, — гэта спыненьне куплі нафтапрадуктаў. Тут ні слова няма. То бок Эўропа будзе спакойна езьдзіць на беларускім бэнзіне, плаціць за гэта 12 мільярдаў даляраў штогод, і не патрэбныя ніякія інвэстыцыі. Эўрапарлямэнт зрабіў тое, што ён умее рабіць. Для іх гэта здаецца — вялікія санкцыі. Для Крамля гэта амаль што нічога. А для Беларусі гэта цярпіма».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG