Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі парлямэнт сёньня заклікаў правесьці ў Беларусі новыя прэзыдэнцкія выбары. Таксама прапануецца ўжыць эканамічныя санкцыі і выключыць Беларусь з праграмы «Ўсходняе партнэрства». Аналітыкі ацанілі гэты дакумэнт як самую жорсткую з усіх рэзалюцыяў, якія Эўразьвяз калі-небудзь прымаў у справе Беларусі.

У першым пункце рэзалюцыі Эўрапарлямэнт «заклікае да новых выбараў», адпаведных дэмакратычным стандартам АБСЭ. Каардынатар кампаніі «За свабодныя і справядлівыя выбары — 2010» Віктар Карняенка лічыць, што новыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі можна было б абвясьціць ужо праз тры месяцы:

Віктар Карняенка
«Каб правесьці такія выбары, неабходна забясьпечыць тры рэчы. Прычым ня толькі заканадаўча. Першая — гарантаваць прадстаўніцтва апазыцыйных структур у камісіях. Другая — забясьпечыць працэдурна падлік галасоў на заканадаўчым узроўні. Сёньня камісіі ня лічаць галасы, вынікі абвяшчае старшыня. Трэцяя — забясьпечыць мэханізм аспрэчваньня тых рашэньняў, якія не задавальняюць той ці іншы бок. Сёньня мэханізму аспрэчваньня рашэньняў улад не існуе».

Віктар Карняенка кажа, што ўсе гэтыя ўмовы былі своечасова перададзеныя ў Цэнтравыбаркам. Але там да іх не прыслухаліся.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных на просьбу «Свабоды» пракамэнтаваць сёньняшнюю рэзалюцыю адказаў, што канчатковае рашэньне па Беларусі будзе прынятае толькі 31 студзеня. І прымаць яго будуць міністры замежных спраў краін Эўразьвязу:

Андрэй Савіных
«Цяпер робіцца шмат заяваў па дадзеным пытаньні. Мы іх уважліва аналізуем, прымаем да ведама, зьвяртаем увагу на кантэкст і зьмест. Тым ня менш афіцыйная пазыцыя Рэспублікі Беларусь будзе выказаная толькі па выніках гэтага працэсу».

У трынаццатым пункце рэзалюцыі па Беларусі Эўрапарлямэнт «заклікае Раду разгледзець магчымасьць прыпыненьня ўдзелу Беларусі ва „Ўсходнім партнэрстве“ на саміце „Ўсходняга партнэрства“ ў Будапэшце, калі да гэтага ня будзе прымальнага тлумачэньня і значнага паляпшэньня сытуацыі ў Беларусі, пры гэтым прыпыненьне не распаўсюджваецца на няўрадавыя арганізацыі і грамадзянскую супольнасьць».

Уладзіслаў Вялічка
Сьпікер Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства Ўладзіслаў Вялічка мяркуе, што такі падыход трэба было зафіксаваць у рэзалюцыі:

«Ён сапраўды разводзіць ролі беларускай дзяржавы і беларускай грамадзянскай супольнасьці ў гэтым працэсе. Аднак трэба разумець, што гэта нічога добрага для нашай краіны не нясе. Калі так здарыцца, што паляпшэньняў у Беларусі не адбудзецца і калі будзе прынятае рашэньне аб выключэньні краіны зь дзяржаўнага вымярэньня, гэта адкіне Беларусь назад у працэсе ўзаемадзеяньня з Эўропай. А грамадзянская супольнасьць ня ў стане гэтага кампэнсаваць. А па-другое, пакуль цяжка прагназаваць, як да гэтага паставяцца іншыя краіны „Ўсходняга партнэрства“.

Так што гэты пункт рэзалюцыі адпавядае сучаснай сытуацыі. Але трэнд, на жаль, вядзе ў нэгатыў».

Мечыслаў Грыб
Былы старшыня беларускага парлямэнту Мечыслаў Грыб мяркуе, што санкцыі да ўладаў Беларусі, якія сёньня прапанаваў Эўрапейскі парлямэнт, могуць ня даць чаканага эфэкту:

«Мне падаецца, што Эўропа і сёньня няздольная вельмі актыўна паўплываць на ўлады Беларусі. Гэта зусім іншыя людзі, у іх абсалютна іншы мэнталітэт параўнальна зь беларускімі чыноўнікамі. І яны ніколі ня могуць пайсьці на грубыя і дзёрзкія крокі, якія дазваляе сабе беларуская ўлада. Як кажуць, супраць лому няма прыёму, акрамя другога лому. Але ўзяць такі лом Эўропа, як я думаю, няздольная».

Разам з тым былы сьпікер адзначае, што дагэтуль той жа Эўрапейскі парлямэнт ніколі не прымаў такіх жорсткіх рэзалюцыяў:

«Але гэта пакуль толькі прапановы. Паглядзім, колькі іх трапіць у канчатковы дакумэнт 31 студзеня».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG