Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Калі ты званар ці калі ты паэт, жыві ў вязьніцы,” – гэтак сёньня парафразуюцца вядомыя радкі Ўладзімера Някляева, які ўжо цэлы месяц знаходзіцца ў турме КДБ. Што прывяло паэта ў палітыку і за краты – імкненьне паглядзець у вочы роднаму народу ці чыйсьці разьлік? Пра гэта ды іншае за круглым сталом у “Доме літаратара” разважаюць філёзаф Валянцін Акудовіч, паэт і публіцыст Сяргей Законьнікаў, празаік Наталка Бабіна і паэт, намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Эдуард Акулін.



Міхась Скобла
Міхась Скобла:
“Спадарства, давайце пачнем нашу размову зь невялічкага экскурсу ў гісторыю. Калі азірнуцца назад, то ўбачым, што беларуская літаратура і турма ўвесьчасна перасякаліся. Прыкладам, Якуб Колас сядзеў яшчэ ў царскай турме, Ларыса Геніюш – у турме савецкай, Славамір Адамовіч – у турме пры Лукашэнку. Чым зьвязьненьне Ўладзімера Някляева адрозьніваецца ад зьвязьненьняў іншых пісьменьнікаў?”

Валянцін Акудовіч
Валянцін Акудовіч:
“Калі ня браць пад увагу Славаміра Адамовіча, то розьніца ад усіх папярэдніх у тым, што Някляеў зьвязьнены ўжо сваёй, незалежнай дзяржавай. Прычым, зьвязьнены паэт, які ня проста недзе ў падпольлі знаходзіцца, у супраціве, а паэт, які зьяўляўся кандыдатам у прэзыдэнты. На той момант ён і Аляксандар Лукашэнка былі абсалютна роўныя па статусе. І вось адзін кандыдат у прэзыдэнты зьвязьнівае другога кандыдата. Гэта ўвогуле беспрэцэндэнтны выпадак”.

Сяргей Законьнікаў
Сяргей Законьнікаў:
“Сапраўды ў Беларусі выдатныя творцы часта траплялі за краты. Для мяне гэтая тэма вельмі блізкая, бо мой дзядзька Сяргей Ракіта таксама згінуў у сталінскіх турмах. Бабуля мне яшчэ малому расказвала, як яна езьдзіла ў перасыльную турму і што там бачыла. А што датычыць канкрэтна Ўладзімера Някляева, то тут я згодны з Валянцінам. Кандыдат у прэзыдэнты Някляеў па загадзе таксама кандыдата ў прэзыдэнты Лукашэнкі быў зьбіты спэцcлужбамі. Яшчэ да завяршэньня выбараў чалавек трапіў пад кастэты і дубінкі спэцназаўцаў. Такога яшчэ сьвет ня бачыў!”.

Скобла: “Больш за 500 пісьменьнікаў і дзеячоў культуры паставілі свае подпісы пад лістом з патрабаваньнем вызваленьня Някляева. Прынялі адпаведныя заявы Саюз беларускіх пісьменьнікаў, а таксама беларускі, літоўскі, польскі Пэн-Цэнтры, а таксама Эўрапарлямант. Гэта ўсё для дыктатарскай улады нешта значыць? Ці гэта для яе – пусты гук, і яна прызнае толькі нейкія эканамічныя санкцыі?”


Эдуард Акулін
Эдуард Акулін:
“Любы голас падтрымкі ў сёньняшняй сытуацыі вельмі важны. Галоўнае – не маўчаць. Калі мы ня будзем маўчаць, то нас пачуюць. Калі ня ўлада, дык Гасподзь Бог, і дапаможа ўсё ж выйсьці з гэтай абразьлівай сытуацыі, калі паэт, якога называюць голасам беларускага сумленьня, аказаўся за кратамі”.

Акудовіч: “Я думаю, што для беларускай улады ўсе гэтыя пратэсты сапраўды – пусты гук. Усе заявы гуманітарных арганізацый, творчых саюзаў, якія ня могуць рэальна паўплываць на ўладу, для нашай ўлады ня ёсьць вартымі ўвагі. Яна пабудаваная так, што зьвяртае ўвагу толькі на тое, што ёй рэальна пагражае. А які б ні быў шырокі грамадзкі рух, ён тут нічога ня зьменіць, калі ён ня мае ўплыву на нейкія інстытуты, якія маюць палітычную, эканамічную ці фінансавую вагу. Улада рэагаваць ня будзе: гудзяць – і хай сабе гудзяць”.

Скобла: “У прапагандысцкім фільме “Жалезам па шкле”, які разоў тры быў паказаны па дзяржаўных тэлеканалах, – ні слова пра тое, што Някляеў не дайшоў да Плошчы, быў зьбіты раней. Наадварот, кадры змантаваныя так, што ён выступае менавіта на Плошчы. Але ці не найбольш цынічна павёў сябе старшыня прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў Мікалай Чаргінец, які ня толькі ня выказаў маральнай падтрымкі свайму калегу, але і параўнаў яго з “кацянём, якое нарадзілася ў стайні і патрабуе сабе пашпарт каня”. Што вы можаце сказаць з нагоды такой пісьменьніцкай “салідарнасьці”?”

Наталка Бабіна
Наталка Бабіна:
“Вы ж бачылі, якую буру абурэньня выклікалі гэтыя словы Чаргінца ў інтэрнэце. Я хачу прывесьці маленькі прыклад. Мой тата, якому 75 гадоў, – чалавек вельмі стрыманы і спакойны, далёкі ад літаратуры. Але пачуўшы гэтыя словы Чаргінца, ён сказаў: “Ён сам пасьля гэтага – конь”. Што тут доўга гаварыць… Я прынесла з сабою кнігу Някляева “Прошча”, якую я ўзяла ў бібліятэцы, таму што ў крамах няма яго кніжак, раскупілі. Прачытаю літаральна два радкі, якімі пачынаецца паэма “Зона”: “Я не парушыў, хоць знаўся зь віной, ні чалавечых, ні Боскіх законаў…” Я веру гэтым радкам Някляева, а Чаргінцу – ня веру. Калі чытаеш таленавітыя вершы, таленавітую літаратуру, яна ўзьнімае. Калі чытаеш вершы Някляева – гэта як разцом па сэрцы. А калі мы чытаем Чаргінца ў апошнім нумары “Нёмана”… Госпадзе Божа мой, якое атупеньне апускаецца на душу! Я, шчыра кажучы, прачытаўшы Чаргінца ў “Нёмане”, вырашыла, што больш чытаць гэты часопіс ня буду”.

Скобла: “Што ўсё ж падштурхнула Чаргінца на такія заявы адносна Някляева?”


Законьнікаў:
“Як мне падаецца, тут прысутнічае звычайная чалавечая зайздрасьць. Справа ў тым, што Валодзя Някляеў можа і ў жыцьці, і ў творчасьці ўзмахнуць крылом. Мы ведаем, што стаіць за гэтымі словамі, мы ведаем, якія ён можа напісаць творы і як ён можа паступіць у жыцьці. Гэта ён даказаў на прэзыдэнцкіх выбарах. А гэтыя людзі, якія сядзяць, як мышы пад венікам, гэтыя халуі і лёкаі ўлады, яны і ў творчасьці такія ж шэрыя”.

Акулін: “А мне хочацца нагадаць спадару Чаргінцу, што ў стайні калісьці нарадзіўся наш Збаўца, Ісус Хрыстос. Хай пра гэта ён таксама не забывае”.
апошнія падзеі могуць стаць магутным штуршком для таго, каб мы вылучылі Ўладзімера Някляева на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі ...

Бабіна
: “Мне здаецца, што мы сёньня павінны не забываць ня толькі пра паэта Някляева, а пра ўсіх тых, хто быў затрыманы і сёньня знаходзіцца ў турме. Мы павінны дамагацца іхняга як найхутчэйшага вызваленьня. А што датычыць Някляева, то мне падаецца, што мы сёньня гаворым пра магчымага нобэлеўскага ляўрэата. Някляеў – выдатны паэт. Выдатных паэтаў на сьвеце многа, але Нобэлеўскі камітэт зьвяртае ўвагу яшчэ і на тое, як творчая дзейнасьць паэта адбіваецца на грамадзтве краіны, у якой ён жыве. Мне здаецца, што апошнія падзеі могуць стаць магутным штуршком для таго, каб мы вылучылі Ўладзімера Някляева на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі, і каб ён гэтую прэмію атрымаў”.

Скобла: “Мы ўсе ведаем значнасьць паэта Някляева. Хацелася б пажадаць яму годных перакладаў на тыя мовы, на якіх чытаюць швэдзкія акадэмікі… Днямі па тэлеканале “Белсат” быў паказаны дакумэнтальны фільм пра паэта, дзе рэфрэнам гучалі ягоныя радкі: “Калі ты званар ці калі ты паэт, жыві на званіцы”. Выходзіць, што не атрымалася там жыць. Наколькі для Някляева ўвогуле характэрна ці нехарактэрна, вобразна кажучы, жыць на званіцы, быць над спохваткай?”

Акулін:
“Як мне здаецца, Уладзімер Пракопавіч Някляеў ні на кропку не адышоў ад таго, што напісаў у гэтых радках. У сёньняшняй нашай сытуацыі турэмная вязьніца – гэта і ёсьць званіца. І, парафразуючы згаданыя радкі, можна сказаць і так: “Пазбыўшы нябыт, ты зьявіўся на сьвет, каб сьвету зьдзівіцца. Калі ты званар ці калі ты паэт – сядзі ў вязьніцы”.
Талент паэта – самы вялікі ў Някляеве, але ён не адзіны, і таму ў ім паэт змагаецца з грамадзянінам, грамадзянін з палітыкам, актор з пустэльнікам і г.д. ...

Акудовіч: “Калі я не памыляюся, гэта радкі з паэмы “Прошча”, назва якой стала назвай кнігі, выпушчанай да 50-гадовага юбілею Някляева. Дарэчы, я быў яе рэдактарам. Але што да вашага пытаньня. Я нядаўна згадваў іншыя радкі Ўладзімера Някляева: “Як ты паэт – жыві адзін”. Бачыце, паэтычныя дэклярацыі Някляева, прыгожыя, моцныя і шчырыя ў момант фармуляваньня, не заўсёды супадаюць з усёй сутвай самога Някляева. Ён вельмі багаты на таленты. Гэта чалавек, у якога проста процьма самых розных талентаў, прычым, усе яны не абы-якія. Талент паэта – самы вялікі ў Някляеве, але ён не адзіны, і таму ў ім паэт змагаецца з грамадзянінам, грамадзянін з палітыкам, актор з пустэльнікам і г.д. Я думаю, што словамі “жыві на званіцы” паэт заклікаў самога сябе: “жыві адзін”. Але іншыя таленты, сама натура яго ўвесь час клікала ў народ, на стадыён, каб давесьці вялікім масам людзей прыгажосьць сваёй паэзіі, сваёй праўды, сваіх ідэалаў паэтычных. І якраз гэтая яго другая частка ў апошні момант, калі ён пайшоў у палітыку, перамагла”.

Скобла: “А на вашу думку, спадар Сяргей, што прымусіла Някляева даволі нечакана кінуцца стрымгалоў у палітычны вір?”

Законьнікаў: “Я ведаю Валодзю Някляева больш за 40 гадоў. Мы сябруем, сябруем ня толькі ў застольлі, але і ў жыцьці адзін аднаго падтрымліваем. Я ніколі не забудуся, як Валодзя дастаў з кішэні апошнія грошы, калі мне трэба было адкрываць незалежны часопіс, і аддаў мне. І я яго падтрымліваў у публікацыі твораў і г.д. Ведаючы выдатна Валодзю, магу сказаць, што ён рашыўся на палітычную дзейнасьць толькі таму, што зразумеў – больш няма каму. Ён пайшоў у палітыку, каб узьняць людзей, ён верыў у тое, што можа зрабіць больш, чым звычайны лінейны палітык. І, як паказала жыцьцё, Валодзя змог ускалыхнуць людзей болей, чым тыя палітыкі, якія працуюць на беларускім палітычным полі ўжо 20 гадоў”.

Акулін: “Я думаю, што гэта быў голас ягонай душы, якая, мне здаецца, у многіх праявах, і жыцьцёвых, і творчых, чуе голас Бога. Ён пачуў пакліканьне Божае і вырашыў сапраўды адазвацца на гэты голас. Тут я згодны зь Сяргеем Іванавічам – хто ж, калі не Някляеў. Уладзімер Пракопавіч і ў паэзіі, і ў жыцьці стараецца жыць так, як яму падказвае сэрца, падказвае яго беларуская душа”.

Скобла: “Днямі я зайшоў у “Кніжны салён”, што ў Менску на вуліцы Калініна, і загадчыца кнігарні спыталася ў мяне: дзе можна знайсьці кнігі Някляева, якія раптоўна сталі дэфіцытам. Таму што – розгалас, таму што ён стаў удзельнікам падзеі… І мне прыгадаліся словы Ганны Ахматавай пра арыштаванага Іосіфа Бродзкага: “Якую біяграфію яны яму робяць!”. Ці патрэбная Ўладзімеру Някляеву такая біяграфія – біяграфія вязьня лукашэнкаўскай турмы?”
Што да Някляева, то я думаю так: зьбітым валяцца на нарах, ня ведаючы, чым усё скончыцца, – наўрад ці некаму патрэбная такая біяграфія ...

Акудовіч:
“Мяне захапляе відушчасьць геніяльнай расейскай паэткі, якая адчула ў маладзенькім хлопчыку Бродзкім свайго канкурэнта, які яе можа зацьміць. Што да Някляева, то я думаю так: зьбітым валяцца на нарах, ня ведаючы, чым усё скончыцца, – наўрад ці некаму патрэбная такая біяграфія. Разам з тым, будзем разумець, што Някляеў – гэта ня нейкая лялька-паінька са школьных хрэстаматый. Някляеў – вельмі яркая і маштабная асоба, неверагодна энергетычная і разам з тым дастаткова амбітная ў добрым сэнсе гэтага слова. Ён увесь час імкнуўся да вяршыняў – паэтычных і адміністрацыйных. Заўважце, ён быў старшынёй беларускага Пэн-Цэнтру, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, узначальваў часопіс “Крыніца”. Някляеў сябруе з вышынёй, ён любіць вышыню. Я згадваў ужо, што адзін зь ягоных талентаў – гэта публічны талент. І вось гэты талент быць на людзях, кіраваць людзьмі і прывёў яго ў палітыку. І ён быў гатовы, што яго палітычная біяграфія можа складвацца і з кратаў, і з усякіх іншых нядобрых рэчаў. Гэта ня значыць, што ён наўмысна, дзеля біяграфіі, імкнецца дзесьці быць, але тое, што ён хоча мець вялікую біяграфію – гэта так”.

Скобла: “Ці не ва ўсіх выдатных творцаў адносіны з народам няпростыя. Асабліва ў творцаў беларускіх… Мы ўсе часам любім падыскутаваць на тэму: ёсьць беларускі народ, ці яго няма? Вось Някляеў і захацеў праверыць, наколькі ён шматлікі, паглядзець яму ў вочы – заклікаў людзей прыйсьці на плошчу”.

Акудовіч: “З аднаго боку, гэта залішне рамантычная вэрсія. Але, разам з тым, штосьці ў ёй ёсьць. Ня думаю, што Някляеў ішоў у палітыку, каб праверыць, ці слухае народ свайго паэта, ці ёсьць ён увогуле, народ. Але паэт ведаў гэтую праблему, скажам так. Я неаднойчы казаў, і яму было гэта вядома, што беларусы ня выберуць сабе прэзыдэнтам паэта. І прыклад Вацлава Гаўла тут не працуе. Рэч у тым, што беларусы як нацыя фармуюцца, а можа, і сфармаваныя на сацыяльных каштоўнасьцях. Паэта можа выбраць прэзыдэнтам толькі нацыя, якая сфармаваная на культурных каштоўнасьцях. Вось у чым розьніца беларусаў з чэхамі. Тое, што мы сфармаваныя на сацыяльных каштоўнасьцях, нас не прыніжае, але пра што кажа? Нашы людзі адпаведна сваім каштоўнасьцям і будуць выбіраць лідэра”.

Законьнікаў: “Мне здаецца, што тут варта згадаць словы старажытнага кітайскага мысьляра Канфуцыя, які яшчэ 2 500 гадоў таму сказаў: “Хопіць клясьці цемру – лепш запалі сваю маленькую сьвечку”. Валодзя гэта зрабіў. Ён запаліў нават не маленькую сьвечку, а вялікую паходню, і за гэтым сьвятлом пайшлі людзі”.

Скобла: “Калі сьвечка ці паходня гараць, то яшчэ больш відавочная цемра навакол…”

Бабіна: “Як расцэньваць факт турмы ў біяграфіі пісьменьніка? Нам увогуле гэта нікому ня трэба. Мы і так жывем у вельмі чорным, цяжкім пэрыядзе. Але тут такая парадаксальная сытуацыя, мы мусім праз гэта прайсьці. Разумееце, “у крывавых муках мы народзім жыцьцё Рэспублікі сваёй”. Тое, што сёньня адбываецца, сапраўды можна параўнаць з родамі. Гэта цяжка, гэта страшна, гэта балюча, але заўсёды вялікая радасьць, калі нараджаецца дзіця, калі нараджаецца народ. Можа, гэта прагучыць патасна, але мне падаецца, што грамадзянская супольнасьць у сёньняшняй Беларусі ўжо нарадзілася і ўсталёўваецца. Трэба праз гэта прайсьці. Вядома, цяжка, вядома, страшна, вельмі старшна за ўсіх тых, хто цяпер у вязьніцы, мы ня ведаем пра іх стан, мы ня ведаем, што там зь імі робяць… Але куды ад гэтага падзецца? Так усё склалася, і ад кожнага з нас залежыць, што будзе далей”.

Акулін:
“Мне згадаліся словы народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна – з прадмовы да кнігі Някляева, якая выйшла ў “Беларускім кнігазборы”. Паэзія Някляева, як сказаў Рыгор Іванавіч, гэта Амэрыка, якую трэба адкрываць, а Калюмб яшчэ расьце… Я тут цалкам згодны з Наталкай Бабінай, якая сказала, што нам ня трэба чакаць, пакуль вырасьце гэты Калюмб, ужо сёньня і Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, і беларускаму Пэн-Цэнтру трэба выступаць з ініцыятывай і вылучаць Уладзімера Някляева на Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры за 2011 год. Ягоны лёс, ягоная творчасьць гэтаму адпавядаюць”.

Законьнікаў:
“У характары Валодзі Някляева прысутнічае пачуцьцё годнасьці. На сваёй кнізе “Цэнтар Эўропы” ён мне напісаў: “Сяргей, травою зарасьлі равы, траншэі і акопы, і можна папаўзьці ў Эўропу, ды досыць поўзаць па зямлі – пайшлі”. У поўны рост устаць і пайсьці да свабоды – да гэтага заклікае і сваёй творчасьцю, і сваёй грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю Ўладзімер Някляеў”.

Скобла: “У час, калі разгромленыя палітычныя партыі і многія грамадзкія арганізацыі, ці здолеюць беларускія пісьменьнікі мабілізавацца, каб проста, па-за межамі ўсякіх кампаній, гаварыць народу праўду, дапамагчы нашаму грамадзтву асэнсаваць тое, што адбылося месяц таму?”


Законьнікаў: “Вы заўважылі, што галаварэзы зь ліку сілавікоў 19 сьнежня білі людзей пераважна па галаве? Разумееце – б’юць па галаве, б’юць па цемечку нацыі, выбіваюцца самыя лепшыя, самыя разумныя і таленавітыя людзі. Гэта тычыцца ня толькі пісьменьнікаў. Я маю на ўвазе ўсіх, хто выйшаў на Плошчу. Я проста ганаруся мужнасьцю гэтых людзей. А што тычыцца творчасьці, то яна заўсёды вырастае на іншадумстве. Якая можа быць творчасьць, калі ты будзеш з усім згаджацца з уладай? Ад згодніцтва скісне ўся творчасьць, і будзе балота ў краіне. Быць пісьменьнікам сёньня ў Беларусі – вельмі складана. Але – патрэбна. Таму што для нашых людзей тая місія асьветніцтва, якую нясуць пісьменьнікі, вельмі важная. Пра гэта нельга забываць”.

Скобла: “Вызвольная літаратура” – гэта ваш тэрмін, спадар Валянцін. Дык ці здольная беларуская літаратура быць і надалей вызвольнай, ці сьцяг змаганьня выпадзе зь яе рук?”

Акудовіч:
“Яна зноў яго падыме над сабой, але гэта нядобра. Літаратура павінна быць вольнай, калі заўгодна, і ад вызвольнасьці. Вызвольнасьць павінна зьяўляцца там, дзе яна патрэбная канкрэтнаму літаратару. А сёньня, калі гэты жах ня скончыцца, калі гэты змрок не разьвеецца – пад уплывам Захаду, Усходу, Пана Бога – то мы, хочам ці ня хочам, ізноў апынемся ў сытуацыі, калі нам усім трэба будзе рабіць нейкія крокі да вызваленьня. І я пра гэта кажу са шкадаваньнем. Таму што барыкады мала дадаюць літаратуры, больш адымаюць”.

Бабіна:
“Як мне падаецца, літаратура – гэта квінтэсэнцыя жыцьця. Жыцьцё – гэта заўсёдная барацьба паміж дабром і злом, паміж д’яблам і Богам. Зь якой мерай таленту пісьменьнік можа адлюстраваць гэтую барацьбу – залежыць ад яго. Але калі ты сьвядома стараесься адысьці ад гэтага адлюстраваньня, то ты адыходзіш і ад літаратуры”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG