Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Луіс Аяла: "Ніколі не чакаў, што такое можа быць у Эўропе"


Луіс Аяла
Луіс Аяла
Генэральны сакратар Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу Луіс Аяла, які завяршыў свой візыт у Менск, заклікаў беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць усіх, хто быў зьняволены пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Візыт Луіса Аялы загадзя не плянаваўся. Генсек Сацынтэрну прыляцеў у Менск увечары 18 студзеня і амаль да трэцяй гадзіны ночы чакаў у аэрапорце, каб яго прапусьцілі на тэрыторыю Беларусі. Ва ўсіх размовах спадар Аяла адзначаў, што Беларусь цяпер робіцца прыярытэтным напрамкам у дзейнасьці Сацынтэрну. Ён прыехаў, каб вывучыць сытуацыю ў Беларусі, і правёў сустрэчы зь беларускімі сацыял-дэмакратамі, сваякамі зьняволеных, прадстаўнікамі штабоў кандыдатаў і праваабаронцамі. Ён заклікаў працаваць над удасканаленьнем працэдуры выбараў у Беларусі ў бок празрыстасьці і дэмакратычнасьці, а таксама вызваліць усіх зьняволеных 19 сьнежня.
Мы былі шакаваныя ...

"Мы сачылі за разьвіцьцём сытуацыі пасьля 19 сьнежня. Мы былі шакаваныя, і гэта нас закранула як палітыкаў і як людзей. Мы бачылі, што 19 сьнежня законныя мэтады вырашэньня праблемаў не прымяняліся. Мы бачылі справаздачу АБСЭ пра парушэньні, якія былі падчас выбараў. Але шлях вырашэньня праблемаў быў зачынены. Нашу ўвагу да падзеяў у Беларусі прыцягнула тое, што ўзровень гвалту пасьля выбараў зашкаліў за ўсе магчымыя нормы. Асабліва гэта тычыцца дэманстрацыі, якая адбылася пасьля выбараў. Зь людзьмі, якія выйшлі на плошчу, каб выказаць свае спадзяваньні адносна выбараў, з кандыдатамі і іх прыхільнікамі — зь імі абышліся надзвычай гвалтоўна".

Луіс Аяла заклікаў беларускія ўлады і асабіста Аляксандра Лукашэнку неадкладна і безумоўна вызваліць усіх зьняволеных. Ён лічыць недапушчальным тое, што арышт працягваецца ўжо месяц, што было арыштавана больш за 700 чалавек і што арышт быў брутальным.

"Мы лічым, што павінны рухацца далей, і гэта агульнае выпрабаваньне для ўсіх нас. Але пачаць мы павінны неадкладна з вызваленьня палітычных вязьняў. Некаторыя знаходзяцца ў цяжкім фізычным стане і ім патрэбная ўвага лекараў. І мы заклапочаныя таксама тым, што мой сябар Мікалай Статкевіч трымае галадоўку. Мы павінны рабіць экстрэмальныя захады, бо людзі цяпер адчуваюць сябе бясьсільнымі і ў ізаляцыі".

Спадар Аяла ня змог сустрэцца са зьняволенымі экс-кандыдатамі, у тым ліку зь Міколам Статкевічам. Ён адзначыў, што сустрэча не дазваляецца нават сваякам і адвакатам. Таму ён "нават не спадзяваўся", што яму дазволяць такую сустрэчу. Паводле спадара Аялы, "першапачаткова трэба адчыніць дзьверы турмы і пусьціць туды сваякоў і адвакатаў". Ён сказаў, што "такое здаралася раней у Чылі і Аргентыне, але ніколі не чакаў, што такое можа быць у Эўропе".
Як кандыдаты могуць быць арыштаваныя? ...

"Я назіраў за выбарамі ў шмат якіх краінах сьвету і нідзе ня бачыў, каб усе кандыдаты ў прэзыдэнты былі арыштаваныя. Гэта нешта вельмі шакуючае для мяне. Гэта прыцягвае ўвагу кожнага. Як кандыдаты могуць быць арыштаваныя? Гэта няправільна".

Спадар Аяла сказаў, што цяпер у Беларусі дзьве дарогі: альбо рухацца наперад, альбо апынуцца ў яшчэ большай ізаляцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG