Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядучы ток-шоў тэлеканалу АНТ "Выбар" Сяргей Дарафееў адхілены ад працы ў эфіры


Сяргей Дарафееў

Сяргей Дарафееў

Пра гэта ён сам паведаміў БелаПАН пасьля сустрэчы з кіраўніцтвам тэлеканалу 20 студзеня.

19 сьнежня ў эфіры АНТ выйшла ток-шоў "Выбар", прысьвечанае вынікам прэзыдэнцкіх выбараў, падчас якога незадаволеная вострымі пытаньнямі старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына пакінула студыю. Пасьля гэтай праграмы Дарафеева накіравалі ў адпачынак, а праекты "Выбар" і "Выбар+" у эфір больш не выходзілі.

Як паведаміў Дарафееў, за ім захаваная пасада дырэктара дырэкцыі ранішняга вяшчаньня АНТ, але "аб працы ў эфіры гаворкі не ідзе", бо "кіраўніцтва той праграмы выказала незадаволенасьць ёю".

"Я рады таму факту, што ўсё вызначылася, у мяне зьявілася больш часу для адукацыі, удасканаленьня замежнай мовы. Магчыма, у будучыні разгледжу прапановы аб працы збоку",— сказаў Дарафееў.

Ён выказаў упэўненасьць, што ягоная кар'ера тэлевядучага не завершыцца.

Дарафееў не валодае інфармацыяй пра лёс ток-шоў "Выбар". Паводле яго слоў, вядома, што ў бліжэйшы панядзелак праекту ня будзе.

А. Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі 20 сьнежня выказаў абурэньне перадачай "Выбар" за 19 сьнежня, назваўшы Дарафеева "неапераным журналістам, якога трэба паставіць на месца".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG