Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Амэрыканскія сэнатары: Эўропа і ЗША мусяць гаварыць зь Беларусьсю адзіным голасам



Адказам на грубыя дзеяньні і палітыку Лукашэнкі мусяць стацца жорсткія супольныя санкцыі ЗША і Эўразьвязу. Пра гэта шэсьць амэрыканскіх сэнатараў пішуць у лісьце вярхоўнай прадстаўніцы ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Эўразьвязу Кэтрын Эштан.

"19 студзеня 2011 г.

Баранэсе Кэтрын Эштан
Вярхоўнай прадстаўніцы ў замежных справах і палітыцы бясьпекі

Паважаная спадарыня Эштан,

Мы пішам Вам, каб выказаць наша перакананьне ў важнасьці моцнага, прынцыповага, супольнага адказу з боку Эўрапейскага Зьвязу і Злучаных Штатаў на рэпрэсіі ў Беларусі. Мы былі глыбока ўсьцешаныя супольнай заявай, якую Вы і дзяржаўны сакратар Гілары Клінтан прынялі ў мінулым месяцы, дзе былі асуджаныя жорсткія дзеяньні беларускіх уладаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня, і супольнай заявай, прынятай Вамі раней у гэтым месяцы ў адказ на закрыцьцё місіі АБСЭ ў Менску. Мы думаем, што такая шчыльная трансатлянтычная каардынацыя мае надзвычайную важнасьць. У максымальна магчымай ступені Злучаныя Штаты і Эўрапейскі Зьвяз мусяць гаварыць адзіным голасам з уладай і народам Беларусі.

З гэтай самай прычыны мы таксама мяркуем, што за моцнымі выказваньнямі, ужытымі Злучанымі Штатамі і Эўразьвязам на працягу апошніх тыдняў, мусяць быць ужытыя гэткія ж моцныя трансатлянтычныя дзеяньні, якія будуць мець вельмі рэальныя і значныя наступствы для прэзыдэнта Лукашэнкі і іншых беларускіх урадоўцаў, якія нясуць адказнасьць за парушэньні правоў чалавека, відавочныя фальшаваньні падчас сьнежаньскіх выбараў і затрыманьне апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты і партыйных лідэраў. У прыватнасьці гэтыя дзеяньні мусяць улучаць у сябе ўзмацненьне санкцыяў у дачыненьні да рэжыму і ўзмацненьне падтрымкі беларускаму народу.

Як Вы ведаеце, у кастрычніку 2008 году Эўрапейскі Зьвяз прыпыніў дзеяньне некаторых санкцыяў у дачыненьні да высокіх беларускіх урадоўцаў у спадзяваньні разьвіваць лепшыя стасункі зь Менскам і заахвочваць пашырэньне дэмакратычных свабодаў у Беларусі. Улічваючы абуральныя паводзіны рэжыму Лукашэнкі на працягу апошніх тыдняў, мы спадзяемся, што Эўрапейскі Зьвяз неадкладна адновіць адрасныя санкцыі ў дачыненьні да кіраўніцтва Беларусі, улучна з замарожваньнем рахункаў і візавымі забаронамі, а таксама да членаў сем'яў кіраўнікоў рэжыму ў тых выпадках, калі на гэта будуць абгрунтаваныя прычыны.

Разам з тым мы лічым важным ужыць і дадатковыя захады. У прыватнасьці, мы заклікаем Эўрапейскі Зьвяз падтрымаць Злучаныя Штаты і забараніць дачыненьні з кантраляваным дзяржавай канцэрнам «Белнафтахім», крайне важным для фінансавага дабрабыту рэжыму прэзыдэнта Лукашэнкі. З увагі на тое, што Эўрапейскі Зьвяз уяўляе сабой галоўны рынак прадукцыі «Белнафтахіму», супольныя санкцыі ЗША і Эўразьвязу сталіся б моцным папярэджаньнем прэзыдэнту Лукашэнку, што трансатлянтычная супольнасьць больш не зьбіраецца цярпець яго грубыя дзеяньні і палітыку.

У дадатак да ўзмацненьня санкцыяў, Злучаныя Штаты і Эўразьвяз таксама павінны прыкласьці супольныя намаганьні, каб дамагчыся неадкладнага вызваленьня ўсіх апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты і партыйных лідэраў, а таксама выказаць адназначную салідарнасьць з шматлікімі іншымі адважнымі беларусамі, якія чакаюць ад трансатлянтычнага сьвету сілы і падтрымкі. Мы былі глыбока ўсьцешаныя дзеяньнямі польскіх уладаў у гэтым сэнсе і спадзяемся, што рэшта трансатлянтычнай супольнасьці пойдзе за прыкладам Варшавы. У прыватнасьці мы лічым, што Эўразьвязу і Злучаным Штатам варта аднавіць і павялічыць матэрыяльную і тэхнічную падтрымку палітычнай і грамадзянскай супольнасьці і праваабарончым арганізацыям Беларусі. Як Вы ведаеце, гэткая падтрымка ляжала ў аснове палітыкі ЗША і Эўразьвязу аж да леташніх спробаў уцягнуць рэжым Лукашэнкі ў дыялёг. Беларускі народ мусіць ведаць, што Эўрапейскі Зьвяз і Злучаныя Штаты стаяць поплеч на ягоным баку ў змаганьні за свабоду, і што мы гатовыя аказаць яму заўважную і адчувальную падтрымку, каб дапамагчы яму перамагчы ў гэтым змаганьні.

Дзякуем за Вашую ўвагу да гэтай неадкладнай справы.

Джозэф Лібэрман, сэнатар

Джон МакКэйн, сэнатар

Джан Шагін, сэнатар

Рычард Лугар, сэнатар

Рычард Дэрбін, сэнатар

Робэр Кэйсі-малодшы, сэнатар


Копіі: Ежы Бузэку, старшыні Эўрапейскага Парлямэнту і міністрам замежных справаў краінаў Эўразьвязу"

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG