Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве з-за пікету зачынілася беларускае консульства


Сотні палякаў выказалі ў сераду ўвечары салідарнасьць зь беларускімі палітвязьнямі ды прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасьці.

У Варшаве пікет каля амбасады Беларусі працягваўся аж 6 гадзін — ад 13 да 19 мясцовага часу. Пікетоўцы трымалі партрэты палітвязьняў Насты Палажанкі, Ірыны Халіп, Натальлі Радзінай, Міколы Статкевіча, Андрэя Саньнікава, Уладзімера Някляева, Аляксандра Класкоўскага ды іншых.

"У адказ на зварот удзельнікаў акцыі да беларускіх дыпляматаў з заклікам неадкладна вызваліць палітвязьняў тыя не прыдумалі нічога лепшага, як зачыніць консульства, заявіўшы прыкладна 20 палякам, якія прыйшлі па беларускія візы, што пікетоўцы блякуюць іхную працу і пакуль пікет ня скончыцца, консульства працаваць ня будзе", — кажа адзін з удзельнікаў акцыі Сяргей Касьцюковіч.

Пры гэтым, паводле іншага пікетоўца Ігара Крыштона, польскія грамадзяне з разуменьнем паставіліся да патрабаваньняў удзельнікаў акцыі.

"Прамарнаваўшы так людзей да 17 гадзіны, працаўнікі консульства адчынілі сваю ўстанову, і тым, хто застаўся і вытрымаў іх глупства, неяк позна ўвечары спрабавалі дапамагчы", — кажа спадар Крыштон.

Між тым у Кракаве каля 200 чалавек прайшлі ў маршы салідарнасьці зь Беларусьсю ад помніка Тадэвушу Касьцюшку да помніка Адаму Міцкевічу, што на рынкавым пляцы. Удзельнікі акцыі несьлі транспарант з надпісам "Вызваліць палітвязьняў", скандавалі "Жыве Беларусь", "Беларусь без Лукашэнкі!".

Каля помніка Міцкевічу кракаўскія студэнты агучылі прозьвішчы беларускіх палітвязьняў.

У Любліне таксама адбыўся марш праз цэнтар гораду. Пратэстоўцы трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі ды скандавалі "Свабоду Беларусі!", "Стоп рэпрэсіям!". Марш суправаджалі бубнары. Ён скончыўся каля помніка Люблінскай уніі, дзе былі запаленыя сьвечкі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG