Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы іспыт Міхаіла Мясьніковіча


Сёньня ў Маскве адбудзецца сустрэча прэм’ер-міністраў Расеі і Беларусі Уладзімера Пуціна і Міхаіла Мясьніковіча. Для новага беларускага прэм'ера візыт у Расею стане яго першай замежнай паездкай у цяперашняй якасьці.

У Менску бальшыня палітолягаў цьвердзіць: галоўным на сёньняшніх перамовах стане пытаньне пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь. На карысьць гэтай думкі ёсьць як мінімум два аргумэнты. Першы — ад 1 студзеня 2011 году Беларусь не атрымлівае расейскай нафты. Другі — Мясьніковіч, як і ягоныя папярэднікі, лічыцца тэхнічным прэм'ерам. І таму палітычныя праблемы зь ім Пуцін абмяркоўваць ня будзе.

У Маскве погляд іншы. Міхаілу Мясьніковічу абавязкова давядзецца адказваць на непрыемныя для яго прынцыповыя палітычныя пытаньні, лічыць палітоляг Андрэй Суздальцаў:


"Масква вельмі асьцярожна паставілася да падзеяў 19 сьнежня
"Масква вельмі асьцярожна паставілася да падзеяў 19 сьнежня. Яна вітае ўступленьне Беларусі ў Адзіную эканамічную прастору. Але АЭП толькі тады будзе супрацьвагай Эўразьвязу, калі ў ёй аб'яднаюцца дзяржавы, якія больш-менш прытрымліваюцца нормаў дэмакратыі. Хоць нейкіх дэмакратычных нормаў. Хаця б — дэкаратыўных. А цяпер высьветлілася, што ў "тройку" ўваходзіць амаль фашыстоўскі рэжым. І пра гэта Маскве ўжо сказалі на кулюарнай аснове падчас дыялёгу з Эўразьвязам. А ён праходзіць цяпер увесь час".

Андрэй Суздальцаў працягвае:

Мясьніковіча запытаюць: на якой падставе, чаму адбываюцца рэпрэсіі ў духу 1937 году ў цэнтры Эўропы?
"Мясьніковіча запытаюць: на якой падставе, чаму адбываюцца рэпрэсіі ў духу 1937 году ў цэнтры Эўропы? І ягонай задачай у Маскве стане яшчэ раз тлумачыць, што была змова, што была "каляровая рэвалюцыя". А таксама казаць у дадзеным выпадку, што ўсё гэта рыхтавала Эўропа. Але на гэта ён пачуе такое: прабачце, але Менск Эўропе даказвае, што быў пераварот, які рыхтавала Расея".

Эканамісты ведаюць — найбольш валюты Беларусь атрымлівае за кошт продажу на Захад саляркі, бэнзіну, мазуту ды іншых вырабаў з расейскай нафты. Яны ў агульным аб'ёме гандлю з Эўропай складаюць 40%. У рамках Мытнага саюзу Менск дамовіўся, што сёлета ўся расейская нафта пацячэ ў Беларусь бяз мыта. Але Расея ўжо пасьля гэтай дамовы запатрабавала, каб кожная тона нафты стала даражэйшай на 45 даляраў. Пагадзіцца на расейскія ўмовы — значыць страціць каля аднаго мільярда даляраў.

Але Масква мае вельмі моцны аргумэнт на падвышэньне нафтавых цэнаў. Калі пакінуць усё так, як ёсьць, беларусы будуць плаціць за расейскую нафту меней, чым самі расейцы. Таму малаверагодна, што Міхаіл Мясьніковіч зможа вытаргаваць для Беларусі мільярд даляраў, лічыць былы кіраўнік беларускага ўраду Міхаіл Чыгір:

баюся, што яны больш не саступяць нічога
"Яму будзе вельмі цяжка. Дзякуй ім і так за тое, што яны зрабілі для нас. І баюся, што яны больш не саступяць нічога".

Міхаіл Мясьніковіч — ужо шосты пры Лукашэнку прэм'ер. Да яго ўрад ачольвалі Міхаіл Чыгір, Сяргей Лінг, Уладзімер Ярмошын, Генадзь Навіцкі і Сяргей Сідорскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG