Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспазыцыя, прысьвечаная падзеям месяца рэпрэсіяў у Беларусі, адкрылася ў менскай сядзібе Партыі БНФ.

Я расказваю пра гэтую выставу ў вельмі незвычайным месцы. Я знаходжуся цяпер у сапраўднай турэмнай камэры. Менавіта такім спосабам вырашылі зрабіць частку экспазыцыі яе стваральнікі. Інсталяцыя ў натуральную велічыню – тут нары, на іх спальнік, швэдры, жалезная міска і кубак, якія, дарэчы, вынесла з сабою адна зь зьняволеных, закратаванае акно, рукамыйнік, унітаз, цыгарэты. І вельмі сымпатычны і сымбалічны яшчэ адзін прадмет інтэр'еру гэтай камэры – кніга Умбэрта Эка “Рэцыдывісты”, якая, як сказалі арганізатары, прайшла камэры пасьля Плошчы 2006-га і цяпер пасьля Плошчы 2010-га. А побач з гэтай камэраю на сьценах разьмешчаны лісткі перапіскі дзяўчат паміж камэрамі, а таксама рэчы былых вязьняў: шкарпэткі, кніжкі, якія ім перадавалі, усялякія іншыя рэчы побыту.


Адна з былых вязьніц – зусім маладзенькая дзяўчына Даша – расказала, што яна ўпершыню прыйшла на акцыю пратэсту проста таму, што ёй надакучыла слухаць хлусьню. Яна трапіла ў ізалятар на вуліцы Скарыны, адбыла там зьняволеньне, а цяпер сказала, што Каляды, адсьвяткаваныя зь дзяўчатамі за кратамі, былі найлепшыя ў яе жыцьці. Там, у камэры, яна знайшла сваіх самых лепшых сябровак. І выйшла яна адтуль ужо зусім іншым чалавекам.

На сьценах – у працяг экспазыцыі – малюнкі Юрася Шпака-Рыжкова, які адбываў сваё пакараньне ў Жодзіне. Там таксама аркушыкі зь ягонага турэмнага дзёньніка. На сьценах яшчэ й сотні паштовак, якія пісалі вязьням вядомыя людзі Беларусі, а таксама дасылалі ў Беларусь людзі з многіх краінаў на знак падтрымкі зьняволеных.


Апрача былых вязьняў, падчас адкрыцьця выставы выступілі Андрэй Хадановіч, Лявон Вольскі, Уладзімер Арлоў і галоўная арганізатарка Дар'я Каткоўская, якой належыць унікальная роля ў гісторыі гэтага месяца: яна здолела арганізаваць і каардынаваць акцыю салідарнасьці. Даша заклікала прысутных прыходзіць сюды, як яна выказалася трапна і дасьціпна, на сустрэчы выпускнікоў, бо выстава будзе доўжыцца да канца студзеня.

Рукапіс верша Рыгора Барадуліна "Ўзятыя на сьмерць павінны жыць"
XS
SM
MD
LG