Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Расеі прапануе Беларусі адклікаць пазоў з Эканамічнага суду СНД


Калегія Эканамічнага суду СНД сёньня зноў разглядае пазоў Беларусі да Расеі аб неправамоцнасьці зьбіраньня экспартнага мыта на нафтапрадукты.

На папярэднім судовым паседжаньні 7 кастрычніка 2010 году суд даў бакам трохмесячную адтэрміноўку, каб выпрацаваць пагаджальныя мэханізмы па прадмеце спрэчкі, перадае "Інтэрфакс".

9 сьнежня Беларусь, Расея і Казахстан падпісалі пакет з 17 базавых пагадненьняў па фармаваньні адзінай эканамічнай прасторы, а Беларусь і Расея — двухбаковае пагадненьне аб парадку спагнаньня экспартнага мыта на сырую нафту і нафтапрадукты. Гэты дакумэнт дае Беларусі бязмытны рэжым увозу на сваю тэрыторыю расейскай нафты без вызначэньня квот, а таксама адмяняе спагнаньне экспартнага мыта на нафтапрадукты. Усе названыя дакумэнты былі ратыфікаваныя беларускім парлямэнтам і, такім чынам, уступілі для Беларусі ў сілу з 1 студзеня 2011 году.

Раней Міністэрства юстыцыі Беларусі выказвала меркаваньне, што ў выніку можа адклікаць свой пазоў, паколькі прадмет спрэчкі вычарпаны.

Міністар юстыцыі Беларусі Віктар Галаванаў заявіў, што Беларусь пакуль не атрымала канчатковага адказу ад Расеі наконт таго, што двухбаковае пагадненьне аб парадку спагнаньня мыта на нафту і нафтапрадукты ўступіла ў сілу і што не спаганяецца мыта на нафтапрадукты.

"У цэлым цяпер па нафтапрадуктах такая ж сытуацыя, як і па нафце", сказаў міністар.

МЗС Расеі 18 студзеня накіраваў у Беларусь ноту, у якой прапаноўваў беларускаму боку адклікаць свой пазоў з Эканамічнага суду СНД.

Паводле Галаванава, на сёньняшні дзень беларускія прадпрыемствы нафтахіміі, як і беларускія НПЗ, працуюць за кошт унутраных запасаў. Ён таксама адзначыў, што асобныя палажэньні двухбаковага пагадненьня аб парадку падзелу экспартнага мыта маюць патрэбу ва ўдакладненьні. Да прыкладу, беларускія і расейскія экспэрты павінны ўзгадніць пералік нафтапрадуктаў, якія ня будуць абкладацца экспартным мытам.

"Калі ўсе гэтыя пытаньні будуць урэгуляваныя, мы гатовыя адклікаць пазоў", — заявіў міністар.

Адносна ноты расейскага МЗС Галаванаў паведаміў, што беларускі бок просіць адкласьці разгляд гэтага пытаньня ў судзе на тэрмін да двух месяцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG