Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Сёньня ў сядзібе партыі БНФ акрываецца Выстава салідарнасьці, прысьвечаная Плошчы-2010. Яе ладзяць валянтэры, якія ўзялі ўдзел у грамадзянскай акцыі салідарнасьці пасьля падзеяў 19 сьнежня.

Адкрыцьцё выставы Салідарнасьці прымеркаванае на 19 студзеня, каб нагадаць пра тое, што мінуў месяц пасьля падзеяў на плошчы Незалежнасьці. Што за гэты час праз турмы прайшлі сотні чалавек і дзесяткі застаюцца за кратамі. Менавіта турэмныя рэчы, малюнкі і іншыя экспанаты складаюць аснову экспазыцыі – кажа адна з арганізатараў выставы валянтэрка Алена:

"У нас багата экспанатаў, дзе акрамя фотаздымкаў, ёсьць некаторыя рэчы дробныя, якія вязьням удалося вынесьці з турмы. Таксама ёсьць адна вялікая карціна, прысьвечаная гэтым падзея, якую намаляваў малады мастак. Будзе цікавая інсталяцыя, якую мы пакуль трымаем у сакрэце. Спадзяемся, што на ўрачыстым адкрыцьці выставы будуць выступаць вядомыя людзі, таксама самі палітвязьні і валянтэры".

Месца правядзеньне выставы - сядзіба партыі БНФ –абранае не выпадкова. Менавіта у сядзібу БНФ пасьля 19 сьнежня дзесяткі чалавек ішлі сюды, каб перадаць харчы, цёплыя рэчы, альбо дапамагчы перадаваць пасылкі ў турмы для зьняволеных. Людзі адгукнуліся на прапанову юрысткі Дар'і Каткоўскай, якая заклікала на дапамогу неабыякавых людзей. Таму гэтая выстава – памяць і шанаваньне для палітвязьняў, а таксама ўдзельнікаў акцыі Салідарнасьці, кажа Дар'я Каткоўская:

"Мэта гэтай выставы ня толькі ў гонар тых, хто быў на волі і працаваў, а таксама паказаць былым палітвязьням як гэта было. Якая гэта была хваля салідарнасьці, якая найбольшая была ў першыя пасьля падзеяў дні, і якая працягваецца і зараз".

Выстава Салідарнасьці ў сядзібе партыі БНФ адкрыецца 19 студзеня а 20-й гадзіне.
XS
SM
MD
LG