Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19 студзеня спаўняецца роўна месяц з дня прэзыдэнцкіх выбараў і жорсткага разгону мірнай дэманстрацыі на Плошчы Незалежнасьці ў Менску. У сталіцы Беларусі, а таксама іншых гарадах і краінах пройдуць акцыі салідарнасьці.

На дадзены момант за кратамі ўтрымліваецца больш за 20 чалавек, чатыры зь якіх – былыя кандыдаты на прэзыдэнта. Яны зьяўляюцца фігурантамі крымінальнай справы па артыкуле аб "масавых беспарадках".

Сябры, сваякі, звычайныя беларусы з партрэтамі рэпрэсаваных зьбяруцца ў 18 гадзін каля цэнтральнага ўваходу КДБ у Менску. Такім чынам яны хочуць падтрымаць арыштаваных кандыдатаў у прэзыдэнты, сяброў іх штабоў і журналістаў.

Незарэгістраваная аргаізацыя "Малады Фронт" заклікала ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту 19 сьнежня сабрацца на плошчы Незалежнасьці а 20 гадзіне, каб у знак салідарнасьці запаліць сьвечкі. Мяркуецца прыходзіць паасобку і маўкліва ставіць зьнічкі на прыступкі Дому ўраду. Паводле ініцыятараў, "шматлікія кропкі агню ў цемры будуць сьведчыць пра мноства беларусаў, якія прагнуць пераменаў". Актывіст "Маладога фронту" Мікола Дземідзенка адзначыў:

"19 студзеня – роўна месяц ад дня выбараў, ад дня мірнай акцыі, якую ладзіла беларуская апазыцыя ў дзень выбараў, калі стала відавочна, што Аляксандар Лукашэнка прайграў на выбарах. Мы заклікаем усіх неабыякавых людзей, усіх, хто быў 19 сьнежня на плошчы, правесьці індывідуальную акцыю – прыйсьці на плошчу са сваёй зьнічкай, запаліць яе, паставіць на плошчы, каля Дома ўраду, каля помніка, там, дзе адбывалася акцыя. Гэта акцыя будзе сымбалізаваць салідарнасьць з тымі людзьмі, якія знаходзяцца за кратамі па надуманых абвінавачаньнях, зь людзьмі, якія былі зьбітыя на плошчы, кінутыя ў турмы. І прадэманстраваць Беларусі і ўсяму сьвету нашу салідарнасьць. Тое, што мы разам, што мы адчуваем, што ў Беларусь павінны прыйсьці перамены рана ці позна".

Актывісты незарэгістраванай партыі БХД абвясьцілі 19 студзеня агульнабеларускім Днём малітвы за палітвязьняў. Яны заклікалі замаўляць сёньня ва ўсіх храмах краіны малітвы за зьняволеных. Да ініцыятывы далучыліся актывісты Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Прадстаўнік БХД Аляксей Шэін адзначыў:

"Варта падумаць пра тое, што кожны з нас можа зрабіць для таго, каб цемра сыходзіла, усялякае зло адступала, а праўда і справядлівасьць пашыраліся ў нашай краіне".

Акцыі салідарнасьці пройдуць таксама за межамі Беларусі. Да прыкладу, у Кракаве марш салідарнасьці арганізуе беларуская грамада. А ў Нью-Ёрку пройдзе акцыя пратэсту "Free Belarus", у якой прыме ўдзел тэатральная супольнасць Нью-Ёрку. Акцыю ладзяць Беларускі Свабодны тэатр, міжнародная правааабарончая арганізацыя Amnesty International і Public Theater у Нью-Ёрку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG