Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Псыхіятар: "Зламаных псыхалягічна вязьняў асуджаць нельга"


Беларуская турэмная сыстэма — гэта поўны трыюмф самых нізкіх комплексаў чыноўнікаў, ад першай дзяржаўнай асобы да апошняга наглядчыка, сьцьвярджаюць праваабаронцы і адмыслоўцы ў галіне псыхіятрыі.

Для ўзьдзеяньня на зьняволенага, асабліва па сфабрыкаванай справе, шырока выкарыстоўваецца псыхалягічны ціск. У спалучэньні зь іншымі незаконнымі мэтадамі — надуманымі дысцыплінарнымі пакараньнямі, ужываньнем наручнікаў, катаваньнямі і зьбіцьцём, — ён можа паставіць зьняволенага ў бязвыхаднае становішча, і чалавек пачне даваць паказаньні супраць самога сябе. У такіх умовах, лічаць экспэрты, незламаных — меншасьць.

"Катаваньні і захады псыхічнага ўзьдзеяньня па-ранейшаму практыкуюцца"

Паводле экспэрта ў галіне пэнітэнцыярных сыстэм краін СНД, колішняга супрацоўніка расейскай фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў Ігара Карнілава, мэта жорсткага псыхалягічнага ціску на вязьня — у тым, каб схіліць чалавека да патрэбных сьледзтву і вышуку паказаньняў, любымі сродкамі "абламаць" непакорлівага, прымусіць яго пакаяцца ў тым, чаго ён не рабіў:
"Праблема з кадрамі — галоўная для папраўчых устаноў краін былога СССР"...


"Катаваньні, меры псыхічнага і фізычнага ўзьдзеяньня на зьняволеных па-ранейшаму практыкуюцца ў папраўчых установах Расеі ды іншых краін СНД. Нярэдка здараецца і сэксуальная зьнявага чалавека. Сэксуальны падтэкст прысутнічае ў палове ўсіх катаваньняў. Усё гэта ламае чалавека псыхічна і часта даводзіць яго да спробы самагубства. Як правіла, катаваньнямі займаюцца памагатыя адміністрацыі. Аднак зусім ня факт, што на яе загад. Часам гэта самадзейнасьць, як у войску”.

Вядома, усё залежыць ад турэмнай адміністрацыі, падкрэсьлівае Карнілаў, а нярэдка і вышэйшага кіраўніцтва. Калі "начальнік" — нармальны чалавек, нічога падобнага ў ягонай установе не здараецца. Аднак праблема з кадрамі — галоўная для папраўчых устаноў краін былога СССР.

Ігар Карнілаў падкрэсьлівае: ва ўмовах постсавецкай турмы вытрымліваюць адзінкі.

Як лічыць менскі псыхіятар Алег, "людзей, зламаных катаваньнямі і недапушчальным псыхалягічным ціскам, якія пачынаюць даваць паказаньні супраць сябе і сваіх блізкіх, асуджаць нельга. Асуджаць трэба тых, хто іх даводзіць да такога і такім чынам разбурае псыхіку".

Зразумела, ніхто ў штодзённым жыцьці не рыхтуецца да турмы. Аднак беларускія адмыслоўцы ў галіне псыхіятрыі і псыхалёгіі раяць у цяперашніх умовах ісьці ў палітыку, тым больш апазыцыйную, духоўна моцным асобам, а ніяк не людзям з тонкай псыхічнай арганізацыяй. Бо апошнія ня здатныя вытрымаць ні псыхалягічнага ціску, ні катаваньняў.

"Спробы "спрасаваць" мяне рабіліся штодня"

Былы міністар сельскай гаспадаркі і палітвязень Васіль Лявонаў, які пры канцы 1990-х паводле сфабрыкаванай справы адседзеў чатыры гады ў СІЗА КДБ, Жодзіна, на Валадарцы, а потым у Аршанскай калёніі, згадвае, што спробы "спрасаваць" яго рабілася амаль штодня. Турэмная адвакатка, напрыклад, увесь час казала яму: напішыце пакаянны ліст, і вас выпусьцяць. Адміністрацыя падсылала да яго розных сукамэрнікаў-рэцыдывістаў, якія перадавалі самыя розныя запалохваньні. Аднак нічога не рабілася. Гэта быў псыхалягічны ціск:
"Турэмная подласьць ня ёсьць нешта асаблівае. Усё гэтак жа, як і на свабодзе"...


"Аднойчы быў такі выпадак, Мы сядзелі ўдвух у камэры з адным харашуном у наколках, які 45 гадоў пражыў і ні дня не працаваў. Алкаеў мяне зь ім пасадзіў на Валадарцы. І гэты мне сказаў: "Я камуністаў, бальшавікоў драць буду. І цябе зараз разарву!".

Я падышоў да яго і сказаў: "Ірві. Пачынай".

Я ведаю, што калі нехта крычыць адзін у камэры, то заўсёды падслухоўваюць. Мне было цікава, што будзе далей рабіць гэты, а таксама тыя, хто ў калідоры. Сусед пабегаў, пакрычаў, потым сеў. Дзьвярэй ніхто не адчыніў. З таго часу ніхто мне не пагражаў. Хаця не, была яшчэ адна спроба. Ведаеце, там жа свае законы. Але чаго мне баяцца? Аднак пры ўсіх іхных законах магу сказаць: турэмная подласьць ня ёсьць нешта асаблівае. Усё гэтаксама, як і на свабодзе. Па сутнасьці, як у люстэрку".

Паводле Лявонава, самым вычварэнскім было ўтрыманьне ў Жодзінскім СІЗА. Адміністрацыя паклапацілася, каб яму нічога не давалі чытаць. (Тым часам у іншых такая магчымасьць была, ім нават перадавалі кнігі з дому.) На той час Лявонаў быў атэістам. Ведаючы гэта, адміністрацыя падкінула яму Біблію. Чытаць яе намэнклятурніку-няверніку напачатку было вельмі цяжка. І толькі з часам да вязьня прыйшлі цікавасьць ды вера. За гэта, кажа Лявонаў, ён вельмі ўдзячны СІЗА.

Калі зьняволены ня верыць у Бога, лічаць псыхолягі, то яму трэба шукаць свой шлях да веры. Шчырая вера дапамагае чалавеку прайсьці празь любыя выпрабаваньні, у тым ліку турэмныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG