Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі аднаклясьнікаў старэйшай дачкі Алеся Міхалевіча просяць пракурора зьмяніць яму меру стрыманьня


Алесь Міхалевіч

Алесь Міхалевіч

18 студзеня адбыўся бацькоўскі сход у 4А клясе 23-й гімназіі Менску, у якой навучаецца Леся Стэфанія Міхалевіч — старэйшая дачка Алеся Міхалевіча. Падчас сходу бацькі выступілі з ініцыятывай зьвярнуцца з хадайніцтвам пра зьмену меры стрыманьня для былога кандыдата ў прэзыдэнты, які цяпер знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Сяброўка бацькоўскага камітэту Тацяна Гацура: «Старэйшая дачка Алеся Міхалевіча вучыцца ў нашай клясе. Нас проста непакоіла становішча яго сям’і цяпер, і таму зьявілася такая прапанова. Зьвярнуліся да дзьвюх асоб, якія адказныя за зьмену меры стрыманьня сп. Міхалевіча — да пракурора гораду Менску і да начальніка аддзелу дасьледаваньня РУУС Менгарвыканкаму. Бацькі паставіліся вельмі станоўча. Толькі адзін чалавек устрымаўся ад таго, каб падпісаць хадайніцтва. І, больш за тое, тут жа бацькі прынялі рашэньне аказаць фінансавую дапамогу сям’і Міхалевічаў».

У хадайніцтве, у прыватнасьці, адзначаецца, што многія бацькі гатовыя выступіць асабістымі паручальнікамі Аляксея Міхалевіча. Аднак паколькі гэтая працэдура магчымая толькі з дазволу самога Міхалевіча, аўтары хадайніцтва настойліва просяць данесьці да былога кандыдата сваё жаданьне або забясьпечыць да яго доступ адваката.

Юры Беленькі, бацька аднаклясьніцы Лесі Міхалевіч, таксама прыняў удзел у сходзе:
Леся будзе ведаць, што ў цяжкі момант яе бацька не застаўся адзін.

«Наступствы будуць як мінімум для тых людзей, якія зрабілі гэты ўчынак. Наступствы будуць для Лесі. Яна будзе ведаць, што ў цяжкі момант яе бацька не застаўся адзін — яго падтрымалі людзі, была салідарнасьць».

Мілана Міхалевіч, маці Лесі, не была на бацькоўскім сходзе, паколькі ёй няма з кім пакінуць аднагадовую малодшую дачку:

«Сапраўды Алесь нават пэўны час быў у бацькоўскім камітэце нашай клясы. Вельмі прыемна, што людзі пра гэта памятаюць, і ня толькі памятаюць, але й не баяцца выказваць сваю падтрымку больш заўважным шляхам».

Хадайніцтва будзе накіраванае адрасатам і на працягу 14 дзён бацькі маюць атрымаць адказ. Паставіць свой подпіс пад хадайніцтвам будзе прапанавана і бацькам іншых пачатковых клясаў гімназіі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG