Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учора ў францускім Страсбуры пачалася сэсія Эўрапарлямэнту, на якой будзе разгледжаная сытуацыя ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і ўхваленая рэзалюцыя з рэкамэндацыямі адносна санкцыяў у дачыненьні да беларускіх уладаў.

Галасаваньне адбудзецца 20 студзеня. Але ўжо сёньня сталі вядомыя праекты рэзалюцыі, прадстаўленыя найбуйнейшымі фракцыямі Эўрапарлямэнту. Прапануем вам тэксты гэтых дакумэнтаў у скароце.


Прапанова рэзалюцыі па Беларусі ад фракцыі “Эўрапейскай народнай партыі” (у скароце, пераклад Эўрарадыё):

замарозіць усю макрафінансавую дапамогу ў выглядзе крэдытаў ад МВФ, а таксама праграмаў Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку і Эўрапейскага банку разьвіцьця і рэканструкцыі;

замарозіць удзел Беларусі ва “Ўсходнім партнэрстве” да станоўчых зьменаў, “пачынаючы зь безумоўнага вызваленьня прадстаўнікоў палітычнай апазыцыі”;

перагледзець палітыку Эўразьвязу да Беларусі ўключна з эканамічнымі адносінамі, падтрымаць разьвіцьцё дэмакратыі праз павелічэньне фінансавай падтрымкі незалежным СМІ і арганізацыям грамадзянскай супольнасьці, колькасьці стыпэндыяў для выключаных беларускіх студэнтаў, працягнуць падтрымку Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту;

абмежаваць кантакты зь беларускімі ўладамі да “абсалютнага мінімуму”;

неадкладна вярнуць візавыя забароны для беларускіх чыноўнікаў, уключна з прадстаўнікамі судоў і спэцслужбаў, адказных за фальсыфікацыю выбараў і пасьлявыбарныя рэпрэсіі ды арышты чальцоў апазыцыі;

замарозіць маёмасьць “Белтэхэкспарту” і іншых беларускіх экспартэраў узбраеньня і вайсковай тэхнікі;

паскорыць працу ў сфэры аблягчэньня візавага рэжыму і рэадмісіі, з тым, каб аблегчыць кантакты паміж людзьмі.


Прапанова рэзалюцыі па Беларусі ад фракцыі сацыялістаў (у скароце):

1. Эўрапейскі парлямэнт лічыць, на аснове вынікаў папярэдніх высноваў ПА АБСЭ і БДІПЧ / АБСЭ, што выбары прэзыдэнта 19 сьнежня 2010 г. не адпавядалі міжнародным стандартам свабодных, справядлівых і празрыстых выбараў, лічыць, што гэтае галасаваньне – яшчэ адна страчаная магчымасьць для пераходу да дэмакратыі ў Беларусі і заклікаць, у сьвятле шматлікіх і сур'ёзных парушэньняў, якія выявіла АБСЭ / БДІПЧ, да новых выбараў.

2. Асуджае выкарыстаньне грубай сілы з боку паліцыі і КДБ супраць удзельнікаў пратэстаў у дзень выбараў, грубага парушэньня асноўных дэмакратычных прынцыпаў, такіх, як свабода сходаў і свабода выказваньняў.

3. Рашуча асуджае арышт і ўтрыманьне пад вартай больш як 700 мірных дэманстрантаў і сямі зь дзевяці альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты; выказвае сваю глыбокую занепакоенасьць з нагоды крымінальнай справы ў дачыненьні да шэрагу кандыдатаў у прэзыдэнты, лідэраў дэмакратычнай апазыцыі, а таксама вялікай колькасьці актывістаў грамадзянскай супольнасьці, журналістаў, выкладчыкаў і студэнтаў.

4. Просіць неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх затрыманых у дзень выбараў і ў наступны пэрыяд і патрабуе неадкладнага забесьпячэньня незалежнымі юрыдычнымі кансультацыямі і мэдычнай дапамогай тых зь іх, хто мае патрэбу ў гэтым.

5. Асуджае рэпрэсіі і перасьлед актывістаў грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку масавыя ператрусы ў прыватных кватэрах, офісах СМІ і арганізацыях грамадзянскай супольнасьці, выключэньні з унівэрсытэтаў і звальненьні з працоўных месцаў.

6. Асуджае блякаваньне шэрагу буйных інтэрнэт-сайтаў у дзень выбараў у Беларусі і падкрэсьлівае, што дзейнае заканадаўства аб СМІ ў Беларусі не адпавядае міжнародным стандартам, таму заклікае беларускія ўлады перагледзець і зьмяніць яго.

7. Глыбока шкадуе аб рашэньні беларускіх уладаў зачыніць місію АБСЭ ў Беларусі і заклікае Беларусь адмяніць сваё рашэньне.

8. Заклікае Эўракамісію падтрымаць, фінансавымі і палітычнымі сродкамі, намаганьні беларускай грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ і няўрадавых арганізацыяў у Беларусі для разьвіцьця дэмакратыі і супрацьстаяньня рэжыму; падтрымлівае просьбу беларускай апазыцыі павялічыць фінансавую падтрымку для палітычнага прадстаўніцтва беларускай дэмакратычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці ў Брусэлі, таксама заклікае Эўракамісію спыніць супрацоўніцтва зь дзяржаўнымі СМІ ў Беларусі і дапамогу ім.

9. Рэкамэндуе, каб Эўракамісія ўступіла ў дыялёг, кансультацыі з суседзямі Беларусі, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз і якія традыцыйна маюць асаблівыя адносіны з гэтай краінай і зьяўляюцца партнэрамі Эўразьвязу, а менавіта з Расеяй і Ўкраінай, у мэтах забесьпячэньня максымальнай эфэктыўнасьці палітыкі Эўрапейскага Зьвязу ў дачыненьні да Беларусі.

10. Настойліва заклікае Эўракамісію працягнуць і павялічыць фінансавую дапамогу Эўрапейскаму гуманітарнаму ўнівэрсытэту (ЭГУ) у Вільні, павялічыць колькасьць стыпэндыяў для беларускіх студэнтаў, якія зазналі рэпрэсіі за іх грамадзкую дзейнасьць і былі выключаныя з унівэрсытэтаў.

11. Заклікае Раду Эўразьвязу, Эўракамісію і вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ неадкладна паўторна ўжыць забарону на ўезд і замарожваньне фінансавых актываў беларускіх дзяржаўных чыноўнікаў, супрацоўнікаў судовых органаў і службаў бясьпекі, якія могуць лічыцца адказнымі за выбарчыя фальсыфікацыі і жорсткія рэпрэсіі і арышты чальцоў апазыцыі пасьля выбараў; санкцыі павінны заставацца ў сіле як мінімум да тае пары, пакуль усе палітычныя зьняволеных і затрыманыя ня будуць вызваленыя.

12. Зьвяртаецца да іншых дэмакратычных ўрадаў у Эўропе і ў сьвеце, каб яны прынялі аналягічныя санкцыі ў дачыненьні да прадстаўнікоў беларускіх уладаў, падкрэсьлівае, што любыя санкцыі супраць беларускага рэжыму павінны быць нацэленыя на службовых асоб і не павінны прывесьці да далейшай ізаляцыі або пагаршэньня сытуацыі для беларускіх грамадзянаў; падкрэсьлівае, што перабудова палітыкі Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі павінна прывесьці да росту прызнаньня сярод беларускіх грамадзянаў неабходнасьці супрацоўнічаць з Эўразьвязам.

13. Заклікае беларускія ўлады дазволіць незалежнае міжнароднае расьсьледаваньне падзеяў 19-20 сьнежня 2010 году.

14. Заклікае інстытуты Эўразьвязы і дзяржавы-ўдзельніцы прыпыніць кантакты на высокім узроўні зь беларускімі ўладамі, абмяжоўваючы іх толькі тэхнічнымі кансультацыямі.

15. Рэкамэндуе дзяржавам-сябрам Эўразьвязу і краінам-партнэрам перагледзець свае эканамічныя і дзелавыя адносіны зь Беларусьсю.

16. Заклікае Эўразьвяз і Эўракамісію актывізаваць працу для перамоваў аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі ў мэтах пашырэньня кантактаў паміж людзьмі, заклікае дзяржавы-ўдзельніцы ЭЗ пайсьці на зьніжэньне кошту візаў для беларускіх грамадзян і нават адмяніць іх для студэнтаў, навукоўцаў і мастакоў, падкрэсьлівае, што працэс лібэралізацыі візавага рэжыму павінен прывесьці да танных і даступных шэнгенскіх візаў для беларускіх грамадзян.


Прапанова рэзалюцыі па Беларусі ад фракцыі лібэралаў (у скароце):

1. Эўрапейскі парлямэнт прызнае, што папярэдняя палітыка Эўразьвязу на “збліжэньне” зь Беларусьсю ня мела посьпеху; паўтарае сваю глыбокую занепакоенасьць пасьлявыбарнай сытуацыяй у Беларусі і падкрэсьлівае, што недахопы ў правядзеньні галасаваньня і асабліва пасьлявыбарны гвалт і затрыманьні прывялі адносіны Беларусі і ЭЗ да раздарожжа.

3. Заклікае беларускія ўлады распрацаваць выразны плян дэмакратычных рэформаў, што прывяло б да свабодных і справядлівых паўторных прэзыдэнцкіх выбараў пры судзеяньні міжнародных арганізацыяў.

4. Асуджае выкарыстаньне грубай сілы з боку паліцыі і КДБ супраць удзельнікаў пратэстаў у дзень выбараў, у прыватнасьці, выказвае сваё абурэньне з выпадку жорсткага нападу на спадара Някляева.

8. Патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх затрыманых у дзень выбараў і ў наступны пэрыяд, а таксама асобы, прызнанай “Міжнароднай амністыяй” вязьнем сумленьня – Мікалая Аўтуховіча.

12. Заклікае Раду, Эўракамісію і вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу перагледзець палітыку ЭЗ у адносінах да Беларусі, падкрэсьлівае, што арыентацыя міжнароднай дапамогі для Беларусі павінна быць перанакіраваная ў мэтах забесьпячэньня адпаведнай падтрымкі для грамадзянскай супольнасьці.

13. У гэтым кантэксьце заклікае Раду, Эўракамісію і вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ і дзяржавы-ўдзельніцы падтрымаць дэмакратыю ў Беларусі шляхам значнага павелічэньня фінансавай дапамогі для незалежных СМІ і арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і павялічыць колькасьць стыпэндыяў для беларускіх студэнтаў.

14. Вітае ініцыятыву па арганізацыі канфэрэнцыі донараў "Салідарнасьць зь Беларусьсю" ў Варшаве і Вільні і чакае, што Эўразьвяз будзе адным са спонсараў, падкрэсьлівае неабходнасьць прыняцьця канкрэтных мер падтрымкі для затрыманых, іх сем'яў і тых, каму пагражаюць рэпрэсіўныя меры ў Рэспубліцы Беларусь.

15. Настойліва заклікае Эўракамісію пашырыць фінансавую падтрымку Эўрапейскаму гуманітарнаму ўнівэрсытэту (ЭГУ) у Вільні, які гатовы прыняць студэнтаў, адлічаных зь беларускіх ВНУ пасьля гвалтоўнага разгону маніфэстацыяў 19-20 снежня 2010 году ў Беларусі.

17. Заклікае Эўрапейскую камісію прааналізаваць магчымасьць стварэньня спэцыяльнага мэханізму для эфэктыўнай і наўпроставай фінансавай і тэхнічнай дапамогі для грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ і дэмакратычных палітычных арганізацыяў у Беларусі, і ў гэтым кантэксьце заклікае Камісію распрацаваць мэханізм рэгістрацыі НДА, якім адмовілі ў рэгістрацыі ў Беларусі з палітычных матываў.

19. Заклікае Раду, Эўракамісію і вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу неадкладна паўторна ўжыць забарону на выдачу візаў прадстаўнікам беларускіх уладаў, пашырыць сьпіс тых, на каго распаўсюджваюцца візавыя забароны, за кошт асобаў, беспасярэдне прычынных да рэпрэсіяў 19 сьнежня, а таксама за кошт іх сваякоў.

20. Заклікае Эўракамісію, Раду Эўразьвязу і вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу прыпыніць візыты ў Беларусь на найвышэйшым узроўні, удзел Беларусі ў праграме “Ўсходняе партнэрства” і іншых праграмах ЭЗ.

21. Заклікае Раду разгледзець пытаньне аб увядзеньні разумных і мэтанакіраваных эканамічных санкцыяў супраць кампаніяў, кантраляваных беларускімі ўладамі, да безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных.

22. Заклікае Эўракамісію, Раду Эўразьвязу і вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу актывізаваць працу для перамоваў аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі ў мэтах пашырэньня кантактаў паміж людзьмі.

23. Выказвае меркаваньне, што спартовыя мерапрыемствы, такія як чэмпіянат сьвету па хакеі ў 2014 годзе, не павінны быць праведзеныя ў Беларусі ў той час, калі ў гэтай краіне ёсьць палітычных зьняволеныя.

24. Заклікае партнэраў у Эўразьвязе аб'яднаць намаганьні ў стварэньні міжнароднай камісіі для аб'ектыўнага і дэталёвага расьсьледаваньня падзеяў 19-20 сьнежня 2010 году ў Беларусі.

25. Выказвае шкадаваньне з нагоды прызнаньня выбараў у Беларусі з боку Расеі і апісаньня рэпрэсіяў як “унутранай справы”, прызнае патэнцыйную ролю суседзяў Беларусі і Эўразьвязу ў нармалізацыі сытуацыі і стымуляваньні неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG