Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра магчымасьць практычна адначасовага далучэньня Расеі і Казахстану да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі сёньня заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве старшыня расейскай дэлегацыі на перамовах Максім Мядведкаў. А вось розьніца ў тэрмінах зь Беларусьсю будзе значна большай, сказаў расейскі чыноўнік.

Для афіцыйнага Менску далучэньне да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі ўжо зьвязанае, апрача Масквы, яшчэ і з Астаною. Мытны саюз «тройкі» пашырыў прывязанасьць Беларусі ня толькі да Расеі, але і да Казахстану.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных кажа, што існуе стратэгічнае рашэньне на роўні трох прэзыдэнтаў аб сумесным уступленьні ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю:

«Аднак калі прайшлі першыя кансультацыі з краінамі-чальцамі ЎГА, было прынятае рашэньне, што найбольш аптымальным трэкам зьяўляюцца тры паралельныя працэсы кожнай з трох краін. Але яны ўзгодненыя па ўмовах і набліжаныя па тэрмінах. Уласна кажучы, так цяпер і адбываецца. Мы кансультуемся, абменьваемся думкамі».

Але, нягледзячы на кансультацыі, падобна, што паміж трыма краінамі разрыў усё ж існуе. Максім Мядведкаў лічыць: Казахстан можа выканаць усе працэдуры сьледам за Расеяй цягам некалькіх месяцаў. А вось розьніцу зь Беларусьсю маскоўскі чыноўнік называе «істотна большай».

Рэальна пасьля падзеяў 19 сьнежня нам ніякая ЎГА „ня сьвеціць“… То бок наагул ужо можна адмовіцца ад гэтай ідэі.
Гэтая розьніца стала неверагодна вялікай, выказваецца кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

«Рэальна пасьля падзеяў 19 сьнежня нам ніякая ЎГА „ня сьвеціць“. Атрымаць „дабро“ ў эўрапейцаў, амэрыканцаў, здабыць падтрымку ў так званым „зялёным пакоі“ — нічога з гэтага не атрымаецца. То бок наагул ужо можна адмовіцца ад гэтай ідэі. На месцы беларускага прэзыдэнта я бы ня „парыў“ мазгі сваім памочнікам, супрацоўнікам МЗС асабліва».

Леанід Заіка лічыць: што рабіць далей Беларусі з УГА, трэба вырашаць неадкладна. Варыянтаў тут, на яго думку, два. А чаму трэба сьпяшацца, эканаміст тлумачыць так:

«Як толькі Расея ўваходзіць ва ЎГА, яе рынак робіцца празрыстым. І мы, нават ня будучы сябрам арганізацыі, пачынаем жыць па гэтых жа правілах. Значныя патокі імпартных тавараў, сярод якіх і тыя, што закранаюць нацыянальныя беларускія інтарэсы, могуць „раздаўбаніць“ нашы галіны вытворчасьці ды канцэрны. Альбо вымусіць Беларусь сысьці з Мытнага саюзу».

Часу на прыняцьцё рашэньняў застаецца і сапраўды няшмат. Максім Мядведкаў сёньня заявіў, што Расея выканае сёлета ўсе неабходныя тэхнічныя працэдуры. А з наступнага, 2012 году стане паўнавартасным сябрам Усясьветнай гандлёвай арганізацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG