Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На разьвітаньне зь Віталём Тарасам

  • Аляксандар Лукашук

Віталь Тарас

Віталь Тарас


Апошні ліст ад Віталя Тараса я атрымаў на пачатку мінулага лютага.

У той дзень споўнілася б 80 гадоў ягонаму бацьку, бліскучаму і сьмеламу літаратару і чалавеку, і я надрукаваў свае ўражаньні ад нашага знаёмства.

Сын пісаў:


Дзякуй, Аляксандар, за добрыя словы пра бацьку!

Усё праўда.

Так надарылася, што мы сёньня пілі за яго ў маёй маці, акурат пад фатаздымкам, на якім мой бацька разам з Вашай жонкай Сьвятланай у Празе.

Яшчэ раз шчыры дзякуй,
Віталь



Віталь стаў першым журналістам зь Беларусі, якога я як дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода запрасіў на працу ў Прагу. Потым зь Менску мы рэгулярна запрашалі журналістаў папрацаваць у галоўнай рэдакцыі, каманда ўвесь час абнаўлялася і абнаўляецца, але ён быў першы. І калі сёньня мы сабралі і выставілі на сайце ўсе публікацыі, праграмы, перадачы, якія стварыў Віталь на “Свабодзе” ў Празе, стала відавочна, што там схавана некалькі кніг – інтэлектуальныя пошукі эўрапейскай ідэнтычнасьці, дасьледаваньні таталітарызму і сакрэтных службаў, дылемы свабоды і культуры.

У яго перадачах гучалі галасы Васіля Быкава і Далай-ламы, музыка Альфрэда Шнітке і Пітэра Гэбрыэла, меркаваньні цяперашніх вязьняў турмы КДБ Анатоля Лябедзькі і Андрэя Саньнікава.

Перадусім яго цікавіў маральны погляд на рэчы, якія звычайна адрынаюць маральны інструмэнтар – палітыка, нацыянальная дзяржава, глябалізацыя, ядзерная энэргетыка. Ён шукаў чалавечае вымярэньне гісторыі, ведаючы, што насамрэч маральнасьць не патрабуе рацыянальных тлумачэньняў – гэта рацыянальныя рэчы мусяць праходзіць іспыт маральнасьцю.

Віталь Тарас працаваў у эфіры 22 чэрвеня 2003 году – менавіта зь яго вуснаў у той дзень Беларусь уведала пра сьмерць Васіля Быкава. Сам Віталь потым гаварыў, што гэта быў найважнейшы жывы эфір, які ён адкрываў. Васіль Быкаў блізка сябраваў з бацькам Віталя і вельмі цёпла ставіўся да сына.

Яго сьціплая ўсьмешка, стрыманая інтанацыя, адкрытая для іншых меркаваньняў, заўсёдная прыстойнасьць і нябачная ўпартая сіла супраціву хаосу жыцьця стварала вакол яго асаблівую сьветлую аўру. Я ніколі ня чуў ад яго скаргаў і нараканьняў на лёс. Толькі ён і блізкія людзі, маці і жонка з сынам ведаюць, чаго гэта каштавала.

Апошняя наша сустрэча адбылася падчас прэзэнтацыі кнігі “Як?” Сяргея Дубаўца – ён быў яе рэдактарам, аўтарам пасьляслоўя і, ужо невылечна хворы, прыйшоў і выступаў у перапоўненай залі Менскай філярмоніі – яму доўга і цёпла пляскалі.

Многія ў залі яго любілі і паважалі. Шмат такіх і сярод слухачоў “Свабоды”.

Вечная памяць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG