Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пінскдрэў»: Такое ўражаньне, што нічога і не адбылося


Пажар пасьля выбуху на «Пінскдрэве»
Пажар пасьля выбуху на «Пінскдрэве»
Загадам Аляксандра Лукашэнкі канцэрн «Беллесбумпрам» вызначаны кіруючай кампаніяй холдынгу «Пінскдрэў». Гэта азначае, што «Пінскдрэў» фактычна пераходзіць у падпарадкаваньне дзяржаве. Днямі адбылася нарада з удзелам кіраўніцтва «Беллесбумпрама» і холдынгу, на якой было прынята рашэньне пра прызначэньне новага генэральнага дырэктара. Сход акцыянэраў прадпрыемства прызначаны на 4 сакавіка. Як вядома, у выніку аварыі на «Піснкдрэве» 25 кастрычніка мінулага году загінулі 14 чалавек.

Многія спэцыялісты на ЗАТ выступаюць супраць фактычнай нацыяналізацыі прадпрыемства.

Прадстаўнікі холдынгу адмаўляюцца ад афіцыйных камэнтароў. Гэтаксама не камэнтуюць становішча прадстаўнікі Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця. Банк выдзеліў 15 мільёнаў эўра крэдыту ў 2009 годзе.

Супрацоўнік «Пінскдрэву» на ўмовах ананімнасьці паведаміў, што намер фактычна нацыяналізаваць прадпрыемства выклікае ў калектыве абурэньне:

«Сход акцыянэраў, які арганізаваў старшыня канцэрну „Беллеспаперпрам“ — гэта ня сход акцыянэраў, а толькі збор зацікаўленых 15-20 асобаў. На самой справе акцыянэраў у нас каля паўтары тысячы чалавек. Цяпер афіцыйна прызначаны сход акцыянэраў на 4 сакавіка».

Эканаміст зь Пінску Віталь Каратыш кажа, што дзяржава скарысталася «залатой акцыяй» (гэта прывелей, каб захаваць кантроль на прадпрыемствам, якое прыватызуецца). Каратыш адзначае, што ў распачатым працэсе нацыяналізацыі прадпрыемства, у акцыянэрах якой дзяржавы няма наагул, пацерпяць інвэстары:

«Цяпер усё залежыць ад таго, наколькі высока і сур’ёзна прынята рашэньне. Што да інвэстараў, то яны проста маюць акцыі. Права распараджэньня, прыняцьця рашэньняў цяпер у інвэстараў адабрана, па сутнасьці. Таму губляецца сэнс іх укладаньняў. Яны закладнікі сытуацыі і ня будуць мець належнага прыбытку».
Цяпер усё залежыць ад таго, наколькі высока і сур’ёзна прынята рашэньне.


Рабочыя на прадпрыемстве за апошнія месяцы адчулі пэўныя станоўчыя зьмены, кажа супрацоўніца «Пінскдрэву» Натальля:

«Вядома, рабочым галоўнае, каб плацілі своечасова заробкі. Але цяпер відаць некаторыя зьмены, якія асабліва тычацца тэхнікі бясьпекі. Падчас кіраўніцтва Арыніча было зусім па-іншаму. Напрыклад, калі чалавек працуе на адным аб’екце, яго маглі перавесьці без тлумачэньня на іншы аб’ект. Цяпер жа сытуацыя зьмянілася, людзі ў абавязковым парадку праходзяць навучаньне».

Супрацоўніца прадпрыемства кажа, што ў калектыве практычна няма больш размоваў пра аварыю і пра загінулых. Няма і шыльды ў памяць 14-ці рабочых, якія загінулі ад выбуху 25 кастрычніка 2010-га. Хоць усталяваць шыльду даручыў канцэрну Пінскі савет дэпутатаў:

«Пацярпелым і родным загінулых выплацілі кампэнсацыю. Праўда, невядома, у якім памеры выплочваліся грошы. На месцы разбуранага цэху пакуль няма нейкіх знакаў, памятнай шыльды. Увогуле наконт трагедыі нічога не гаворыцца. Такое ўражаньне, што нічога і не адбылося. Магчыма, што кіраўніцтва нешта робіць, але рабочыя пра гэта нічога ня ведаюць. Напачатку рабочыя паміж сабой абмяркоўвалі гэта, абураліся, А цяпер практычна ніхто ня ўзгадвае пра аварыю».

На месцы разбуранага цэху па вытворчасьці ДВП дагэтуль расчышчаюць завалы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG