Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных справаў Літвы Аўдронюс Ажубаліс вітаў гатовасьць Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту прыняць вучыцца ўсіх студэнтаў, якім пагражае выключэньне зь беларускіх унівэрсытэтаў праз палітычныя погляды, паведамляе інтэрнэт-партал Delfi.

Сёньня падчас сустрэчы з рэктарам ЭГУ Анатолем Міхайлавым міністар падкрэсьліў, што важна ня толькі даць магчымасьць вучыцца, але і імкнуцца да таго, каб пашыраўся круг дысцыплін на роднай мове.

Аўдронюс Ажубаліс паведаміў рэктару ЭГУ, што пасьля выбараў ён асабіста зьвярнуўся да вярхоўнай прадстаўніцы Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан і да адказнага камісара Эўракамісіі з просьбаю працягнуць аказаньне дапамогі гэтаму ўнівэрсытэту і пацьвердзіў абавязаньне Літвы і надалей падтрымліваць ЭГУ.
Гэты праект падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі зьяўляецца эфэктыўным...


“Акцыя падтрымкі арыштаваных студэнтаў, якую арганізавала моладзь вашага ўнівэрсытэту адразу пасьля выбараў, сьведчыць аб грамадзянскай сталасьці студэнтаў. Гэта паказвае, што гэты праект падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі зьяўляецца эфэктыўным. Ён дапамагае імкнуцца да таго, каб грамадзянская супольнасьць Беларусі разьвівалася і мацнела незалежна ад таго, якія рашэньні прыме Эўразьвяз адносна далейшых стасункаў з афіцыйным Менскам”, – сказаў А.Ажубаліс.

Падчас сустрэчы міністар выказаў падтрымку арыштаваным студэнтам і запэўніў ва ўсебаковай падтрымцы дзейнасьці ўнівэрсытэту праз траставы фонд ЭГУ і іншыя праекты.

ЭГУ быў зачынены ў Беларусі ў 2004 годзе і ў 2005 годзе адкрыўся ў Літве як беларускі ўнівэрсытэт у выгнаньні.
XS
SM
MD
LG