Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ядзерны інстытут «Сосны»: «Крымінальнай справы ў нас няма»


Іван Кулікоў

Іван Кулікоў

Экс-прэтэндэнт на кандыдата ў прэзыдэнты Іван Кулікоў затрыманы паводле справы, якая не зьвязаная з падзеямі 19 сьнежня, кажуць у менскай міліцыі, але дакладнай прычыны затрыманьня не называюць.

Прэсавы сакратар Менскай гарадзкой управы міліцыі Аляксандар Ластоўскі пацьвердзіў затрыманьне Івана Кулікова на 3 сутак і сказаў, што гэта не зьвязана са справай аб масавых беспарадках на плошчы Незалежнасьці, якую расьсьледуе гарадзкая міліцыя. Між тым, зь якой справай зьвязанае расьсьледаваньне, спадар Ластоўскі адказаць ня здолеў:

Карэспандэнт: «Быццам сваякі кажуць, што паводле падазрэньняў адносна маёмасьці. Гэта так?»

Ластоўскі: «Нешта такое, верагодна. Прысваеньне маёмасьці, магчыма. Але афіцыйна пацьвердзіць гэта я пакуль не магу. Як зьявіцца інфармацыя, тады скажу больш дакладна».

У прыёмнай Інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны» карэспандэнту «Свабоды» паведамілі, што «ніякай крымінальнай справы на іх не заведзена» і пра затрыманьне Івана Кулікова «невядома».

61-гадовы Іван Кулікоў працуе загадчыкам лябараторыі абсталяваньня інстытуту «Сосны». Паводле зьвестак грамадзкага актывіста Цімафея Дранчука, 17 студзеня ўвечары Івана Кулікова на вуліцы спынілі супрацоўнікі міліцыі. Навукоўцу далі магчымасьць пазваніць праз тэлефон дамоў і папярэдзіць, што хутка будзе ператрус. Як паведаміла дачка Івана Кулікова, яе бацьку нібыта падазраюць у крадзяжы маёмасьці ў інстытуце.

«Што да сваякоў, яны кажуць, што гэта абсалютнае глупства. У інстытуце ў яго звычайная пасада, ды там і красьці няма чаго. Яны думаюць, што гэта зьвязана зь ягонай спробай удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах», — сказаў Цімафей Дранчук, які асабіста ведае сына навукоўца.

Іван Кулікоў быў сярод тых 17 прэтэндэнтаў у прэзыдэнты, якія летась у кастрычніку зарэгістравалі ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў і пачалі свае кампаніі. Як вядома, да фінішу дайшлі 10 прэтэндэнтаў. Іван Кулікоў быў сярод першых, хто сышоў з выбарчай дыстанцыі. Паводле ягонага знаёмага, грамадзкага актывіста Мікалая Петрушэнкі, ініцыятыўная група Кулікова адпачатку мела няшмат шанцаў на посьпех, але ў шчырасьці экс-прэтэндэнта Кулікова Петрушэнка не сумняваецца:

«Калі я пачуў, што Іван Сямёнавіч зьбіраецца ў прэзыдэнты, я быў „за“ дзьвюма рукамі і адразу яму патэлефанаваў, што яго падтрымліваю. Ён мне засьведчыў, што яго найперш турбуе разьвіцьцё ядзернай энэргетыкі».

Мікалай Петрушэнка ня верыць у тое, што навуковец Іван Кулікоў стаў злодзеем, і зьвязвае ягоны перасьлед найперш зь ягонай палітычнай актыўнасьцю:
У нас жа так: ледзь чалавек вылез у палітыку, дык на яго адразу — крымінальную справу.

«Пасада ў яго такая, што ня мог ён нешта скрасьці. А другое — чалавек раней доўгі час працаваў у Камітэце дзяржаўнага кантролю, і таму ворагаў у яго можа быць шмат. У нас жа так: ледзь чалавек вылез у палітыку, дык на яго адразу — крымінальную справу».

Як справы ў іншых прэтэндэнтаў у прэзыдэнты, якія не былі зарэгістраваныя кандыдатамі? Намесьнік старшыні беларускай партыі «Зялёныя» Юрый Глушакоў паведаміў, што не адчувае на сабе цікаўнасьці спэцслужбаў; у прыватнасьці, не цікавяцца ім як былым сябрам ініцыятыўнай групы кандыдата Мікалая Статкевіча, які арыштаваны КДБ. Прадпрымальнік Уладзімер Правальскі праз суд спрабаваў аспрэчыць тое, што Цэнтравыбаркам не зарэгістраваў яго ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты. На пытаньне, ці зьявіліся ў яго праблемы пасьля выбараў, спадар Правальскі адказаў двухсэнсоўна:

«Вакол хапае тых, хто жадае са мной сустрэцца. Магу сказаць гэта адкрыта. Цікуюць за мной, але асьцярожна. А наконт нейкіх крымінальных спраў ці чаго — гэтага, дзякуй Богу, няма».

Загадчык сэктару акцыянэрнага таварыства «Віцебскі садавінагароднінны камбінат», былы прэтэндэнт на прэзыдэнцтва Сяргей Рыжоў пасьля таго як спыніў выбарчую барацьбу, быў звольнены з працы, пасьпеў праз суд аднавіцца і зараз судзіцца з тымі, хто пагражаў яму спэцслужбамі.

Паводле Сяргея Рыжова, ягоных калегаў-аднадумцаў у выніку прымусілі звольніцца з працы, што зьвязана зь ягонай выбарчай актыўнасьцю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG