Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскага актывіста Пятра Кузьняцова аштрафавалі на 700 тысяч


Пятро Кузьняцоў

Пятро Кузьняцоў

Рэчыцкі судзьдзя Мікалай Доля аштрафаваў сёньня кіраўніка Гомельскай абласной арганізацыі руху «За свабоду» Пятра Кузьняцова на 700 тысяч рублёў. Грамадзкі актывіст абвінавачаны ў парушэньні заканадаўства пра друк ды іншыя сродкі масавай інфармацыі.

«Гэта несправядлівы й надзвычай дзіўны адміністрацыйны штраф, — кажа спадар Кузьняцоў. — Апроч недаўменьня, ён нічога іншага не выклікае. Таму я буду абскарджваць яго ў абласным судзе».

14 студзеня супрацоўнікі ДАІ затрымалі аўтамашыну Пятра Кузняцова па дарозе ў Рэчыцу. Напачатку яны заявілі кіроўцу, што машына нібыта была ў аварыі ля Мазыра. А калі дагледзелі яе і ўбачылі звыш 5 тысяч улётак «Знаю!» пра сьнежаньскія падзеі ў Менску, то на аварыю забыліся.

Спадара Кузьняцова з кіроўцам прымусілі ехаць у Рэчыцкі райаддзел міліцыі, дзе ўчастковы Аляксандар Бандарэнка на падставе рапарту маёра Дзенісенкі і склаў адміністрацыйны пратакол. Усё выглядала так, нібыта Пётар Кузьняцоў незаконна распаўсюджваў пэрыядычнае выданьне.

Паводле актывіста, трэба мець багатае ўяўленьне, каб назваць улёткі «Знаю!» пэрыядычным выданьнем, ды яшчэ каб напісаць, што распаўсюджвалася гэтае выданьне падчас язды на аўтамашыне.

Гэтая недарэчнасьць, аднак, ня выклікала пярэчаньня ў судзьдзі Долі, і ён пастанавіў аштрафаваць актывіста.

У дзень затрыманьня Кузьняцова ў Рэчыцы супрацоўнікі гомельскай управы КДБ правялі ў офісе руху «За свабоду» ў абласным цэнтры ператрус і забралі два сыстэмныя блёкі кампутараў, флэшкі, DVD-дыскі ды іншыя носьбіты інфармацыі.
XS
SM
MD
LG