Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як Эўразьвяз павінен адрэагаваць на перасьлед апазыцыі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня? Маргарыта Бальмасэда, прафэсар Хэльсінскага і Гарвардзкага ўнівэрсытэтаў, экспэрт у пытаньнях энэргетычнай палітыкі і карупцыі на постсавецкай прасторы ды ў пытаньнях замежнай і ўнутранай палітыкі Украіны, Беларусі і Расеі лічыць, што эканамічныя санкцыі не зьяўляюцца выйсьцем.

Спадарыня Бальмасэда зьяўляецца аўтарам шматлікіх кніжак і артыкулаў, у тым ліку пра Беларусь: "Independent Belarus: Domestic Determinants, Regional Dynamics and Implications for the West" (2002),"Belarus: oil, gas, transit pipelines and Russian foreign policy" (2006). Цяпер яна рыхтуе да выданьня кніжку "The Politics of Energy Dependency: Ukraine, Belarus and Lithuania Between Domestic Oligarchs and Russian Pressure, 1992-2010".

Maксімюк: Сёньня шмат гаворыцца пра тое, як Эўразьвяз павінен адрэагаваць на перасьлед апазыцыі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня. Спадарыня Бальмасэда, калі б вы былі дарадцам спадарыні Кэтрын Эштан, вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ у пытаньнях замежнай палітыкі і палітыкі бясьпекі, што б вы ёй параілі зрабіць адносна Беларусі?

Бальмасэда: Пытаньне санкцый у адносінах Эўразьвязу зь Беларусьсю ўжо мае доўгую гісторыю. Прыгадайма, што гэтыя санкцыі, у той або іншай форме, пачаліся ўжо ў 1996 годзе, пасьля канстытуцыйнага крызісу ў Беларусі. На жаль, няма лёгкага адказу на гэтае пытаньне. І на жаль, я не магу сказаць, што эканамічныя санкцыі былі б ці будуць выхадам з гэтай сытуацыі.

Калі паглядзець на гісторыю гэтых дачыненьняў цьвярозым вокам, дык трэба сказаць, што магчымасьці Эўразьвязу навязаць зьмены ў Беларусі пры дапамозе карных санкцый – абмежаваныя. Гэта датычыць канкрэтна і эканамічных санкцый, якія зьяўляюцца значна больш складаным пытаньнем. Як вы ведаеце, я дасьледую энэргетычныя пытаньні. І вы, відаць, таксама ведаеце, што экспарт нафты і нафтавых прадуктаў складае 25%-35% ад усяго беларускага экспарту.
Эканамічныя санкцыі нанесьлі б вялікую шкоду ўсяму насельніцтву.
Паміж 2006 і 2009 гадамі Беларусь прадала нафтавых прадуктаў на суму 7-11 мільярдаў даляраў, галоўным чынам у Заходнюю Эўропу. Я падаю гэтыя дадзеныя таму, каб паказаць, што эканамічныя санкцыі маглі б мець вельмі выразны ўплыў на Беларусь, вельмі выразны. Аднак чаму іх не ўвялі ў мінулым і чаму яны не зьяўляюцца рэальнай магчымасьцю цяпер?

Асноўная прычына ў тым, што такія эканамічныя санкцыі нанесьлі б вялікую шкоду ўсяму насельніцтву. Далей, дзяржаўныя СМІ ў Беларусі маглі б падаваць гэтыя санкцыі як аблогу краіны Эўразьвязам, такім чынам паварочваючы грамадзкую думку супраць Эўразьвязу. Ну і яшчэ існуе пагроза, што такія санкцыі толькі падштурхнулі б Беларусь бліжэй да Расеі.

Чаму я кажу ўсё гэта? Я кажу гэта, каб падкрэсьліць, што ў тэорыі эканамічныя санкцыі маглі б аказацца вельмі моцным і эфэктыўным сродкам узьдзеяньня. Але я ня думаю, што з палітычнага гледзішча гэта была б добрая ідэя. На жаль, я лічу, што адзіным шляхам такога ўзьдзеяньня зьяўляецца працяг ціску на Беларусь разам з прапановамі пернікаў, то бок, са спробамі ангажаваць беларускі рэжым. Гэта вельмі сумнае прызнаньне і гэта вельмі змрочная сытуацыя, але я ня думаю, што Эўразьвяз мае магчымасьці зьмяніць сытуацыю ў Беларусі выключна праз санкцыі. Павінны быць санкцыі, павінен быць ціск, трэба вярнуць візавую забарону, але таксама павінна быць пакінутая нейкая магчымасьць для рэжыму працягваць дыялёг з Эўразьвязам.

Я кажу гэта зь цяжкім сэрцам, бо я ж ведаю, што гэткага роду палітыка не дала добрых вынікаў. Гэта значыць, яна прыносіла добрыя вынікі да 8 гадзіны вечара 19 сьнежня, а потым усё рассыпалася.

Я думаю, што ціск на рэжым будзе найбольш эфэктыўны толькі тады, калі беларускаму кіраўніцтву выразна даць зразумець, што, напрыклад, працяг інвэставаньня ў Беларусі і працяг крэдытаў будзе выразна залежаць ад яго паводзін. Але зноў жа падкрэсьлю, што я ня веру, што гэта можна зрабіць толькі аднабаковымі санкцыямі. Тут павінен быць нейкі дыялёг, таму што ў іншым выпадку, на маю думку, рэжым толькі далей адсунецца ад Эўразьвязу.

Maксімюк: Давайце на момант дапусьцім такую тэарэтычную сытуацыю, у якой Эўразьвяз вырашыў увесьці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі. Якія канкрэтна захады Брусэль мог бы зрабіць супраць Менску?

Бальмасэда: Я не экспэрт у заканадаўстве Эўразьвязу, а таму я не магу паручыцца, што ўсё, пра што я скажу, магчыма з заканадаўчага ці нават палітычнага гледзішча. Але Брусэль мог бы паспрабаваць пераканаць сябраў Эўразьвязу, каб яны на нацыянальным
Адзіны шлях - працяг ціску на Беларусь разам з прапановамі пернікаў.
узроўні ўвялі забарону на інвэстыцыі ў Беларусі. Ён мог бы замарозіць усе праекты эканамічнага супрацоўніцтва або гранты, якія прадбачаныя ў рамках Усходняга партнэрства. Ён мог бы афіцыйна націснуць на міжнародныя фінансавыя інстытуцыі, такія як Сусьветны банк і Міжнародны валютны фонд, каб яны перасталі крэдытаваць Беларусь.

Так што існуе шмат захадаў, якія магчымыя, прынамсі тэарэтычна. Абмінаючы пытаньне эфэктыўнасьці санкцый, пра якую я ўжо гаварыла, трэба таксама паставіць пытаньне іх палітычнай мэтазгоднасьці. На жаль, на маю думку, Эўразьвяз далёкі ад поўнай згоды, як яму паступаць зь Беларусьсю. Так што нават з палітычнага гледзішча было б вельмі цяжка выпрацаваць агульнае становішча адносна эканамічных санкцый супраць Беларусі.

Maксімюк: Мне хочацца паставіць вам яшчэ адно тэарэтычнае пытаньне, у сувязі з экспартам беларускіх нафтавых прадуктаў. На вашу думку, калі б Эўразьвяз увёў забарону на экспарт гэтых прадуктаў Беларусьсю, ці гэта магло б паралізаваць беларускую эканоміку або і ўвогуле яе разваліць?

Бальмасэда: Я не сказала б, што гэта магло б разваліць, але гэта мела б вельмі вялікія наступствы для беларускай эканомікі. Экспарт нафтапрадукатаў – адна з найважнейшых крыніцаў замежнай валюты для беларускай дзяржавы ў апошнія гады. Так што наступствы былі б велізарныя. Але яны таксама залежалі б ад стану беларуска-расейскіх дачыненьняў, ад таго, як яны разьвіваліся б далей. Здольнасьць Беларусі атрымліваць такія велізарныя даходы ад экспарту нафтавых прадуктаў у 2004-2009 гг. была камбінацыяй некалькіх спрыяльных акалічнасьцяў – часткова высокага эўрапейскага попыту на нафтапрадукты, часткова высокіх сусьветных цэнаў на нафту і часткова вельмі асаблівых гандлёвых умоваў з боку Расеі, якія дазвалялі Беларусі мець такі даходны бізнэс. У 2010 годзе мы назіралі іншую карціну, таму што прыбытковасьць гэтага бізнэсу, з увагі на новыя правілы, была абмежаваная. Цяпер мы маем новую сытуацыю, з увагі на дамовы паміж Беларусьсю і Расеяй ад 10 сьнежня, але мы ўсё яшчэ ня ведаем, якая прыбытковасьць будзе ў гэтым бізнэсе ў 2011.

Maксімюк: А ці вы верыце ў існаваньне эканамічных санкцый, якія б'юць па кіраўніцтве краіны і не закранаюць звычайных грамадзянаў? Асабіста для мяне – гэта лягічная супярэчнасьць. Я прыгадваю амэрыканскія эканамічныя
Я спадзяюся, што нейкі дыялёг будзе ўсё ж адноўлены.
санкцыі супраць Польшчы генэрала Войцеха Ярузэльскага ў 1980-х. Я ня думаю, што генэрал Ярузэльскі пацярпеў асабіста ад тых санкцый. Але я і мільёны іншых у Польшчы – так, мы пацярпелі. Насамрэч, Рональд Рэйган караў якраз нас, за тое, што мы цярпелі Ярузэльскага, калі можна так выказацца. Ці ня думаеце, што Лукашэнку можна пакараць, толькі караючы беларусаў яшчэ мацней, чым іх пакаралі да гэтай пары?

Бальмасэда: Гэта зусім магчыма. Гэта адна з прычынаў, чаму эканамічныя санкцыі – такі вельмі праблематычны захад. Гэта адзін з захадаў, якога Эўразьвяз ня хоча выкарыстоўваць у поўнай меры. Я думаю, вы маеце рацыю. Папярэднія захады, якія былі нацэленыя на кіроўную эліту, мелі вельмі абмежаванае ўзьдзеяньне.

Карацей, Эўразьвяз і Захад наагул цяпер аказаліся перад вельмі цяжкім пытаньнем – як цяпер паводзіць сябе ў адносінах да Беларусі. Я спадзяюся, што нейкі дыялёг будзе ўсё ж адноўлены. Гэта выснова, якая даецца вельмі цяжка, бо мы ўсе ведаем, што адбываецца пасьля 19 сьнежня. Але я ня бачу магчымасьці, каб адны санкцыі займелі нейкі моцны ўплыў на Менск.

Не забывайма, аднак, што і Беларусь патрабуе Эўразьвяз, бо, па першае, Эўразьвяз стаў вельмі важным рынкам для беларускага экспарту. Па другое, Беларусь патрабуе Эўразьвяз як процівагу для Расеі. Нягледзячы на дамовы ад 10 сьнежня, беларуска-расейскія адносіны застаюцца вельмі праблематычнымі. Так што мне здаецца, што пасьля пэрыяду моцных заяваў, якія мы чулі цягам апошніх трох тыдняў, мы ўбачым нешта накшталт невялікай гнуткасьці з боку беларускага рэжыму, і я спадзяюся, што Эўразьвяз зможа пакарыстацца ёю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG