Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь ліста Халіп: "Не турбуйцеся: я не ў палоне, я проста набываю новы досьвед"


Заўтра – месяц ад моманту затрыманьня бальшыні апазыцыянэраў, абвінавачаных у нібыта "арганізацыі масавых беспарадкаў" 19 сьнежня ў Менску.

Нічога істотнага пра лёс арыштаваных дагэтуль ня высьветлілася. Бальшыня адвакатаў ад мінулага году ня могуць трапіць у сьледчы ізалятар КДБ да падабаронных, толькі днямі родныя некаторых зьняволеных атрымалі ад іх першыя кароткія лісты.

За апошнія дні блізкія паводле зьместу лісты атрымалі родныя экс-кандыдатаў у прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і Ўладзімера Някляева, лідэра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, а таксама журналістак Натальлі Радзінай і Ірыны Халіп. Надзея Максімаўна, маці Натальлі Радзінай, кажа, што нічога істотнага ў запісцы няма — здароўе нармальнае, ежа таксама:
там жа зьмест нават падобны ўва ўсіх...

"Ну дык гэта ж зразумела, што ўсё пад кантролем, там жа зьмест нават падобны ўва ўсіх. Але і тое добра, бо больш зьвестак ніякіх. Сёньня нібыта адвакатка павінна была яе ў ізалятары наведаць, прынамсі зьбіралася ісьці, але ж ня факт, што чарга дойдзе".

Карэспандэнт: "Практычна месяц ад затрыманьня мінуў, цяжка гэтак жа?"

"Ведаеце, цяпер неяк крыху акрыяла, але адразу было ой як цяжка. Цяжка і страшна, вядома".

Крыху больш удалося напісаць Ірыне Халіп. Маці Люцына Юр'еўна ліст ад дачкі атрымала сёньня:
я не ў палоне, я проста набываю новы досьвед ...

"Піша, што ўсё добра, не турбуйцеся пра мяне, спадзяюся на хуткую сустрэчу, што бібліятэка там "вельмі добрая" і яна чытае шмат. Натуральна, цікавіцца сынам, Данікам: што ён робіць, што мы яму сказалі пра яе адсутнасьць? Хоць я пра гэта ёй і пісала, відаць, не атрымала наш ліст. Я ў ім пісала, што мы сказалі: ты зьехала далёка, але хутка прыедзеш. Ну і яшчэ напісала: "Не турбуйцеся, я не ў палоне, я проста набываю новы досьвед". Аптымізм — не аптымізм, але ж мы таксама пішам, што ўсё добра, мы сябе добра адчуваем і Даня вясёлы. Вы ж разумееце, што трэба такім чынам адзін аднаго падтрымліваць. Вядома, я ўжо была шчасьлівая, што атрымала такі ліст, бо колькі дзён прайшло, а ні адвакат ня бачыў, ніхто ня бачыў".

У сям'і Халіп яшчэ адна радасная навіна — пасьля складанай апэрацыі на вачах выйшаў са шпіталя бацька Ірыны Ўладзімер Трафімавіч. А ў другой палове дня бацькі Ірыны чакаюць інспэктараў, якія хочуць на ўласныя вочы паглядзець на ўмовы жыцьця Даніка, якога ўлады на час пазбавілі бацькоў.

Разам з тым адвакаты нічога ня могуць супрацьпаставіць сыстэме і ад сваіх падабаронных па-ранейшаму ізаляваныя. Павел Сапелка, абаронца Андрэя Саньнікава, спадзяецца на тое, што, магчыма, больш яму пашчасьціць у дзень, калі споўніцца месяц ад дня зьняволеньня:

"Сёньня дакладна нічога не атрымаецца, а заўтра, 19-га, думаю, можа ёсьць сэнс зрабіць дэмарш, паспрабаваць туды зайсьці…"

Напярэдадні сваякі некаторых палітзьняволеных наведалі амбасаду Вялікай Брытаніі ў Менску і сустрэліся з брытанскай амбасадаркай Розмары Томас. Жанчыны расказалі кіраўніцы дыпмісіі пра абуральны ліст беларускай амбасады ў Лёндане, які тыражуе хлусьлівыя сьведкі пра "курортныя ўмовы" ўтрыманьня вязьняў у КДБ. Гаворыць Вольга Бандарэнка, жонка Дзьмітрыя Бандарэнкі, даверанай асобы Андрэя Саньнікава:

"Расказалі, як выступіў беларускі амбасадар у Вялікай Брытаніі пра "курортныя" ўмовы ўтрыманьня нашых блізкіх. У першую чаргу мы і запісаліся пасьля таго выступу на прыём, каб дыпляматы атрымалі поўную інфармацыю ад нас саміх".

Адносна фізычнага і маральнага стану мужа Вольга ніякай інфармацыяй не валодае:
Мне хоць бы адна вестка прыйшла, я была б шчасьлівая ...

"Як даведалася, што ад Іры Халіп сёньня прыйшоў ліст, дык зьбегала праверыла паштовую скрыню, але марна. Ад 29 сьнежня ніякіх зьвестак. Увогуле ніхто з адвакатаў проста так, бяз допытаў, ніводнага разу туды ня трапіў. Але хоць лісты пачалі прыходзіць — відаць, толькі тыя, у якіх усё вычышчана, дзе нічога няма крымінальнага. Лепей бы выкрэсьлівалі, але каб лісты даходзілі. Думаю, якраз пасьля таго, як пайшла шуміха ў прэсе, пайшлі апошнія лісты, і то нейкая радасьць. Мне хоць бы адна вестка прыйшла, я была б шчасьлівая. Гэта ж натуральна, што яны там пішуць і дасылаюць. Але ж і нашы лісты туды не даходзяць. Прынамсі, яшчэ ніхто не пацьвердзіў, што атрымаў ліст з дому. Нават тыя, да каго адвакаты траплялі на допыты пазьней, казалі, што лісты з дому не даходзяць".

Сёньня 30 дзён з таго моманту, як у ізалятары КДБ абвясьціў галадоўку экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч. Аднак ніякай інфармацыя пра тое, як працяглая галадоўка адбілася на здароўі палітыка, няма. Паплечнікі Статкевіча і яго адвакат ад мінулага году нічога пра яго стан ня ведаюць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG