Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Беларускай партыі левых "Справядлівы сьвет" Сяргей Калякін пастаўлены на прафіляктычны ўлік у КДБ, паведамляе сайт Аб’яднаных дэмакратычных сілаў www.udf.by.

Палітыку заявілі, што ў яго дзеяньнях знойдзеная пагроза інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь, а таксама што яны могуць прывесьці да злачынстваў супраць Беларусі, дыскрэдытацыі краіны і яе ўлады. Шкоду інтарэсам нацыянальнай бясьпекі, паводле КДБ, наносіць у тым ліку і выніковая справаздача кампаніі "За справядлівыя выбары", а таксама інтэрвію палітыка і іншыя яго выступы ў прэсе.

Лідэр партыі "Справядлівы сьвет" пастаноўку на прафіляктычны ўлік зьвязвае са сваёй палітычнай дзейнасьцю:

«Гэта, безумоўна, спроба зрабіць ціск на мяне з прычыны таго, што я маю свае перакананьні, свае погляды на тое, што адбываецца ў краіне. Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, я маю права выказваць гэтыя перакананьні, адстойваць іх, выказваць меркаваньні і заўвагі па пытаньнях дзейнасьці дзяржаўных органаў і аб тым, што адбываецца ў рэспубліцы, - заявіў палітык сайту udf.by. - Такая форма ўзьдзеяньня накіравана на тое, каб я адмовіўся ад сваіх перакананьняў альбо ад сваёй палітычнай дзейнасьці».

Пастаноўка на ўлік не павінна пацягнуць абмежаваньня грамадзянскіх правоў, распавёў Сяргей Калякін. У законе пазначана, што не парушаецца тайна перапіскі, свабода руху і выбару месца жыхарства грамадзяніна. Праўда, толькі ў тым выпадку, калі гэта не абумоўлена іншымі заканадаўчымі актамі.

«Я думаю, што могуць быць прыняты іншыя абмежавальныя меры ў дачыненьні да мяне», - сказаў Сяргей Калякін. Ён дадаў, што цяпер кансультуецца зь юрыстамі аб магчымасьці аспрэчыць пастанову.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG