Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачаньне ў тым, што Нямеччына дапамагала рыхтаваць дзяржаўны пераварот у Беларусі, абсалютна абсурднае і беспадстаўнае, заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Нямеччыны Андрэас Пэшке 17 студзеня ў Бэрліне.

Як паведамляюць нямецкія СМІ, Пэшке зазначыў, што гэтае абвінавачаньне вылучыў не "афіцыйны беларускі бок", а "орган беларускай прэсы".

14 і 15 студзеня дзяржаўная газэта "Советская Белоруссия" апублікавала першыя дзьве часткі артыкула "За кулісамі адной змовы", у якой разьмешчаны перададзеныя па ўказаньні Аляксандра Лукашэнкі "некаторыя рассакрэчаныя дакумэнты пра падзеі 19 сьнежня". 15 студзеня гэтыя ж матэрыялы перадрукавалі іншыя дзяржаўныя газэты краіны — "Рэспубліка", "Звязда" і "Народная газета".

"Няма ніякіх сумненьняў, што да падзей 19 сьнежня прыклалі руку найперш спэцслужбы Польшчы і Германіі, якія сплянавалі і арганізацыйна аформілі грамадзянскую кампанію "Гавары праўду!", якую ўзначальваў экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў, якая паводле пляну павінна была стаць "новай апазыцыйнай сілай", здольнай зьмяніць уладу ў краіне", — гаворыцца ў матэрыяле.

"Палігонам для арганізацыйнага фармаваньня сілы, здольнай зьмяніць у Беларусі законную ўладу, стала Польшча. Там былі створаныя спэцыяльныя трэніровачныя лягеры для "актывістаў", там рыхтаваўся будучы кіраўнічы кляс, там узгадняліся асноўныя зьнешнепалітычныя рашэньні з прыцягненьнем дыпляматычнага корпусу", — падкрэсьліваецца ў артыкуле.

Згодна з публікацыяй, спонсарамі грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" "зьяўляліся прадстаўнікі дзяржаўнай структуры Рэспублікі Польшча (МЗС Польшчы)".

Як паведамляла прэс-служба польскага МЗС, 14 студзеня ў зьнешнепалітычнае ведамства ў Варшаве быў выкліканы беларускі пасол Віктар Гайсёнак, якому быў выказаны пратэст "у сувязі з абсурднымі сьцьвярджэньнямі ў артыкуле".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG