Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выходзіць з турмы Місюкевіч. Ці апошні ён адміністрацыйны арыштант?


Сёньня а 17-ай гадзіне заканчваецца тэрмін адміністрацыйнага арышту моладзевага актывіста Юльяна Місюкевіча, пакаранага за ўдзел у мітынгу 19 сьнежня. Праваабаронцы, аднак, не выключаюць, што камэры турмы на Акрэсьціна маглі за мінулыя дні папоўніцца новымі адміністрацыйна арыштаванымі.

У адной камэры зь Юльянам Місюкевічам на Акрэсьціна сядзеў Міхась Пашкевіч. 11 студзеня Пашкевіч выйшаў на волю пасьля 15 дзён арышту. Актывіст падзяліўся сваімі меркаваньнямі, чаму ў ізалятар за удзел ў мітынгу зьмяшчалі яшчэ і праз шмат дзён пасьля падзеі.

"Я вось зараз выйшаў і паглядзеў, каго яны яшчэ пабралі. І вырашыў, што з большага яны ўзялі ўсіх, хто нешта рабіў. Цягам апошніх дзён, пасьля 19-га, яны выкалупвалі усіх запар. І калі літаральна ўчора да нас ў камэру прывезьлі апошняга, Юльяна Місюкевіча, я зразумеў, што спыняцца яны не зьбіраюцца. Махавік там запушчаны вельмі надоўга".

Паводле Міхася Пашкевіча, Юльян Місюкевіч трымаўся ў вязьніцы прыстойна, мужна пераносіў цяжкасьці, зьвязаныя са знаходжаньнем у цеснай камэры пад трывалым кантролем канваіраў. "Відаць, першыя два-тры дні самыя цяжкія. Потым адаптуесься і ужо не асабліва зьвяртаеш увагі на тыя рэчы, якія на волі падаюцца неверагоднымі. Спадзяюся, Юльян таксама адаптаваўся хутка", – казаў Міхась Пашкевіч.

Пэўны час на мінулым тыдні праваабаронцы лічылі, што Юльян – апошні з адміністрацыйна арыштаваных за 19 сьнежня. Зараз праваабаронца Наста Лойка не выключае, што ў вязьніцу зьмясьцілі яшчэ некага ў гэтай справе.

"У нас ёсьць зьвесткі, што аднаго з тых, каго дапытвалі ў КДБ, потым адвезьлі на Акрэсьціна. Але мы дакладна ня ведаем, хто гэта і на які тэрмін. Гэта інфармацыя з суду, такая ўскосная. Зь іншых каналаў паспрабавала яе праверыць, пакуль інфармацыі няма. Але такі факт мае месца і, мяркую, з часам мы гэта высьветлім".

У канцы мінулага тыдня праваабаронцы паведамлялі, што ў ізалятар на Акрэсьціна на 3 дні зьмясьцілі Дзьмітрыя Буланава. Зараз ёсьць пэўныя зьвесткі, што юнаку выстаўленае папярэдняе абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня і з турмы на Акрэсьціна ён зьмешчаны ў ізалятар на Валадарскага.
XS
SM
MD
LG