Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17 cтудзеня жонка палітзьняволенага, былога кандыдата ў прэзыдэнты, паэта Ўладзімера Някляева Вольга атрымала першы ліст ад мужа. Адвакаты зноў ня трапілі да свайго падабароннага. А канал ОНТ выразаў фрагмэнты з сынхронам Някляева з дакумэнтальнага фільму пра Ўладзімера Мулявіна.

Ліст ад Някляева датаваны 12 студзеня. Лісты, якія спадар Някляеў пісаў раней, да Вольгі так і не дайшлі. Хоць адвакатка Тамара Сідарэнка, якая сустракалася са сваім падабаронным яшчэ 29 сьнежня, казала, што лісты ён пісаў і адправіў яшчэ да Новага году 7 лістоў да жонкі.

Пра зьмест ліста распавядае Вольга Някляева:

«У мяне ўсё добра…» Ну што ён мог яшчэ напісаць? Ён жа ў нас ніколі ня скардзіцца ні на што. Ну тут акрамя асабістага, што ён мне піша, напісаў пра перадачы. Ён напісаў пра кіпяцільнік і манікюрныя нажнічкі, якія я ўжо даўно перадавала, два тыдні таму. Але атрымліваецца, што іх ён так і не атрымаў. Ён просіць сала і сухафруктаў. А гэтыя прадукты з 31 сьнежня забаронена перадаваць у СІЗА КДБ. Атрымліваецца, што ім не паведамілі, што нельга перадаваць. А яны ўсе просяць… Яшчэ падумаюць, што мы шкадуем…
Ён просіць сала і сухафруктаў. А гэтыя прадукты з 31 сьнежня забаронена перадаваць у СІЗА КДБ. Атрымліваецца, што ім не паведамілі.

Яшчэ насьцярожыла і фраза: «Мне паабяцалі, што возьмуць перадачу і ад цябе». Што значыць, што паабяцалі? Я ж нашу перадачы рэгулярна. Гэта фраза мяне наводзіць на думку, што, можа, яны ня ўсё атрымліваюць, што мы перадаем«.

Ліст на адной старонцы з агульнага сшытку. Напісаны, у адрозьненьне ад вершаў, дзе цяжка разабраць почырк, вельмі разборліва і старанна, паведаміла Вольга.

А вось адвакатаў да Някляева зноў не дапусьцілі. Тамара Сідарэнка бачыла свайго падабароннага падчас допыту 29 сьнежня.

Вольга Някляева напісала скаргі кіраўнікам КДБ, Міністэрства юстыцыі, Менскай гарадзкой пракуратуры і Менскага гарадзкога суду з патрабаваньнем забясьпечыць права на абарону ейнаму мужу.

А з тэлевізійнага фільму «Горкае шчасьце песьняра», што паказвалі па ОНТ 12 студзеня да 70-годзьдзя Уладзімера Мулявіна, цэнзура выразала тры фрагмэнты з Уладзімерам Някляевым. Прычым абсалютна бяскрыўдныя: адзін пра ідэолягаў КПСС, якія падумалі, што няхай моладзь лепш слухае «Песьняроў», чым «Бітлз», другі пра патрабавальнасьць Мулявіна, а трэці — пра любоў да беларускай мовы:

«Я яму неяк сказаў: «Слухай, Муль, ты, можа, сам і не разумееш, але ты зрабіў для беларускай мовы тое, што Гогаль для ўкраінскай. Вось гэты калярыт мовы, яе водар Гогаль прынёс у Расею, а тут Мулявін…»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG