Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці дазволяць бацькам Ірыны Халіп апекавацца ўнукам Данікам?


Ірына Халіп

Ірына Халіп

Маці журналісткі Ірыны Халіп Люцына Юр’еўна Бяльзацкая падрыхтавала ўсе неабходныя мэдычныя дакумэнты для афармленьня апекі над сваім 3-гадовым унукам Данікам. Афармляць апеку спатрэбілася, бо Ірына Халіп і Андрэй Саньнікаў знаходзяцца за кратамі. Лёс хлопчыка днямі павінны вырашыць дзяржаўныя органы адукацыі.

Мэдычную камісію на права апекі над сваім унукам Люцына Бяльзацкая праходзіла разам з Данікам — у хлопчыка не было даведак, што ён не цярпіць на СНІД ды іншыя падобныя захворваньні, кажа Люцына Юр’еўна:

«Мы здалі зь ім аналізы такія: бралі зь вены кроў у хлопчыка на СНІД, гэпатыт і пранцы. А пасьля высьветлілася, што ў паліклініцы няма яшчэ аднаго спэцыяліста — псыхіятра, і я мусіла везьці яго ва Ўручча, каб прайсьці яшчэ і псыхіятра. А я прайшла абсьледаваньне, што не наркаманка, не алькагаліца, што я дзеяздольная. Нейкія тэсты праходзіла для дурных — усё гэта я прайшла і зараз малюся, каб усё было добра».

Для юрыдычнага замацаваньня права апекі над хлопчыкам дом ягоных бацькоў павінна абсьледаваць адмысловая дзяржаўная камісія, якая і прыме рашэньне, ці створаныя ўсе неабходныя ўмовы для пражываньня дзіцяці. Дзядуля Даніка, бацька Ірыны, драматург Уладзімер Халіп ня мае пэўных спадзяваньняў на канчатковы вынік:

Уладзімер Халіп
«Хіба можна даваць нейкія прагнозы, як яны разгледзяць гэтыя паперы і гэтае пытаньне? Ці не адбудзецца нейкага тэлефанаваньня аднекуль — і ўсё гэта будзе адменена. Калі ў краіне ня дзейнічае закон, то пра што можна казаць увогуле і чаго можна чакаць? Мы будзем абараняць Даньку і будзем рабіць усё магчымае, каб ён застаўся з намі і нічога дрэннага не адбылося».

Працэдура юрыдычнага афармленьня апекі над непаўналетнім распрацаваная гэткім чынам, што нечаканасьці могуць здарацца ў самых неспадзяваных момантах, кажа сябра праваабарончай арганізацыі «Беларускі хэльсынскі камітэт» Тацьцяна Процька:

«Дзяржаўная камісія павінна высьветліць, ці створаныя ўмовы для пражываньня дзіцяці. І тут фантазіі чыноўнікаў сыстэмы адукацыі нічым не абмежаваныя. І яшчэ адна сытуацыя ў выпадку Ірыны Халіп і Андрэя Саньнікава. У нас жа ёсьць дэкрэт № 18, паводле якога, калі дзяржава бярэ на сябе апеку над дзіцем, то затым спаганяе грошы за гэта з бацькоў. І калі дзяржава будзе выплочваць грошы на ўтрыманьне Даніка, то ці ня будуць гэтыя грошы спагнаныя з Ірыны і Андрэя? Такой сытуацыі яшчэ не было. Але небясьпека такая ёсьць».

Дзяржаўная камісія ў пытаньні апекі над 3-гадовым Данікам наведае кватэру Ірыны Халіп і Андрэя Саньнікава ў аўторак 18 студзеня. Канчатковае рашэньне пра апеку над хлопчыкам будзе прынятае да канца гэтага месяца.
XS
SM
MD
LG