Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газэта адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі «Советская Белоруссия» надрукавала сьпіс асобаў, якія нібыта штурмавалі Дом ураду 19 сьнежня. У сьпісе 21 прозьвішча, у тым ліку актывісты дэмакратычных арганізацый і людзі, якія раней мелі праблемы з крымінальным заканадаўствам. Праваабаронцы лічаць гэтае суседзтва невыпадковым.

Павал Вінаградаў
Надрукаваны ў мінулую суботу ў газэце «Советская Белоруссия» сьпіс тых, хто нібыта штурмаваў Дом ураду 19 сьнежня, пачынаецца з імя актывіста кампаніі «Гавары праўду» Паўла Вінаградава. Згадваю, як бачыў Паўла на пікетах за кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Гэта Вінаградаў першым правёў марозную ноч у намёце каля ГУМу. Потым ён стаяў у пікеце каля ін’язу, па-беларуску агітуючы студэнтаў, якія вывучаюць замежныя мовы, галасаваць за знакамітага паэта. Паводле «СБ», Павал Вінаградаў з малатком граміў шкляныя дзьверы Дома ўраду. Павал Юхневіч, таксама актывіст «Гавары праўду», характарызуе Вінаградава як чалавека, які «заўсёды гатовы дапамагчы і нават ахвяраваць сабой дзеля справы»:

«Збольшага тую хлусьню, якую піша „СБ“, камэнтаваць не асабліва варта. Я асабіста ня веру, што Паша бегаў з малатком і біў ім міліцыянтаў».

Акрамя кампаніі «Гавары праўду», якая агітавала за Ўладзімера Някляева, у сьпісе «СБ» фігуруюць моладзевыя арганізацыі «Зубр», «Малады фронт» і рух «За свабоду». Назіральнікі адзначаюць, што «Зубр» ужо некалькі гадоў як сышоў з палітычнай сцэны, а «Малады фронт» так і ня быў зарэгістраваны, і ягоныя актывісты дапамагалі самым розным кандыдатам. Адзіны ў сьпісе актывіст руху «За свабоду» Мікіта Ліхавід сапраўды браў удзел у працы арганізацыі, пацьвердзіў адзін з кіраўнікоў руху Юрась Губарэвіч. Паводле Губарэвіча, Ліхавід дапамагаў жыхарам менскага мікрараёну Ўручча, якія скардзіліся на незаплянаваную будоўлю ў іхнім раёне жылога дома для амапаўцаў. А вось «СБ», пішучы пра Ліхавіда, згадвае, што Мікіта ўдзельнічаў у сэмінары ў Літве, які арганізоўваў швэдзкі фонд «SILKA». Што ў гэтым дрэннага? — дзівіцца Юрась Губарэвіч:

Мікіта Ліхавід
«Навучальных праграмаў праводзяць дзесяткі за год, яны ня носяць ніякага экстрэмісцкага характару. Гэта праграмы па правах чалавека, па працы няўрадавых арганізацый. Ня бачу тут ніякай праблемы, калі ён нават і браў удзел у такіх сэмінарах».

Паводле зьвестак «СБ», актывіст «Маладога фронту» Алег Гнедчык, які таксама фігуруе сярод захопнікаў Дома ўраду, раней праходзіў нібыта «баявую падрыхтоўку» ў лясным лягеры ў Заходняй Украіне. Актывіст Павал Юхневіч наконт падрыхтоўкі баявікоў ня згодны:

«Гэта нармальныя моладзевыя летнікі, там ня вучаць страляць, гэта нармальнае навучаньне моладзі на грунце нацыянальных каштоўнасьцяў».

Праваабаронца Наста Лойка заўважыла такую дэталь: «СБ» піша, што 21 чалавек са сьпісу падпадаюць пад 293-ы артыкул, але называе гэты артыкул «арганізацыя масавых беспарадкаў», хоць паводле КК ён называецца проста «масавыя беспарадкі». Таксама праваабаронца адзначае парушэньне прэзумпцыі невінаватасьці — пра асоб, якія фігуруюць у сьпісе, сказана, што яны нібыта «білі шкло, наносілі ўдары супрацоўнікам праваахоўных органаў, заклікалі натоўп», аднак ці гэта праўда, можа вызначыць толькі суд. Яшчэ Наста Лойка адззначае, як шмат увагі ў сьпісе «СБ» аддаецца крымінальнаму мінуламу некаторых удзельнікаў падзей. Паводле праваабаронцы — гэта невыпадкова:

«Прыкладам, там у сьпісе ёсьць такі чалавек — Апішчаў Дзьмітрый, які быў на плошчы, але далёка ад Дома ўраду. Ён адбыў 12 сутак арышту. Ён ня меў ніякага дачыненьня да беспарадкаў каля дзьвярэй Дома ўраду. Але, я мяркую, яго ўключылі ў гэты сьпіс і прынялі пастанову аб прызнаньні яго падазроным толькі таму, што ў яго раней былі судзімасьці. Ім, відаць, трэба ствараць агульны малюнак, што сярод актывістаў шмат людзей, якія трывала парушалі закон».

Назіральнікі заўважылі і такі момант: пра жыхара Слуцку Ўладзімера Хамічэнку, які фігуруе ў сьпісе «СБ» пад нумарам 6, газэта чамусьці ня згадвае, што ён былы крымінальнік, хаця гэта раней пацьвердзілі афіцыйныя крыніцы і тыя, хто сядзеў з Хамічэнкам у адной камэры ў Жодзінскім ізалятары. Уладзімер Хамічэнка ў інтэрнэце атрымаў мянушку «навушнік» за тое, што, паводле відэаздымкаў, падчас беспарадкаў перагаворваўся з кімсьці праз схаваны ў рукаве паліто мікрафон. «Хамічэнка ня быў актывістам ніводнай няўрадавай арганізацыі, таму ўладзе і нявыгадна прызнаваць яго за крымінальніка, бо гэта б разбурала патрэбную ўладам вэрсію пра брутальныя паводзіны менавіта апазыцыі», — мяркуюць праваабаронцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG