Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Палітвязьні – у камэрах, адвакаты – у чэргах


Тры тыдні новага году адвакаты бальшыні абвінавачаных у "арганізацыі масавых беспарадкаў" у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня ня могуць трапіць да сваіх падабаронных. Скаргі юрыстаў з боку кіраўніцтва КДБ і МУС ігнаруюцца на ўсіх узроўнях.

Вольга Някляева напісала скаргі кіраўнікам КДБ, Міністэрства юстыцы, Менскай гарадзкой пракуратуры і Менскага гарадзкога суду з патрабаваньнем забясьпечыць права на абарону былому кандыдату ў прэзыдэнты, ейнаму мужу Ўладзімеру Някляеву. Ад канца мінулага году адвакатам палітыка ня даюць магчымасьці зь ім сустрэцца. Пытаньне аб спатканьні Някляева з жонкай нават не абмяркоўваецца.

Аналягічная сытуацыя і зь іншымі экс-прэтэндэнтамі на вышэйшую дзяржаўную пасаду. Андрэй Саньнікаў, Мікола Статкевіч і Аляксей Міхалевіч утрымліваюцца ў поўнай ізаляцыі. Інфармацыю пра іх стан сваякі зьбіраюць з выпадковых крыніц. Маці Андрэя Саньнікава, Але Ўладзімераўне, пашчасьціла хоць бы атрымаць кароткае паведамленьне ад сына. Дарэчы, кароткі ліст амаль аналягічнага зьместу дайшоў і родным рэдактаркі сайту "Хартыя-97" Натальлі Радзінай. Гаворыць Ала Саньнікава:
Радуесься ўжо таму, што хоць нешта прыйшло ...

"У першы момант я ўзрадавалася, што ўвогуле атрымала вестку, што хоць жывы. Бо почырк — сынаў, тут нічога сказаць не магу. Але як там адносна здароўя, агульнага стану — сказаць цяжка. Да гэтага мне адвакат казаў, што Андрэй даслаў чатыры лісты, але ж ніводнага я не атрымала. А гэты яўна самы сьвежы, ад 12 студзеня. Атрымала, праўда, толькі 15-га. Дзе тыя — хто яго ведае. Напэўна, штосьці большае напісаў, што нікуды не пайшлі. А тут літаральна пару радкоў: усё нібыта нармальна, наконт харчаваньня таксама нешта незвычайнае. Ну і далей, што трэба перадаць. Вось практычна і ўсё. Я і сама крыху задумалася, бо ёсьць некалькі момантаў, пра якія павінен быў бы напісаць... Але ж, ведаеце, я ўпершыню ў такой сытуацыі, таму мне цяжка меркаваць, што там і як. Радуесься ўжо таму, што хоць нешта прыйшло".

Няма пэўнасьці вакол Міколы Статкевіча, які яшчэ 20 сьнежня абвясьціў галадоўку. Нейкіх сьведчаньняў, што яна спыненая, няма. Лістоў на волю ад Статкевіча не было, адваката да палітыка не дапускаюць.

Іншы экс-кандыдат у прэзыдэнты Дзьмітрый Вус, які выбарчую кампанію праводзіў у зьвязцы са Статкевічам, кажа, што ніякіх новых зьвестак пра паплечніка не паступае:

Дзьмітрый Вус
"Ён цалкам ізаляваны сядзіць у турме — адвакатаў не пускаюць, лістоў слаць не даюць, таму зьвестак няма. Спадзяваньне на тое, што зьбярэцца Эўрапарлямэнт і хоць крыху справу страсянуць, бо павінна ж быць адэкватная рэакцыя на ўсе гэтыя падзеі… Што да мяне, то пакуль больш-менш спакойна. Праўда, па дробязях дастаюць: зь міліцыі тэлефануюць, відаць, спрабуюць родных з каляіны выбіць".

Карэспандэнт: "Перад выбарамі ваша жонка чакала дзіця, усё ў парадку?".

"Так, сын нарадзіўся, 3500 важыць. 10 студзеня зьявіўся, якраз сёньня тыдзень. Таму клопатаў з усіх бакоў дадалося. Не высыпаюся катастрафічна".

Алег Агееў, адвакат Алеся Міхалевіча, кажа, што ў сваёй практыцы ня памятае выпадку, каб з такімі складанасьцямі даводзілася выбіваць сустрэчы з абвінавачанымі. Праўда, адрозна ад іншых, сёлета яму ўдалося мець кароткае спатканьне з экс-кандыдатам, калі таго зь незразумелых прычын вырашылі перавесьці са сьледчага ізалятара КДБ у міліцэйскі ізалятар на вуліцы Валадарскага. Аднак пасьля такога ж нечаканага вяртаньня ў "амэрыканку" доступ да Міхалевіча зноў закрыты:
Заняў чаргу і чакаю, пакуль дойдзе мая ...

"Раблю спробы, чакаю, што неўзабаве чарга зрушыцца зь мёртвай кропкі. Заняў чаргу і чакаю, пакуль дойдзе мая. Але, наколькі ведаю, нікога па-ранейшаму не пускаюць. Адпаведна, і мая чарга таксама ня рухаецца. Паводле маіх зьвестак, па гэтай справе нікога ў сьледчы ізалятар не пусьцілі. Прынамсі з тых калегаў, зь якімі я кантактую і хто абараняе па гэтай крымінальнай справе, ніхто ня трапіў. Гэта менавіта што тычыцца ізалятара КДБ. Тыя, чые падабаронныя знаходзяцца на Валадарскага, да іх трапляюць. Такія праблемы толькі ў ізалятары КДБ. Чаму — ня ведаю".

Карэспандэнт: "Можна казаць, што сытуацыя зь нядопускам да падабаронных беспрэцэдэнтная?"

"Не магу ўсё на сябе ўзяць, каб ацэньваць прэцэдэнтнасьць ці беспрэцэдэнтнасьць сытуацыі. Але, прынамсі, мне невядома, каб нешта падобнае здаралася раней…"

Нагадаем, што абвінавачанымі за нібыта арганізацыю масавых беспарадкаў падчас апазыцыйнай акцыі 19 сьнежня праходзіць 31 чалавек, уключна зь пяцёркай былых кандыдатаў у прэзыдэнты. Яшчэ больш за два дзясяткі чалавек, сярод якіх экс-кандыдаты Рыгор Кастусёў і Дзьмітрый Вус, маюць статус падазраваных, і ў любы момант іх могуць прыцягнуць да адказнасьці. Максымальная санкцыя па згаданым артыкуле Крымінальнага кодэксу прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
XS
SM
MD
LG