Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусь Севярынец адказвае Паўлу Якубовічу


Кастусь Севярынец

Кастусь Севярынец

Бацька зьняволенага ў СІЗА КДБ Паўла Севярынца камэнтуе артыкул “За кулісамі адной змовы”, які часткамі выходзіць у газэце “Советская Белоруссия”. З рэдактарам гэтага выданьня Кастусь Севярынец знаёмы асабіста, але цяпер кажа: “Я больш ніколі не падам рукі гэтаму чалавеку”.

Журналіста Кастуся Севярынца асабліва абурыла надрукаванае ў “СБ” сьцьверджаньне, што Павал Севярынец “настойліва патрабаваў прыходзіць на плошчу з ломікамі, каб выкалупваць плітку і закідваць АМАП”.

“Павал ня можа адказаць на гэтую хлусьню, як і многія іншыя згаданыя ў артыкуле асобы, зьняволеныя сёньня ў СІЗА КДБ. Таму за сына адкажу я. Мой сын дачыненьня да “змовы”, пра якую піша “Советская Белоруссия”, ня мае. Таму згадваць у такім артыкуле ягонае імя – гэта верх подласьці! І цяпер ня мае вялікага значэньня, ці пісаў “За кулісамі адной змовы” Павел Якубовіч асабіста, ці ён выйшаў зь ягонай рэдактарскай згоды – усё адно гэта паклёпніцтва і подласьць”, – заўважае бацька палітыка.
Да гэтага артыкулу Павел Якубовіч не пераходзіў апошняй мяжы чалавечай прыстойнасьці...


З Паўлам Якубовічам Кастусь Севярынец знаёмы асабіста. Але ў свой час ён катэгарычна адмовіўся працаваць пад Якубовічавым кіраўніцтвам у газэце “Советская Белоруссия”, дзе да 1995 году быў уласным карэспандэнтам па Віцебскай вобласьці.

“З тае пары прайшло шмат часу, і даводзілася неаднойчы сустракацца, і мы абодва ўсьведамлялі, што знаходзімся па розныя бакі барыкадаў, але да гэтага артыкулу Павел Якубовіч не пераходзіў апошняй мяжы чалавечай прыстойнасьці. Калісьці я падаваў яму руку, якая мне цяпер пячэ! Я больш ніколі не падам рукі гэтаму чалавеку”, – гаворыць Кастусь Севярынец.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG