Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У бялыніцкага актывіста супрацоўнікі КДБ шукалі грошы


На кватэры бялыніцкага актывіста Мікалая Мяцеліцы супрацоўнікі КДБ правялі ператрус. Ён доўжыўся больш за гадзіну. Як кажа актывіст камітэтчыкі прыехалі за ім на працу. Заявілі, што калі ён адмовіцца паехаць зь імі, яны выкарыстаюць супраць яго сілу.

Вобыск праводзіўся ў межах расьсьледаваньня крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19-20 сьнежня.

Мяцеліца: "Ажыцьцяўлялі ператрус супрацоўнікі КДБ Брыль і Кузьмянкоў. Двух панятых яны прывезьлі з сабою. Забралі сыстэмны блёк кампутара, 5 флэш-картак. Доўга перабіралі агітацыйную атрыбутыку Някляева, ягоныя кніжкі – аднак вырашылі гэта не забіраць. У пастанове аб вобыску была фраза, што ў мяне нібыта павінны быць буйная сума грошай".

Падчас перадвыбарчай кампаніі Мікалай Мяцеліца быў сябрам ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева. Арганізоўваў і праводзіў у райцэнтры агітацыйныя мерапрыемствы кандыдата ў прэзыдэнты. Зьбіраў подпісы ў ягоную падтрымку.

На Магілёўшчыне сёньня акрамя Мікалая Мяцеліцы ператрусы адбыліся на кватэрах старшыні абласной арганізацыі Зьмітра Салаўёва і бабруйскай каардынатаркі штабу Някляева Алены Мядзьведзева. 13 сьнежня адбыўся ператрус у даверанай асобы Някляева, магілёўскага актывіста Ігара Каваленкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG