Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы зьбіраюць сродкі для падтрымкі сям’і Мікалая Разумава


Мікалай Разумаў — колішні лідэр рабочага руху з Воршы — адбывае пакараньне за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Ён быў асуджаны за гэта яшчэ ў 2006-м годзе, але ў спэцустанову яго скіравалі толькі ў лістападзе 2010-га. Афіцыйную даведку пра месца знаходжаньня мужа ягоная жонка увогуле атрымала толькі сёлета 14 студзеня.

Як паведамляе аршанскі незалежны сайт orsha.eu, сям’я былога лідэра, які ў 1991-м годзе арганізаваў масавы страйк і вывеў аршанскіх рабочых на рэйкі з патрабаваньнем глябальных эканамічных рэформаў у дзяржаве, зараз апынулася ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Жонка Мікалая Разумава не працуе — даглядае чатырохмесячнае дзіця, ужо 4-е ў гэтай сям’і. Толькі 14-га студзеня ёй даслалі даведку, што яе муж з 9 лістапада адбывае пакараньне паводле рашэньня аршанскага суду ад 15 чэрвеня 2006 году.

Грамадзкія актывісты ў Воршы арганізавалі збор сродкаў для падтрымкі сям’і былога рабочага лідара, якога суд абвінаваціў у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку. Паводле зьвестак з атрыманай жонкай даведкі, Мікалай Разумаў знаходзіцца на «хіміі» ў Віцебску — ва ўстанове адкрытага тыпу № 11.

На тры гады «хіміі» ён быў асуджаны за выступ падчас мінулай прэзыдэнцкай кампаніі — на сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з аршанскімі выбарцамі 24 лютага 2006 году. Тады спадар Разумаў заявіў, што Аляксандар Лукашэнка мае дачыненьне да забойства Віктара Ганчара і астатніх зьніклых палітыкаў. Аршанская пракуратура завяла з гэтай нагоды крымінальную справу і скіравала затрыманага актывіста на псыхіятрычную экспэртызу. Экспэртыза прызнала стан ягонай псыхікі нармальным, але Мікалая Разумава, які мае групу інваліднасьці, па стане здароўя на «хімію» тады так і не накіравалі.

Што зьмянілася цяпер, у аршанскім дэмакратычным асяродку не вядома. Напрыканцы 1990-х Мікалай Разумаў адышоў ад апазыцыйнай дзейнасьці і ўвогуле не праяўляў ніякай палітычнай актыўнасьці, калі не лічыць ягонага зьяўленьня на перадвыбарчай сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам. Аднак яго былая вядомасьць, мяркуюць мясцовыя дэмакратычныя актывісты, цалкам магла стацца прычынай таго, што колішні рабочы лідэр быў зноў залічаны ў шэраг «небясьпечных асобаў». І яго цяперашняе зьняволеньне напярэдадні апошніх прэзыдэнцкіх выбарах многія ў Воршы лічаць невыпадковым.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG